Всё держится на любви в семье Демьяна и Людмилы Дайлидовичей из города Докшицы

IMG_3780 с

– Калі дзесьці чытаю або чую разважанні пра тое, што сям’я – гэта штодзённая цяжкая праца, што трэба прыкладваць шмат намаганняў, каб яна не распалася, нізавошта не магу з гэтым пагадзіцца. Сям’я – гэта радасць, спакой, надзейнасць, астравок цеплыні і ўтульнасці ў дастаткова жорсткім свеце. Усё, што трэба, каб яна была моцнай, – каханне з абодвух бакоў. А калі чалавека любіш, то, як цяпер модна гаварыць, па ўмаўчанні імкнешся пра яго клапаціцца, радаваць яго, берагчы, цаніць, нічым не крыўдзіць, – такую формулу сямейнага шчасця вывела дакшычанка Людміла Дайлідовіч. Муж Дзям’ян Мікалаевіч з яе меркаваннем цалкам згодны, тым больш што пацверджана яно іх сумесным жыццём – у наступным годзе гэтая цудоўная пара згуляе залатое вяселле.

З сужэнцамі мы сустрэліся на іх летніку ў вёсцы Першамайск Тумілавіцкага сельсавета. Ну як на летніку – бацькоўскі дом Людмілы Анатольеўны, вельмі ўтульны, з праведзеным ацяпленнем, з агародам і кветнікам дае магчымасць гаспадарам знаходзіцца па іх жаданні на лоне прыроды ўвесь год. Дзеці падаравалі бацькам аўтамабіль для паездак у горад, у грыбы-ягады, на рыбалку. Гаспадыня – а з першых хвілін знаёмства становіцца зразумелым, што “маторчык” у сям’і менавіта яна – прызнаецца, што ў сценах кватэры занадта цесна, найперш душы. Хуткая па ўсёй сваёй натуры, лёгкая на пад’ём, актыўная і дзейная, яна найлепшым чынам дапаўняе сваю палавінку – чалавека больш спакойнага, удумлівага, разважлівага. “Усякія ініцыятывы – гэта, канечне, я, а вось магчымасць іх рэалізацыі абмяркоўваем і прымаем агульнае рашэнне, – зазначае Людміла Анатольеўна. – Такога няма, што як я лічу, так і будзе”.

Кажуць, што ўсе шчаслівыя сем’і шчаслівыя аднолькава, а вось няшчасныя ўсе па-рознаму. Тут складана даваць нейкі каментарый, бо і разуменне шчасця ў кожнага сваё. А ў нашым выпадку і доказаў ніякіх не трэба. Па тым, якой цеплынёй свецяцца нябесна-блакітныя вочы гаспадара і глыбока-карыя яго паловы пры поглядзе адно на аднаго, як клапоціцца жонка, каб муж добра выглядаў на фотаздымку, як ён у сваю чаргу радуецца кампліментам у адрас яе знешняга выгляду, з якім задавальненнем распавядаюць яны пра сумеснае жыццё, становіцца зразумела, што агеньчык кахання, які ўспыхнуў паміж імі паўвека таму, не згас і шчасце ў гэтым доме жыве.

– Дзёма мой з Дзедзіна родам, старэйшы за мяне на пяць гадоў. Пазнаёміліся ў нашым клубе на танцах, калі ён ужо адслужыў у арміі, а мне толькі сямнаццаць споўнілася. Праходу не даваў, нават да васямнаццаці не згаджаўся чакаць – згулялі вяселле, – дзеліцца Людміла Анатольеўна.

– Чакаў бы, дзе б дзеўся, каб ты сама за мяне замуж не хацела, – парыруе Дзям’ян Мікалаевіч, і абое смяюцца.

Сумеснае жыццё пара пачала ў Дзедзіне: Дзям’ян прывёў маладую жонку ў бацькоўскую хату. Стаж самых шчыльных адносін “свякроў – нявестка” ў Людмілы раўняецца тром дзесяцігоддзям, з іх “дзедзінскіх” – больш за палову. І зноў-такі, насуперак усім навамодным псіхолагам: “Добра жылі. А чаму павінна быць дрэнна? Мы ж былі адной сям’ёй”.

Калі гаварыць пра працоўных шлях спадароў Дайлідовічаў, то Дзям’ян Мікалаевіч, як сам жартуе, практычна ўсё жыццё не вылазіў з экскаватара – спачатку ў калгасе “Праўда”, затым, пасля пераезду ў Докшыцы, у ПМСе і напаследак у раёне газазабеспячэння. А Людміла Анатольеўна была бухгалтарам у тым жа калгасе, затым бухгалтарам-касірам у канторы райзага, а апошнія дванаццаць гадоў перад выхадам на пенсію – ахоўнікам Дэпартамента аховы. Сялянскай працы ніколі не цураліся: па тры каровы трымалі, свіней – нават жывучы ўжо ў Докшыцах, трусоў да сотні разводзілі. Галоўнае ж – выхавалі годнымі людзьмі трох сыноў і, так склаліся абставіны, адну з пяці ўнучак. У іх вялікай сям’і значацца яшчэ тры ўнукі і праўнучка. “Перспектыва папаўнення спіска, у якім зараз нас дваццаць чалавек, несумненная”, – зазначае Дзям’ян Мікалаевіч. “Ох, як збяромся ўсе разам у гэтай вось хатцы – душа спявае, крылы вырастаюць!” – дзеліцца Людміла Анатольеўна. А хіба для шчасця яшчэ штосьці трэба?

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *