В Докшицком районе завершилась жатва
Пасля ўручэння ўзнагарод: (злева направа) аператары зернесушыльнага комплексу ААТ “Таргуны” Вадзім Дзмітрычэнка, Міхаіл Сіўцэвіч, Васіль Вайцяховіч, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Васіль Васюковіч, загадчык зернятоку Дзям’ян Варанковіч.
Уборачная ў раёне фінішавала. Па яе выніках 27 экіпажаў камбайна дасягнулі тысячнага намалоту, з іх шэсць старшых камбайнераў намалацілі па дзве тысячы тон.
У засекі сельгаспрадпрыемстваў засыпана 48 270 тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці па раёне 27 цэнтнераў з гектара. Убраны яравы рапс і завяршаецца ўборка саломы. Аграрыі раёна ў хуткім часе прыступяць да нарыхтоўкі кукурузы на сілас і сяўбы азімых культур. Днямі была ўшанавана чарговая кагорта камбайнераў-тысячнікаў, а таксама аператары зернесушыльнага комплексу.
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Васіль Васюковіч адзначае, што па колькасці тысячных намалотаў з сёлетнім годам можа паспаборнічаць толькі 2014- ы. На гэтым тыдні з прыемнай місіяй уручэння дыпломаў і ўзнагарод Васіль Міхайлавіч выехаў у тры сельгаспрадпрыемствы. У ААТ “Таргуны” віншаванні прымалі старшы камбайнер Сяргей Ралавец – дзве тысячы на рахунку Сяргея Канстанцінавіча – і старшыя камбайнеры-тысячнікі Віталій Кубельнік і Валерый Пракаповіч. Варта адзначыць, што ў гэтай гаспадарцы ўсе экіпажы камбайна намалацілі па тысячы і больш тон збожжа і рапсу. Дзвюхтысячнага намалоту дасягнулі таксама перадавы механізатар ААТ “Барсучанка”, старшы камбайнер Мікалай Баброўскі і дастойны прадаўжальнік бацькоўскай справы, лаўрэат звання “Чалавек года Віцебшчыны” Віктар Суднік з ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”.
Сярод аператараў зернесушыльных комплексаў ужо шмат гадоў першынство трымаюць работнікі ААТ “Таргуны”. Сёлета Вадзім Дзмітрычэнка, Міхаіл Сіўцэвіч і Васіль Вайцяховіч дасушылі адзінаццаць з паловай тысяч тон збожжа і больш за тры з паловай тысяч тон рапсу і сталі несумненнымі лідарамі ў раённым спаборніцтве. Вадзіцель гэтага ж сельгаспрадпрыемства Аляксандр Маскалёнак на трактары Fendt + “флігель” перавёз больш за пяць з паловай тысяч тон збожжа і масланасення рапсу і стаў лідарам сярод маладых вадзіцеляў не толькі раёна, але і вобласці.
Камбайнер-дзвюхтысячнік Мікалай Баброўскі (ААТ “Барсучанка”).
Нягледзячы на пагодныя капрызы сёлетняга лета, аграрыі Докшыччыны завяршылі жніво ў аптымальныя тэрміны. Пры гэтым дзевяць экіпажаў камбайна з ААТ “Барсучанка”, ААТ “Таргуны”, ААТ “Бягомльскае”, ДП “АграСітцы” і ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” дапамаглі калегам з Шаркаўшчынскага раёна, якім давялося працаваць у яшчэ больш складаных умовах.
Падарунак ад пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ “Таргуны” камбайнеру-тысячніку Валерыю Пракаповічу ўручае яе старшыня Алена Кукуля.
Жніво завершана. Завершаны яшчэ адзін адвечны цыкл палявых работ. Гонар і хвала ўсім аграрыям: агранамічным і інжынерным службам, механізатарам, што працавалі на ворыве, падрыхтоўцы глебы, ўнясенні ўгнаенняў, сяўбе, апрацоўцы пасеваў ад шкоднікаў і пустазелля, слесарам-рамонтнікам і яшчэ многім, хто прыкладаў намаганні, каб у канчатковым выніку засекі напоўніліся збожжам. Нагадаем яшчэ раз імёны тых, хто на фінальным этапе самай высакароднай у свеце бітвы – бітвы за ўраджай – паказаў самыя высокія вынікі. Камбайнеры-дзвюхтысячнікі: Вячаслаў Аніковіч, Юрый Малюжанец, Аляксандр Трус, Сяргей Ралавец (ААТ “Таргуны”), Віктар Суднік (ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”), Мікалай Баброўскі (ААТ “Барсучанка”). Камбайнеры-тысячнікі: Павел Рудзько, Вячаслаў Гаўрыловіч, Уладзімір Сайковіч, Генадзь Кішэня і Аляксей Варанковіч, Віталій Кубельнік, Валерый Пракаповіч (ААТ “Таргуны”), Аляксандр Кудзерка, Дзмітрый Аганесян, Дзмітрый Міхалевіч (ДП “АграСітцы”), Алег Радзевіч, Андрэй Ганус, Павел Ганус, Дзмітрый Дударонак (ААТ “Бягомльскае”), Сяргей Зяваліч і Мікалай Козел (КУП “Докшыцкі”), Аляксандр Суднік, Уладзімір Лаўцэвіч, Яўген Ярмаковіч, Яўген Машко, Вячаслаў і Юрый Кавалёнкі (ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”), Сяргей Бараноўскі, Вадзім Ламановіч (ААТ “Барсучанка”).
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.