Лес — это зелёное золото, считает лесничий Сергей Класовский из Докшицкого района
Лес… Большасць з нас спяшаецца туды на адпачынак, за яго шчодрымі дарамі. А вось для людзей у зялёнай, колеру лесу, форме гэта месца працы.
Ляснічы Бягомльскага лясніцтва Сяргей Класоўскі безупынку і з вялікім натхненнем можа расказваць пра сваю прафесію, а менавіта пра лес, які ён лічыць жывой істотай, ніяк не менш. У гэтым пераканаліся не толькі пагутарыўшы з яго калегамі, а непасрэдна з ім самім.
– Пах смалы, які любіў яшчэ ў дзяцінстве, запомніўся назаўсёды, – прыгадвае Сяргей Іванавіч. – Яго нельга параўнаць ні з чым. І, паверце, ніякія там заморскія пальмы не будуць радаваць і саграваць душу так, як родныя сосны з ажурнымі кронамі, елачкі з пушыстымі лапкамі. Нездарма большасць санаторыяў у Беларусі будуецца менавіта ў хваёвых лясах. Дарэчы, наша Бягомльшчына на іх вельмі багатая.
Бягомльскае лясніцтва, калектыў якога Сяргей Класоўскі ўзначальвае ўжо сем гадоў, займае 10725 гектараў. Сярод васьмі лясніцтваў, што ўваходзяць у структуру Бягомльскага лясгаса, самае большае па плошчы.
– Наша галоўная задача – захаванне і стварэнне высокапрадукцыйных, устойлівых лясоў, – распавядае ляснічы. – Займаемся высечкай прамежкавага карыстання. Так, з пачатку года нарыхтавалі 3687 кубаметраў драўніны. На плошчы 40 гектараў правялі высечку па доглядзе за маладняком. Сёлета пасаджаны і пасеяны маладыя лясныя культуры на плошчы больш за 20 гектараў. Карыстаемся залатым правілам: што высеклі, тое і аднавілі.
Чалавек жыве хвіліннымі праблемамі, яго больш хвалюе сёлетні ўраджай, чым тое, ці будуць гаманіць праз стагоддзі лясы, бо гэта ж вельмі далёка. Для нас жа, занятых у лясной гаспадарцы, гэта клопат сённяшняга дня. Таму ў лясніцтве стараемся наладжваць цесныя стасункі са школьнікамі, якія актыўна дапамагаюць у пасадцы лесу, добраўпарадкаванні тэрыторыі. Ёсць і іншыя добраахвотныя памочнікі, і гэта радуе. Зараз ідзе падрыхтоўка глебы на лесасеках, якія вясной будуць засаджаны ляснымі культурамі. Лес – наша “зялёнае золата”, і мы прыкладаем усе намаганні, каб захаваць і павялічыць лясны фонд.
Добрасумленная праца ляснічага Сяргея Класоўскага з нагоды прафесійнага свята сёлета адзначана Ганаровай граматай Міністэрства лясной гаспадаркі.
Таццяна Падбярэзкая.
Фота аўтара.