Біскуп Алег Буткевіч узначаліў святую Імшу з нагоды 140-годдзя будынку касцёла св. Яна Хрысціцеля ў аграгарадку Валкалаты
З глыбінь вякоў і да сучаснасці
Вялікае ажыўленне панавала сонечным суботнім днём каля велічнага храма ў аграгарадку: пад’язджалі аўтамабілі, спяшаліся ў касцёл па-святочнаму апранутыя, з кветкамі ў руках прыхаджане. Хваляваліся, каб вецер, што раз-пораз узмацняўся, не парушыў спрэс выкладзенай кветкамі дарожкі да цэнтральнага ўваходу ў касцёл, – чакалі прыезду біскупа Віцебскай дыяцэзіі Алега Буткевіча.
І вось урачыстасць пачалася. Хлеб-соль і прывітанне гасцям-святарам. Біскуп Алег, расчулены цёплым прыёмам, адзначыў, што радасна сустрэць на свяце столькі вернікаў, што не менш прыемна бачыць, як парафіяне клапоцяцца пра свой храм. А яшчэ ў яго прамове чырвонай ніткай праходзіла, што найважней за ўсё пабудаваць храм у сваёй душы.
У Святой Імшы, узначаленай біскупам Алегам, якая пачалася пасля экскурсу ў гістарычнае мінулае парафіі (над ім творча і плённа папрацавала жыхарка Валкалат, метадыст аддзела па адукацыі райвыканкама Валянціна Янковіч), прынялі ўдзел святары з Параф’янава, Маладзечна, Камаяў, Дунілавіч, Варапаева, Мядзеля. Напрыканцы гасцінныя валкалатцы і жыхары навакольных вёсак падарылі Алегу Буткевічу абраз Езуса Міласэрнага, кнігі, сярод якіх быў “Дзённік ксяндза Міхала Сапоцькі”, перакладзены з польскай мовы ўраджэнкай аграгарадка Вольгай Бранавец-Янковіч, зборнік апавяданняў пра жыццё месцічаў з сярэдзіны мінулага стагоддзя і да сучаснасці ўраджэнца вёскі Віржы, вядомага на Валгаградчыне фотамастака і журналіста Вітольда Ярмаковіча “Бярозавы сок”, сапраўдны кулінарны шэдэўр – пернік з выявай храма Яна Хрысціцеля работы Тамары Януковіч, а таксама сувеніры, зробленыя яе рукамі, і кветкі для ўсіх гасцей свята.
Коратка з гісторыі касцёла св. Яна Хрысціцеля
У выніку падзелаў Рэчы Паспалітай валкалацкая парафія, якая існуе не менш за шэсць з паловай стагоддзяў і з’яўляецца, бадай, найстарэйшым пунктам каталіцкай адміністрацыі на тэрыторыі сучаснага Докшыцкага дэканата, у 1794 г. была далучана да Расійскай імперыі, становіцца бенефіцыем для канонікаў і працаўнікоў катэдры ў новай Мінскай дыяцэзіі. Матэрыяльны стан яе быў не з лепшых. З запісу 1802 г.: “Цяперашні ўладальнік старанна чувае над рамонтам гэтага запушчанага касцёла і спустошанай плябаніі”. Тым не менш дзякуючы намаганням пробашча ксяндза Базыля Гінко колькасць парафіян з 1815 да 1842 г. павялічылася з 5300 чалавек да 5700, а ў 1833 г. адбыўся рамонт даху і сцен храма.
У сярэдзіне ХІХ ст. парафія ўваходзіць у склад Віленскай дыяцэзіі. Стан касцёла пагаршаецца, і валкалатцы неаднаразова звяртаюцца да царскіх уладаў з просьбай аб дазволе на будаўніцтва новай святыні. Завяршылася яно ў 1884 г. Асвечаны ж касцёл быў 12 кастрычніка 1885 г. – 140 гадоў таму. Будаўніцтва было няпростым: імперскія ўлады далі на яго дазвол толькі ў 1882 г., але ксёндз Нікадэм Цыцан, тагачасны пробашч, пачаў справу раней на ўласныя і парафіяльныя сродкі, абставіўшы яе як рамонт. Насамрэч узводзіліся новыя сцены – вакол іх насыпалі дарогу для коней, што цягнулі каменне з пагоркаў ля Сэрвачы ўсё вышэй і вышэй. У раствор для замацавання камянёў збіралі яйкі з усёй акругі. Зусім не легенда гісторыя пра тое, як касцёл накрывалі. Улады паставілі ультыматум: касцёл будзе, калі накрыеце дах за адну ноч. І накрылі – дыванамі, дарожкамі, посцілкамі!
Галоўны алтар храма пабудаваны ў 1905 г., а вось фігура ўкрыжаванага Езуса ўзята са старога алтара. Пярэднія і бакавыя алтары цяпер выглядаюць як і ў старым касцёле, а вось алтар святога Роха, у гонар якога ў Валкалатах штогод у жніўні ладзіцца фэст, быў узведзены майстрам Клянеўскім у 1903 г. Абраз св. Роха, намаляваны мастаком Раствароўскім, прыехаў у касцёл з Варшавы.
У 1917 г. парафія налічвала ажно 6700 вернікаў. Вялікая ў гэтым была заслуга ксяндза Вінцэнта Габшэўскага, якога месцічы моцна паважалі за тое, што ён гаварыў з імі па-беларуску (пра гэта адзін з парафіян напісаў у “Нашу ніву”, выказаўшы пажаданне, каб болей такіх святароў было на Беларусі). Пры паслядоўніку Габшэўскага кс. Мечыславе Савіцкім адбываліся Місіі, існавалі Колы Жывога Ружанца і Брацтва цвярозасці.
Час уз’яднання Беларусі прыпаў на час службы кс. Рамуальда Дроніча, які заснаваў пры парафіі кравецкія, кухарскія, пчалярскія, садова-агародніцкія курсы, стварыў хор, лячыў людзей зёлкамі і самаробнымі лекамі і таму карыстаўся вялікай пашанай. У час Другой сусветнай вайны святар дапамог некалькім сотням савецкіх вязняў – не толькі падтрымаў духоўна, але і спыніў хвалю дызентэрыі, што ўспыхнула сярод палонных. Разам з пяццю пробашчамі суседніх парафій кс. Дроніч быў расстраляны ў вёсцы Барок пад Глыбокім. Такі ж лёс спасціг і наступнага пробашча, кс. Яўгена Латэцкага.
Пасля вайны аднаўленнем парафіі займаліся кс. Станіслаў Гурскі, якога людзі памятаюць як “ксяндза на матацыкле”, і кс. Казімір Тамковіч – вязень лагера ў Сібіры, ён быў моцна паважаны вернікамі.
З 1988 г. ў парафіі неслі службу браты капуцыны. Найперш – Пётр Ясевіч, стараннямі якога адбыўся паўнавартасны рамонт касцёла і будаўніцтва плябаніі. Айцец Томаш Юньчык адрамантаваў арган, шмат увагі ўдзяляў рабоце з моладдзю. З любоўю ўспамінаюць парафіяне і а. Кшыштафа Грошыка, братоў Яраслава Крыловіча і Валерыя Кунгера, а. Андрэя Зуя, пры якім касцёл быў пафарбаваны, адрамантаваны яго дах і агароджа, памяняны вокны і брамы, адноўлены алтары і распачата аднаўленне першапачатковага роспісу сцен.
Працу папярэднікаў плённа працягвае сённяшні пробашч кс. Алег Півавар, які клапоціцца пра рамонт храма, рэстаўрацыю абразоў і, вядома ж, пра духоўнае ўзрастанне вернікаў.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.