В День белорусской письменности предлагаем познакомиться с произведениями поэтов Докшицкого района

photo_2025-09-05_17-48-11

ХХХІІ Дзень беларускага пісьменства праходзіць сёння і прадоўжыцца заўтра ў Лідзе. Гэта маштабнае культурнае свята, якое аб’ядноўвае літаратуру, гісторыю і мастацтва. Праграма яго насычаная і разнастайная, ахоплівае дзясяткі лакацый, прапануе удзел у сотнях падзей, прысвечаных беларускай мове, кнізе і нацыянальнай памяці. Больш за сотню пісьменнікаў прыехала ў Ліду. Разгарнуўся Фестываль кнігі і прэсы, арганізаваны Міністэрствам інфармацыі. Вабіць да сябе “Горад майстроў”. Цэнтральная падзея для навуковага асяродка – рэспубліканская канферэнцыя “Лідскія чытанні – 2025”. Працуюць выставы, прысвечаныя гісторыі рэгіёна, літаратурнай спадчыне і 80-годдзю Перамогі. Упершыню ў праграме свята – фестываль-конкурс “Лідскі хор-фэст”.

Вершы пра родную мову, зямлю, яе слаўных сыноў і дачок на роднай мове… Сёння яны гучаць на свяце ў многіх куточках старажытнага горада на Гродзеншчыне. Прапануем і вашай увазе, шаноўныя чытачы, творы паэтаў Докшыччыны. Хай яднае нас у гэты дзень беларускае слова!

Людміла Салянка,

агр. Таргуны

Скарына

Над друкарскім станком, нібы бацька над роднай калыскай,

Нахіліўся з пяшчотай, усмешка жывая ў вачах.

Ён – Скарына-друкар. Ён імкнуўся з дарогі няблізкай

У родны Полацк, куды неаднойчы прыходзіў у снах.

Ён прыйшоў і прынёс у магутных далонях

Свае кнігі і сэрца, і людзям навечна аддаў.

Як хацеў ён, каб кожны да болю у скронях

Думаў, марыў, вучыўся і кнігі чытаў!

Так ён жыў, не займеўшы багацця, дастатку.

Але слава аб ім увесь свет абляціць.

Беларускі вучоны-асветнік. Яму ад нашчадкаў –

Неўміручая памяць, чаго немагчыма зглуміць.

 

Марыя Лук’яненка,

г. Докшыцы

Глядзяць стагоддзі ў вочы мне

Вачамі старажытных літар.

Душу маю ў палон бярэ

Іх позірк чысты і адкрыты.

У ім – бязмежная любоў

Да нашай мацеры Айчыны:

Слязьмі напоеных палёў,

Нябёс яе трывожна-сініх.

У ім – жаданне захаваць

Брыльянт бясцэнны нашай мовы –

Вачэй ад вас не адарваць

Даўнінай пісаныя словы.

 

Марыя Ючкавіч,

агр. Сітцы

Памяці Жэні Янішчыц

Ні імкліваму часу не знішчыць,

Ні магільным халодным ценям

Памяць аб паэтэсе Янішчыц,

Аб акрыленай нашай Жэні.

Па ёй погляды, думкі звярала

І тваё, і маё пакаленне.

Дзень патух – чалавека не стала,

Што нёс людзям святло і сумленне.

Сэрца шчырае, трапяткое,

Што балюча ў грудзях гарэла,

Не давай нам, жывым, супакою,

Мова наша каб не анямела.

Каб паэты на ёй спявалі

Для сяброўкі аб долі, аб шчасці,

Каб, як кветкі, словы ўпляталі

У жалобны вянок заўчасны.

 

Эдуард Зубрыцкі,

г. Докшыцы

Уладзіміру Караткевічу

Прачытаю: “Уладзімір…”

Прачытаю: “Караткевіч…”

І адразу светлы вобраз

Нада мною праплыве.

Час няўмольны, хуткацечны

На вякі і на гадзіны

Не замрэ, як напісаў ты,

А у сэрцах ажыве.

І не толькі над Аршыцай,

Дзе па травах званкаросных

Жарабя даўно прабегла,

Радасна задраўшы хвост, –

Над усёю Белай Руссю,

Над краінай светлай гэтай

След твой велічны іскрыцца,

Як нябесны дзіўны мост.

Ува мне твая Радзіма,

Свет балючы, непаўторны,

Дзе хадзіла твая сталасць,

Дзе любіла маладосць.

Прачытаю: “Уладзімір…”

Прачытаю: “Караткевіч…”

І шапчу, нібы малітву:

“Вечна будзеш. Быў. І ёсць…”

 

Аліна Легастаева,

ураджэнка Крулеўшчыны

То не гукі акарыны,

Не зялёны шум бяроз –

То ў купецкі дом Скарыны

Бусел дзіцятка прынёс.

Навіной звінела далеч,

Адгукаўся рэхам бор.

Сына з любасцю страчалі,

Славу пеў Гасподні хор.

Падрастаў юнак. Сваволіў.

Прагнуў слова і навук.

З’еў нямала з хлебам солі

Неба зорнага унук.

Аб’ядналі ўсход і захад

Сцежкі лёсу, кліч багоў.

Полацк-Кракаў, Вільня-Прага

Помняць слаўны шлях яго.

Слова. Думка. Вера. Кніга.

Першабіблія славян

З-пад пяра сплывала ціха

У Сусвету акіян.

Гуманіст. Філосаф. Доктар.

Беларускасці Парнас.

Ён і сёння светлым вокам,

Сілай слова родніць нас.

Ад глыбіняў Усясвету,

Мовы роднае святла

Па святому запавету

Да сябе і я прыйшла.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *