Конкурс семейного творчества «Ярмарка семейных талантов» прошел в Докшицах
Адкрыты конкурс сямейнай творчасці “Кірмаш сямейных талентаў” адбыўся ў суботу ў гарадскім Цэнтры культуры ў рамках Рэспубліканскага фестывалю сяброўства і мастацтва “Дзве ракі”. Гэтым разам сем’і, у якіх талент – справа спадчынная, заявілі пра сябе ажно ў шасці намінацыях.
“Сямейная прыкладная творчасць”. У прысутных проста разбягаліся вочы ад хараства і непаўторнасці конкурсных работ у гэтай намінацыі. Уладзіміра Шуткіна, мабыць, і прадстаўляць не трэба: гэты майстар добра вядомы як у нашым раёне, так і далёка за яго межамі. Цудоўна, што яго справу прадаўжаюць дачка Людміла Палячонак і ўнучка Крысціна. Іх работы з металу і бетону, а таксама чаканка не маглі застацца незаўважанымі, бо кожная з іх – сапраўдны твор мастацтва самага высокага ўзроўню.
Пазмагацца з Шуткінымі прыехалі з Беразіншчыны сёстры Дзіяна Каплій і Данута Гурэнчык. Таленавітым жанчынам падуладныя самыя розныя тэхнікі: тэкстыльна-панчошная лялька, бісерапляценне, халодны фарфор, вышыўка, шыццё, канзашы. Акрамя гэтага, сёстры бралі ўдзел у вакальным конкурсе “Бярэзінскія напевы” ў складзе народнага ансамбля песні “Лявоніха”, мастацкім кіраўніком якога з’яўляецца Данута Гурэнчык.
Маргарыта Зубарава з аграгарадка Порплішча без творчасці не ўяўляе свайго жыцця. Шматдзетная маці, узнагароджаная ордэнам Маці, нягледзячы на вялікую занятасць, заўсёды знаходзіла хвілінку для стварэння хараства сваімі рукамі (самы любімы занятак – квілінг) і напісання вершаў. Дзеці і ўнукі Маргарыты Сямёнаўны таксама спаўна надзелены творчымі здольнасцямі: малююць, іграюць на музычных інструментах, займаюцца разьбой па дрэве, пляценнем з лазы. Гэта цудоўная сям’я, якую на конкурсе прадстаўлялі бабуля Маргарыта з унучкамі Ганнай і Аксанай, стала адзіным прэтэндэнтам на перамогу ў намінацыі “Сямейны герб” (і заслужана!), а таксама заявіла пра сябе ў намінацыі
“Тэатральная сям’я”. Тут канкурэнцыю сям’і Зубаравых-Марчанка склалі сястрычкі-зорачкі з Докшыц, школьніцы Валерыя і Дар’я Сакаловы, пераможцы шматлікіх абласных, рэспубліканскіх і міжнародных творчых конкурсаў, сярод якіх і конкурсы чытальнікаў.
“Пявучая сям’я”. Песню, дзе аўтарскі тэкст пакладзены на народную музыку, прадставілі на суд журы мінчане – шматдзетная сям’я Шмакавых-Жураўлёвых, дзе разам з таленавітымі бацькамі выступілі не менш таленавітыя малодшыя дзеці Ігнат, Дар і Алёна.
Цудоўную песню “Бабуля і ўнучка” прыгожа і кранальна выканала сям’я Малюжанец-Ксёндз з аграгарадка Таргуны. Бабуля Валянціна Іванаўна Малюжанец, былы дырэктар мясцовага СДК, сваю любоў да музыкі перадала ўнучкам Ганне і Арыне, і такім складам родныя людзі выступілі не ўпершыню.
Лірычнасцю выканання і сугучнасцю галасоў пакарыў журы дуэт з Валкалат – брат і сястра Уладзімір Чыкун і Марыя Кімстач, якія выдатна вядомы прыхільнікам вакальнай творчасці раёна.
Сямейны вакальны ансамбль Палянскіх прыехаў у Докшыцы з г. Беразіно. Самаму старэйшаму ўдзельніку калектыву, у якім дзевяць чалавек, 70 гадоў, самаму малодшаму – дзевяць. Палянскія вядуць актыўную канцэртную дзейнасць, прапагандуючы родную мову і культуру.
“Музычная сям’я”. Дзядуля і ўнук Уладзіслаў і Дзмітрый Баранчукі, што прадставілі вёску Янкі нашага раёна, выканалі дуэтам “Кацюшу” і “Марш славянкі” – Дзіма на баяне, Уладзіслаў Леанідавіч, які з’яўляецца гарманістам-самавучкам, на бубне.
Пераможцы. Складана прыйшлося журы пад старшынством начальніка аддзела занятасці насельніцтва і сацыяльна-працоўных адносін упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Таццяны Модаль. У выніку пераможцамі ў намінацыі “Сямейная прыкладная творчасць” прызнана сям’я Гурэнчык-Каплій, у намінацыі “Пявучая сям’я” – сям’я Шмакавых-Жураўлёвых, у намінацыі “Музычная сям’я” – дзядуля і ўнук Баранчукі, у намінацыі “Тэатральная сям’я” – сёстры Сакаловы, “Сямейны герб” – сям’я Зубаравых-Марчанка. Сям’я Шуткіна-Палячонак вызначылася ў намінацыі “Сям’я з незвычайнымі талентамі”. Пераможцы і ўдзельнікі конкурсу атрымалі заслужаныя ўзнагароды.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.