Поисково-исследовательскую работу проводит заведующий Порплищенской сельской библиотеки Светлана Атрахимович

photo_2025-09-10_11-24-39 с

Ці марыла загадчык Парплішчанскай сельскай бібліятэкі Святлана Атрахімовіч стаць бібліятэкарам? Магчыма, і не. Хоць і вельмі любіла і любіць чытаць. Аднак бібліятэчнай справе яна прысвяціла 17 гадоў і сёння з упэўненасцю гаворыць, што ніколі не пашкадавала пра свой выбар.

Па першай прафесіі яна выхавальніца. Скончыўшы Полацкае педагагічнае вучылішча, прафесійную дзейнасць пачынала ў Параф’янаўскім дзіцячым садзе. Дабірацца ў суседні сельсавет з роднай вёскі Казлы было не вельмі зручна. І таму адразу пагадзілася на пасаду загадчыка мясцовага клуба-бібліятэкі ў бліжэйшых Валодзьках. Тут яна да восьмага класа вучылася ў школе. Добра ведала былога загадчыка культустановы Надзею Амбросаўну Шарох, якая і запрасіла Святлану на сваю пасаду, калі прыйшоў час ісці на пенсію.

– Вельмі ўдзячна Надзеі Амбросаўне за тое, што адкрыла для мяне цікавую прафесію бібліятэкара, дзякуючы якой можна пастаянна вучыцца і развівацца, знаёміцца з цікавымі людзьмі, увесь час быць у асяроддзі кніг і іншых інфармацыйных рэсурсаў, – гаворыць Святлана Віктараўна. – Тое, што яшчэ ў школьныя годы ўдзельнічала ў правядзенні клубных мерапрыемстваў, таксама дапамагала ў знаёмстве з новай для мяне прафесіяй, бо цяпер бібліятэкар павінен умець напісаць сцэнарый і арганізаваць адпачынак чытачоў. Напэўна, самы вялікі скарб, які дастаўся мне ў спадчыну ад Надзеі Амбросаўны, – гэта матэрыялы па краязнаўстве. Яна сабрала іх багата па Валодзькаўскай мясцовасці. З цікаўнасцю прадоўжыла яе справу. Асабліва захапілася пошукавай работай у 2014 годзе, калі ўзначаліла Парплішчанскую бібліятэку. Па крупінках збірала інфармацыю пра тутэйшых ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. У Год малой радзімы ў межах раённага праекта “З вялікай любоўю да малой радзімы” занялася даследаваннем гістарычнага мінулага племзавода “Порплішча”, зборам інфармацыі пра яго перадавікоў. Вось ужо каля сямі гадоў назапашваю інфармацыю пра зніклыя вёскі Парплішчанскага краю. Перачытала ўсе раёнкі, якія захоўваюцца ў бібліятэцы. Артыкулы краязнаўчай тэматыкі сабрала ў картатэку. Цяпер у бібліяграфічным спісе сістэматызавана больш за сто найменняў часопісаў і газет з патрэбнай даследчай інфармацыяй. Гэта дапамагае не толькі ў маёй рабоце. Актыўна карыстаюцца сабранымі данымі вучні і настаўнікі мясцовай школы.

Сёлета карпатлівая работа краязнаўцы, бібліятэкара Святланы Атрахімовіч была адзначана дыпломам за першае месца абласнога этапу ХХХІІІ рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” ў намінацыі “За пошукавую і даследчую працу”.

– Дзень бібліятэк – гэта свята не толькі бібліятэкараў, – гаворыць Святлана Віктараўна. – А і ўсіх, хто любіць, шануе і захоўвае кнігу, прывівае любоў да чытання, наведвае бібліятэкі. Ёсць і сярод чытачоў Парплішчанскай бібліятэкі такія. Самыя актыўныя з іх Таццяна Каляга, Тамара Каралёнак і Данута Кухта. Кніг у нашай бібліятэцы хапае на любы густ. Кожны год прыходзяць навінкі. Галоўнае, каб не знікала прага чытання.

Гісторыя бібліятэчнай справы на Беларусі вядзе адлік з XI стагоддзя: першыя бібліятэкі знаходзіліся пры кляштарах, перапісваннем кніг займаліся манахі. Адна з першых бібліятэк у нашай краіне – бібліятэка Сафійскага сабора ў г. Полацк. З развіццём кнігадрукавання з’явіліся багатыя прыватныя зборы кніг (Радзівілаў, Тышкевічаў, Сапегаў, Хадкевічаў, Храптовічаў), а ў 1830 г. у г. Гродна адкрылася першая публічная бібліятэка.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота з архіва бібліятэкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *