Куклы с гардеробом и не только… Вязаную сказку создает Татьяна Шитель из деревни Янушево
Мы, люди, такие разные: кто-то с малых лет реалист и прагматик, кто-то всю жизнь верит в чудеса и надеется на встречу с ними, а кто-то сам создает те чудеса без какой-либо волшебной палочки — собственными руками и светлой душой. Как Татьяна Шитель из деревни Янушево в Крулевщинском сельсовете.
Давялося выпадкова пачуць, як адна маладая маці скардзілася другой: “Што за дзіця расце – не разумею. Накуплялі ёй прыгожых дарагіх Барбі, мяккіх цацак самых модных, а яна ад бабулі прывезла нейкага зашмальцаванага сабаку з адарваным вухам і савецкага часу ляльку Дусю ў паркалёвым сарафане. З сабакам спіць, а ляльцы прычоскі робіць, уборы ёй ладзіць з ласкутоў – нядаўна дзве мае хусткі шаўковыя парэзала”.
Нармальнае дзіця, хацелася сказаць, і цацкі ў яе нармальныя – тыя, з якімі можна гуляць і ў дадатак атрымліваць патрэбныя ў жыцці навыкі. У дзяцей, як вядома, больш вострае і тонкае ўспрыманне ўсіх праяў жыцця. Вось і ў цацках для малечы вельмі важная энергетыка, якую яны добра адчуваюць. Узяцца за вязанне цацак майстрыху Таццяну, якая, скажам так, у мірскім жыцці працуе менеджарам у пункце выдачы заказаў WB у Крулеўшчыне, падштурхнуў некалькі гадоў таму прыезд у госці з-за мяжы мужавай сястры з малымі дачушкамі (свой сыночак Міша больш канструктарамі ды тэхнікай цікавіцца). Задумалася: а чым такім асаблівым парадаваць дзяўчынак? Так з’явіліся на свет яе першыя лялькі.
Таццяна Уладзіміраўна нарадзілася і вырасла ў Казахстане. Менавіта там настаўніца ў школе прывіла ёй любоў да вязання – пруткамі і шыдэлкам. Зразумела, што адзенне маладая жанчына вяжа і зараз, і яго ў яе шмат – прыгожага і эксклюзіўнага. Рукам яе падуладны самыя розныя прадметы гардэробу ад шаліка і шкарпэтак да паліто. Тут яна, можна сказаць, дасягнула пэўных вышынь, а творчаму чалавеку заўсёды важна знаходзіцца ў працэсе развіцця. Гэту магчымасць майстрысе і далі яе шматлікія мядзведзікі, зайчаняты, сабачкі, вавёркі, пчолкі… Ніводнай аднолькавай цацкі – кожная са сваім адметным “характарам”. Хіба што, кажа Таня, хтосьці папросіць зрабіць копію, але і ў гэтым выпадку яна мяняе нейкія дэталі. Для сваіх вырабаў падбірае натуральныя, якасныя, прыемныя навобмацак, яркія ніткі – іх у запасе, мусіць, з сотню адценняў. Лялькі, якія Таня таксама цалкам вяжа, – асобны шык. Робіць іх на драцяным каркасе, што дае прыгажуням устойлівасць, а іх будучым маленькім гаспадыням магчымасць мяняць позы гэтых цудоўных цацак. З сінтэпонавым нутром, лялькі лёгка мыюцца нават у пральнай машынцы. А самае галоўнае – да кожнай прыкладаецца цэлы гардэроб! Сукенкі, спаднічкі, спартыўныя касцюмы, халаты, паліто, капялюшыкі, туфелькі, боцікі і нават тапачкі, сумачкі і ўпрыгажэнні.
– Многія жанчыны казалі мне, што самі з задавальненнем гулялі б з такой лялькай, – смяецца Таццяна.
Як чалавек, які таксама вяжа, магу сказаць, што звязаць камізэльку ці кардыган, нават са складаным узорам, бадай, прасцей, чым ляльку з безліччу апратак: дэталі дробныя, больш патрэбна матэматычнага разліку, пастаянныя ўбаўленні-прыбаўленні петляў ці слупкоў… А яшчэ ж усё сшыць неабходна, дзесьці і вышыўку прымяніць. Тут да натхнення патрэбны ўседлівасць, скрупулёзнасць.
– Сама дзіўлюся, адкуль усё гэта бярэцца, – дзеліцца суразмоўца. – Па сваёй натуры я вельмі рухомая і актыўная, сябрую са спортам. Бег, заняткі з гантэлямі – гэта штодзённа. Але выпадае вольная хвіліна – і “заліпаю” ў казачнай творчасці. Важна, што хораша сябе пры гэтым адчуваю і радуюся, дорачы сваю работу, не менш, чым той, хто яе атрымлівае ў падарунак.
Таня падпісана на многія тэматычныя групы ў сацсетках, шліфуе свае навыкі дзякуючы майстар-класам з Інтэрнэта, пераймае вопыт і дзеліцца сваім, але ніколі і нікога не капіруе – і гэта самы высокі паказчык яе майстэрства.
Алена НЕСЦЯРОНАК.






