Узнали имена победителей соревнования косцов “Звініць каса – жыве вёска” в Крипульском сельсовете

photo_2025-07-с

Брэндавае свята Крыпульскага сельсавета “Жывая вадзіца бацькоўскіх крыніц” адбылося пятнічным вечарам каля крынічкі ў вёсцы Буй. Сярод ганаровых гасцей – намеснік старшыні райвыканкама Аксана Палачаніна.

Той, хто стаў удзельнікам мерапрыемства, несумненна пацвердзіць, што ў месяц актыўнага турызму, якім аб’яўлены ў Беларусі ліпень, крыпульскі фэст прыйшоўся дарэчы. Мяркуйце самі. Пачынаецца ён звычайна хрэсным ходам ад царквы апосталаў Пятра і Паўла, што ў Паўднёвым Гняздзілаве. Некалькі кіламетраў да буйскай крынічкі – і вось мы на месцы правядзення мерапрыемства, насычанага забавамі і конкурсамі. Але спачатку традыцыйнае асвячэнне вады протаіерэем Віктарам Гмірам.

Пасля агульнай малітвы кожны стараецца ўмыцца з крыніцы. Людзі кажуць, што так можна на цэлы год назапасіцца здароўем, жыццёвымі сіламі і душэўным супакоем.

– Докшыцкі раён славіцца ўнікальнай гісторыяй, маляўнічасцю і прыгажосцю кожнай адміністрацыйнай адзінкі, – у прывітальным слове гаварыла Аксана Палачаніна. – Сваю адметную рысу мае і вёска Буй – гэта крыніца з чысцейшай вадой, дзякуючы якой і нарадзілася такое выдатнае свята. Ушанаванне звычаяў нашых продкаў, захаванне гістарычнай спадчыны – найвышэйшая праява любові да малой радзімы. Хочацца пажадаць, каб гэта добрая традыцыя існавала і прымнажалася яшчэ доўгія гады, каб наступныя пакаленні працягвалі яе і верылі ў сілу свята. Няхай так весела і хлебасольна будзе заўсёды ў гэтым краі.

Тое, што докшыцкія гаспадыні шчодрыя на пачастункі, пацвердзіў раённы конкурс “Хлеб, квас і добры настрой”. Колькі ж рэцэптаў захоўваецца ў яго ўдзельнікаў, якім штогод атрымліваецца здзіўляць журы разнастайнасцю смакаў і водараў?! Ды і пекары пастаянна ўражваюць майстэрствам. Сёлета пераможцамі сталі Гняздзілаўскія СДК і сельская бібліятэка, якія на сваёй тэматычнай пляцоўцы паказалі, які доўгі шлях праходзіць зярнятка перш чым трапіць на стол у выглядзе смачнай выпечкі.

На другім месцы гасцінныя гаспадыні з Прудніцкага СДК і сельскай бібліятэкі, на трэцім – Крыпульскі і Бярозаўскі сельскія клубы-бібліятэкі.

“Святы Пётра жыта родзіць, святы Паўлюк граблі робіць”, – сведчыць народная мудрасць, якая стала падставай для яшчэ аднаго конкурсу ў межах свята – спаборніцтва касцоў “Звініць каса – жыве вёска”. Гэтым разам яно было камандным. Вось вам і яшчэ адна актыўнасць. Па ўмовах конкурсу, мужчынам трэба было скасіць адведзеныя ўчасткі ручной касой, а жанчынам – зграбсці траву. Ва ўлік вынікаў ішлі не толькі хуткасць выканання задання, стыль касьбы, якасць пракосу і зграбання, а і знешні выгляд прадстаўнікоў каманд. Як жа каларытна выглядалі касцы і іх памочніцы ў вышываных кашулях і яркіх спадніцах! Чыя ж каса вастрэйшая, а граблі хутчэйшыя? Тут калектыву рэдакцыі сапраўды ёсць чым ганарыцца, бо менавіта каманда “Родных вытокаў” у саставе вадзіцеля Вячаслава Чарвінскага і аператара набору і вёрсткі Святланы Тумашэвіч стала пераможцай. Калі хто яшчэ не бачыў, як філігранна наш Анатольевіч абкошвае кустоўе каля адміністрацыйнага будынка, зазірніце ў TikTok. Гэта відэа ў нашым акаўнце даўно ў лідарах па праглядах. Галоўным заўзятарам роднавытокаўцаў стала дачушка Святланы – сямігадовая Васіліса. Яна не толькі падтрымлівала матулю гучнымі апладысментамі, але і стала ўдзельніцай старадаўняга абраду, калі паднесла напрыканцы работ бохан хлеба, загорнуты ў ручнік, і жбан з вадой. Такую ж традыцыю прыгадалі і старшыня Крыпульскага сельскага Савета дэпутатаў Іван Лакуцэвіч, які касіў у пары з загадчыцай Крыпульскага сельскага клуба-бібліятэкі Ірынай Штоль. У тройку лідараў таксама трапілі каманда Сітцаўскага сельсавета ў саставе індывідуальнага прадпрымальніка, актывіста Васіля Норавіча і кіраўніка спраў сельскага Савета дэпутатаў Аксаны Шылавіч (другое месца), а таксама каманда Тумілавіцкага сельсавета, які прадставілі старэйшына вёскі Вецяра Аляксандр Пашкевіч і загадчык этнаграфічнай сядзібы “Вецяра” Вольга Квачонак. Спецыяльны прыз ад раённай арганізацыі прафсаюза АПК атрымаў самы старэйшы ўдзельнік конкурсу былы аграном Мікалай Чачуковіч з каманды Парплішчанскага сельсавета.

Добра папрацаваўшы не грэх і падсілкавацца. І тут арганізатары мерапрыемства зноў звярнуліся да беларускіх звычаяў, сярод якіх – частаванне гасцей на свята Пятра і Паўла крупяной кашай ды юшкай.

А пакуль усе спрабавалі гэтыя стравы, на сцэне выступалі народны вакальны ансамбль “Землякі” Параф’янаўскага СДК і віртуоз-баяніст Аляксандр Букаты, вакальная група Гняздзілаўскага СДК, кіраўнік Бярозаўскага клуба-бібліятэкі Міхаіл Ігнацкі.

Напрыканцы свята кожны пачаставаўся караваем, які штогод спецыяльна да фэсту разам са сваімі роднымі рыхтуе старшыня Крыпульскага сельскага Савета дэпутатаў Іван Лакуцэвіч.

Арганізатары свята дзякуюць усім, хто далучыўся да правядзення мерапрыемства. За прадастаўленыя прызы – раённым арганізацыям РГА “Белая Русь”, прафсаюза работнікаў АПК і ГА “БРСМ”, раённаму аддзяленню Беларускай партыі “Белая Русь”.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *