Полгода училась в Китае докшичанка Мария Козловская

photo_2025-07-29_20-18-22

Беларусь і Кітай даўно ўжо наладзілі паміж сабой цеснае супрацоўніцтва ў эканамічнай, навуковай, сацыяльна-культурнай сферах. З гэтай нагоды ёсць вялікі попыт на спецыялістаў з валоданнем кітайскай мовы. Ці ведаеце вы, шаноўныя чытачы, што зорачка Докшыцкай сярэдняй школы №1 Марыя Казлоўская, якая тры гады таму паспяхова паступіла на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, у наступным годзе, закончыўшы навучанне па спецыяльнасці “Кітайская філалогія”, стане менавіта такім запатрабаваным спецыялістам? Увесь другі семестр трэцяга курса Марыя правяла ў кітайскім горадзе Далянь правінцыі Ляанін на моўных курсах. Нядаўна мы сустрэліся з ёй, каб пагутарыць пра складанасці вывучэння мовы, планы на будучае і, вядома ж, пра ўражанні ад экзатычнай для нас краіны. Пагадзіцеся, Кітай (а калі дакладней, яго “фрагмент”) вачыма беларускі, якая пражыла там паўгода, гэта не Кітай, убачаны ў двухтыднёвай турыстычнай паездцы.

photo_2025-07-29_20-17-48

– Маша, кітайская філалогія – гэта быў твой асэнсаваны, прадуманы, цвёрды выбар?
– Зусім не. Я доўгі час нацэльвалася на вывучэнне англійскай і якойсьці яшчэ еўрапейскай моў. Больш за тое, у школьныя гады не праяўляла асаблівага інтарэсу да гісторыі, культуры, мовы Кітая. Жаданне паспрабаваць свае сілы менавіта ў гэтым напрамку ўзнікла неяк раптоўна. Але я рада, што мой унутраны голас аказаўся прарочым: з цягам часу высветлілася, што гэта сапраўды маё, што я хачу працаваць і развівацца менавіта ў такім напрамку.

– Патрапіць у склад групы, якую накіравалі на працу па ўдасканаленні мовы, было складана? Ці шмат далі курсы, як быў арганізаваны быт?
– Так, адбор быў даволі жорсткі. Варта адзначыць, што такая шматлікая група – а нас было 14 чалавек – набралася ўпершыню за апошнія гады. Улічвалася многае, паспяховасць, зразумела, у першую чаргу. Курсы, бясспрэчна, далі вельмі шмат, як і суіснаванне з носьбітамі мовы. У столькіх нюансах вымаўлення змагла разабрацца! Столькі новых іерогліфаў засвоіла, а іх у кітайцаў не некалькі соцень, як чамусьці многія думаюць, а некалькі дзясяткаў тысяч. Аднак для свабоднага валодання мовай на базавым узроўні дастаткова ведаць 3500-4000. Я ў вельмі актыўнай стадыі працэсу іх пазнання.
Мы вучыліся ў Даляньскім політэхнічным універсітэце, які ўваходзіць у топ-30 лепшых ВНУ краіны, жылі ў інтэрнаце, атрымлівалі стыпендыю інстытута Канфуцыя, якая складала амаль палову сярэдняй зарплаты кітайца. Дзякуючы гэтаму можна было і турыстамі крыху пабыць, і харчавацца нармальна, і сувеніраў дадому прывезці. Я вось накупіла веераў, ліхтарыкаў, чаю, кніг, упрыгажэнняў. Нават адзенне там для нашага ўзроўню зарплаты таннае і пры тым якаснае.

photo_2025-07-29_20-17-47

– Тваё першае “ах!” ад убачанага – …
– …спалучэнне старажытнай архітэктуры з суперсучаснымі хмарачосамі, яркасць у афармленні вуліц нават у зімовы час (прыляцелі ў Далянь мы ў лютым). Кітайскія ліхтарыкі – яны проста зачароўваюць. Ды безліч усяго, што непадобнае да нашага, беларускага, пачынаючы ад прыродных краявідаў і заканчваючы тэхнічным прагрэсам.
Далянь знаходзіцца ў паўночнай частцы Кітая, таму і клімат там своеасаблівы: вільготнае і цёплае лета, халодная і сухая зіма, у дадатак ветраная – горад на ўзбярэжжы Жоўтага мора. Насельніцтва Даляня складае сем з паловай мільёнаў чалавек – лічы, цэлая Беларусь, а ўсяго ў гарадской акрузе жыхароў больш за 6,5 мільёна. Далянь – буйны турыстычны і фінансавы цэнтр Кітая. У сілу занятасці давялося пабываць, канешне, не ўсюды, ды і, мяркую, нават пры большай наяўнасці часу на гэта не хапіла б і года. Як падаецца, у гэтым горадзе сканцэнтравана відовішчнасць усяго свету. Там ёсць парк Дыскаверылэнд – аналаг Дыснэйлэнда, аквапарк “Арбінь” – 8 тысяч квадратных метраў! Тэлевежа вышынёй 190 метраў з рэстаранам, які круціцца, і аглядавымі пляцоўкамі на вышыні 130 метраў. Заапарк, дзе больш за 3000 відаў жывёл. Ёсць у Даляні і кітайская Венецыя з гандоламі. А шкляны мост працягласцю больш за 400 метраў на такой жа вышыні ад зямлі, а батанічныя сады, а кола агляду з яго завоблачнай вышынёй! Канатныя дарогі ў гарах, дзе такія пейзажы – дух захоплівае. Будыйскія храмы, што ўражваюць сваёй велічнасцю… Пералік можна працягваць доўга.

photo_2025-07-29_20-17-50

– А лыжка дзёгцю ў бочцы з мёдам ёсць?
– Ёсць, як жа без яе? Пяцігадзінная розніца ў часе. У нас сем вечара, там ужо поўнач. Твой біялагічны гадзіннік ніяк не хоча падладжвацца пад такі рытм. Клімат: летам вельмі вільготна і душна, зімой холадна ноччу, а на ацяпленні кітайцы няслаба эканомяць. Сустракаецца антысанітарыя, асабліва ў спальных раёнах. Тлустая ежа, спецыфічныя соусы, шмат солі і воцату ў стравах. З працаўладкаваннем складана – там няма паняцця непрэстыжнай работы: галоўнае, каб яна была. Аднак ёсць паняцце “міанцзы”, якое перакладаецца як “твар”, але абазначае грамадскае становішча, рэпутацыю, годнасць у вачах іншых людзей. Страціць “міанцзы” – гэта значыць назаўжды страціць магчымасць уладкавацца на добра аплачваемую работу і не толькі. Таму моладзь у Кітаі моцна “заточана” на кар’еру, што дае мала магчымасцей адпачываць і радавацца жыццю – “дзёгаць” менавіта ў гэтым. А яшчэ кітайцы не ведаюць пра Беларусь і не адрозніваюць нас ад рускіх. Здзіўляюцца, калі гаворыш, што ты “байэлосы”, бо ведаюць толькі “элосы” – рускі.

– Яны і мы: ці ёсць падабенства, у чым адрозненні?
– Ёсць. Найперш у цярплівасці, стараннасці і працавітасці. Яшчэ кітайцы такія ж спагадлівыя, як беларусы, гатовыя дапамагчы ў бядзе. Бадай, у іх гэта выражана нават у большай ступені. Калі гаварыць пра адрозненні, то яны вельмі шумныя, больш напорыстыя, чым мы. А вось у праяўленні сваіх пачуццяў, як мне здалося, больш стрыманыя. Менш часу трацяць на адпачынак – рытм іх жыцця прымушае да гэтага. Вельмі любяць і цэняць сваю культуру, інтэгруюць яе паўсюдна. Кавярні, крамы, клубы з іншамоўнымі назвамі, як у нас, не ўбачыш нідзе, а вось шыльды з перакладам на мову той краіны, з якой найбольш наведваецца турыстаў, – так. Дарэчы, англійская мова, якая лічыцца міжнароднай, у Кітаі без патрэбы: на ёй ніхто не гаворыць.

photo_2025-07-29_20-17-46

– А зараз вельмі жаночае пытанне. Ці праўда, што славянскія дзяўчаты тыпу Машы Казлоўскай – светла-русыя, з вялізнымі сінімі вачыма, мяккім мілагучным голасам – не маюць адбою ад кітайскіх кавалераў?
– Ох, няпраўда (смяецца). Знаёміцца, канешне, знаёмяцца, але з сур’ёзнымі намерамі звязаць сваё жыццё ў далейшым – вельмі рэдка. Калі ўсё ж з такой мэтай, то звычайна гэта юнакі з бяднейшых слаёў насельніцтва, якія такім чынам спадзяюцца паправіць сваё фінансавае становішча. Кітайцы – яны дастаткова прагматычныя. Да ўсяго ў іх пануе перакананне, што шлюбы павінны заключацца, скажам так, паміж сваімі. Выключэнні, вядома, ёсць. Але ведаю прыклад, калі кітайскаму хлопцу, які пакахаў рускую дзяўчыну, бацькі не дазволілі з ёй ажаніцца, і ён не змог аслухацца. Волевыяўленне старэйшых там шмат значыць.

– Які адказ у кітайцаў нашаму беларускаму драніку?
– Курыца ў карамельным кляры. Не скажу, што карысна, але вельмі смачна. Там яе ядуць усе.

photo_2025-07-29_20-17-52

– Маша, ці было самотна пакідаць Кітай?
– Да слёз. Думаю, пачуццё было такім пранізлівым таму, што ўзнікла на кантрасце з бязмежнай радасцю: лячу дадому, хутка ўбачу маму, усіх дарагіх майму сэрцу людзей. Кітай ужо пасяліўся ў маім сэрцы, але цалкам звязаць з ім далейшае жыццё не маю планаў. Жыць я хачу толькі на радзіме, побач з роднымі, сябрамі, са сваім народам увогуле. Працаваць – у ідэале ў якой-небудзь лагістычнай кампаніі. Для гэтага пастараюся асвоіць на патрэбным узроўні менавіта тэхнічную кітайскую мову. А ў Кітай буду лятаць у камандзіроўкі – так часта, як будзе патрэбна, і з задавальненнем.

P.S. Гэта толькі невялікая частка нашай з Марыяй размовы, так бы мовіць, вяршыня айсберга. Асноўная ж думка, мабыць, зразумелая: якое б хараство нас ні чакала ў іншых краінах, а дома ўсё ж такі лепш. Маша пакінула ў рэдакцыі ліст з пажаданнямі ўсім чытачам раёнкі здароўя, дабрабыту і здзяйснення планаў і задум (на здымку). Па-кітайску, але ад усёй яе беларускай душы.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота з асабістага архіва М. Казлоўскай.

photo_2025-07-29_20-17-48 (2) photo_2025-07-29_20-17-49 photo_2025-07-29_20-17-50 (2)

photo_2025-07-29_20-17-51 photo_2025-07-29_20-17-54 (2) photo_2025-07-29_20-17-54 photo_2025-07-29_20-17-56 photo_2025-07-29_20-17-57

photo_2025-07-29_20-17-59 photo_2025-07-29_20-18-04 photo_2025-07-29_20-18-05 photo_2025-07-29_20-18-09

photo_2025-07-29_20-18-11 photo_2025-07-29_20-18-16 photo_2025-07-29_20-18-19

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *