С людьми и для людей работает председатель Крипульского сельского Совета депутатов Иван Лакуцевич

Председатель С помощницами - активисткой Людмилой Коляго и старейшиной Лилией Ананич

Председатель сельсовета Иван Лакуцевич с помощницами — активисткой Людмилой Коляго и старейшиной Лилией Ананич.

Четвертый год на посту председателя Крипульского сельского Совета депутатов работает бывший заместитель начальника Докшицкого РОВД подполковник Иван Лакуцевич. Работает самоотверженно и, как результат, плодотворно, успешно. Иван Людвигович привлекает жителей сельсовета своей энергичностью, целеустремленностью в решении вопросов, доброжелательностью, умением наладить контакт, организовать общее дело, уважением к каждому и неравнодушием к чужим проблемам. Ко всему он еще очень интересный и творческий человек с широким кругом увлечений, с любознательным умом и умелыми руками, прекрасный семьянин и хозяин. Ну а коммуникативность, позитивное мировосприятие и чувство юмора только добавляют ярких красок в его образ.

Сустрэліся з Іванам Лакуцэвічам, каб такі вось схематычны партрэт зрабіць больш дасканалым і дэталёвым. Размову вялі пра ўсё на свеце, але пачалі, вядома ж, з працы.

Ад першай асобы

– Іван Людвігавіч, ці складаным быў для Вас пераход на новую пасаду?

– Ведаеце, не. Калі гаварыць пра ранейшую работу ў міліцыі, то там проста больш вузкая спецыялізацыя – гэта я пра звароты людзей. Тут кола пытанняў, канешне, пашырылася. Тым не менш радуе тое, што для іх вырашэння хапае сіл, кампетэнцыі, а часам і тэхнічных магчымасцей (смяецца – Аўт.). Лічу, мне вельмі пашанцавала, што паступіла прапанова працаваць менавіта ў Крыпульскім сельсавеце. З 2001 года я сем гадоў тут быў участковым інспектарам, ведаю практычна ўсіх жыхароў населеных пунктаў. Хоць перапынак у нашай, скажам так, цеснай сувязі і склаў 14 гадоў, але змен асаблівых не адбылося: хто які лад жыцця вёў раней, той і працягвае далей. Аднак я рады заўважыць, што людзі ў гэтым краі харошыя – шчырыя, адкрытыя, лёгка ідуць на кантакт, падтрымліваюць розныя нашы ініцыятывы. Люблю і гэту сваю работу, бо працую з людзьмі і для людзей. Вядома, дні бываюць розныя, сітуацыі ўзнікаюць розныя, але ў асноўным кожны працоўны дзень пачынаю з натхненнем, а заканчваю з задаволенасцю.

IMG_0822

– Што з ранейшай работы “ўзялі” ў сённяшнюю?

– Манеўранасць. Я не кабінетны работнік. На месцы знаходжуся літаральна 2-3 гадзіны з раніцы. Далей – выезд у вёскі, іх у мяне, населеных, чатырнаццаць. Буйныя – Крыпулі, Паўднёвае і Паўночнае Гняздзілава. Стараюся працаваць так, каб людзі са сваімі праблемамі не ішлі на прыём, а мелі магчымасць вырашыць іх з нашай дапамогай на месцы і не тады, калі праблема ўжо вырасла, як снежны ком, а ў пачатковай стадыі. Не ўсё, канешне, можам зрабіць сваімі сіламі – прыходзіцца шукаць дапамогі ў арганізацый і ўстаноў, і не толькі на тэрыторыі нашага сельсавета. Найчасцей жыхары звяртаюцца з пытаннямі гандлёвага абслугоўвання, асвятлення вуліц, з просьбамі аб кансультацыі па якіхсьці бытавых момантах. Што датычыцца стану палатна вуліц і дарог, то імкнёмся не чакаць скаргаў, а своечасова падсыпаць, грэйдзіраваць, рашаць пытанні з асфальтаваннем, дзе магчыма. Гэта ўжо прафілактыка, або папераджальнасць, – таксама з вопыту ранейшай работы, як, дарэчы, і яшчэ адзін момант: хочаш ведаць, чым “дыхае” населены пункт, зайдзі ў краму або спыніся ля аўталаўкі. Масу карыснай інфармацыі, скажу я вам, атрымліваеш. Прыходзіш потым да чалавека і пытаешся: вам патрэбна такая і такая дапамога? У адказ непамернае
здзіўленне: адкуль вы ведаеце?!

– Адзін з самых адказных кірункаў работы сельвыканкама – пустуючыя дамы, дакладней, іх знос або падтрыманне парадку на такіх сядзібах. І другое, напэўна, больш складанае. Як у Вас справы з гэтым?

– Штогод на тэрыторыі сельсавета зносіцца 5-6 дамоў. Таксама прадаём дамы першапачаткова за базавую велічыню. Што датычыцца працы са спадчыннікамі, то найбольш напружаным у гэтым плане быў першы год, калі шукаў з імі кантакты. Многія пражываюць нават не ў нашай краіне. Практыкаваў самыя розныя метады ўздзеяння. Напрыклад, высылаю чалавеку фота бацькоўскага дома на Вайбер, даю гадзінку, скажам так, пранікнуцца ўбачаным, “пагаварыць” са сваім сумленнем, а затым ужо акуратна вяду размову. І ў асноўным дзейнічае! А калі чалавек да чагосьці імкнецца, ён шукае і знаходзіць спосабы. І тыя спадчыннікі, што жывуць далёка, рашаюць пытанне дыстанцыйна: просяць абкасіць бацькоўскую сядзібу родных, што засталіся жыць тут, наймаюць для гэтага спецыяльных людзей… А тыя ўчасткі, дзе дом знесены, а зямля не ўведзена ў севазварот, абкошваем з дапамогай замацаваных арганізацый.

– Ці бывалі выпадкі, калі пытанне даводзілася рашаць, скажам так, нетрывіяльным чынам?

– Колькі заўгодна. Напрыклад, звярнулася неяк жыхарка шаноўнага ўзросту з просьбай, каб аўталаўка прывезла ёй фруктаў для святкавання дня нараджэння. А на дварэ студзень. Памерзнуць, думаю, фрукты, пакуль даедуць, – вёсачка тая ледзь не апошняя на маршруце. Схадзіў у Докшыцах у краму і прывёз бабулі ўсё, што яна хацела. Колькі радасці было ў жанчыны! І ў мяне не менш, што змог ёй гэту радасць падарыць.

– Іван Людвігавіч, а зараз крыху пра работу з недабранадзейнымі сем’ямі, з асобамі, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі і з-за гэтага не працуюць… Дабро павінна быць з кулакамі?

– Адназначна павінна! Калі на чалавека нельга ўздзейнічаць мякка, лаяльна, то дапушчальныя і больш строгія метады. Гэта якраз такія выпадкі, калі мэта апраўдвае сродкі. Вось перастаў адзін вясковец на пятым дзясятку жыцця ўрэшце піць, уладкаваўся на работу і мае стабільны даход – ад усёй душы радуюся за яго, хоць ён сам, можа, і кляне мяне за тое, што “не злез” з яго да пераможнага фіналу. Я гэта як-небудзь перажыву, каб толькі ён і далей так трымаўся.

– Як вядома, адзін у полі не воін. Ваша “войска” – …

–…кіраўнік спраў Іна Іванаўна Кімстач і, канешне ж, старэйшыны вёсак і актывісты. Усіх бязмежна цаню, усіх вельмі люблю, усім нізкі паклон! Іх дапамога ў справах самага рознага роду, іх маральная падтрымка бясцэнныя. З такімі людзьмі, як ні пафасна гэта гучыць, можна звярнуць горы.

Ад аўтара

Якім яшчэ ўбачыўся Іван Лакуцэвіч? Улюбёным у родную зямлю і прыроду. Нарадзіўся і вырас ён у вёсцы Заборцы і, хоць даўно ўжо афіцыйна жыхар Докшыц, ад малой радзімы не змог адарвацца. Сцены кватэры, утульнай і камфортнай, усё ж цесныя для яго шырокай натуры. Больш за тое, ён упэўнены, што ў кватэры мужчына дэградзіруе. Таму менавіта бацькоўскі дом стаў для Івана Людвігавіча месцам сілы, месцам творчасці, месцам, дзе працуюць яго залатыя рукі і адпачывае душа. Кажа, даўно яго прываблівала пчалярства, хоць ні дзед, ні тата гэтым не займаліся. А ён заняўся – не ў прамысловых маштабах, а выключна для сваіх патрэб. “Сям’і, родным, сябрам мёду хапае, а мне – рэлаксу”, – сцвярджае. І кідаць гэту справу не збіраецца: ёсць у ёй штосьці заварожваючае, магічнае нават. Раней дапамагаў старэйшы сын Віталій, які ўжо дарослы і жыве асобна, зараз – другі сын Яраслаў і дачушка Арына – чым не прычына для натхнення?

photo_2025-09-08_14-46-16

photo_2025-09-08_14-46-22

Праца з дрэвам – яшчэ адно захапленне нашага героя. У сваёй майстэрні ў Заборцах ён вырабляе палічкі і пано, мэблю, куфэркі і многае іншае. Нядаўна з эпаксіднай смалой у якасці дэкору стаў працаваць. Зробленыя рэчы (у большасці ў адзінкавым экзэмпляры) ніколі не прадае – толькі дарыць і ад гэтага атрымлівае ў разы больш. Яшчэ адна грань яго таленту – садаводства, у якім не шукае, па ўласным прызнанні, лёгкіх шляхоў. Вырошчвае п’яніцы, размнажае туі чаранкаваннем, фарміруе прыгожа пераплеценыя ствалы ў самшыту… Карацей, вабіць яго ўсё, што складана, што патрабуе творчага, неардынарнага падыходу. Такі ён, мабыць, ва ўсім. Кажа, што раней вырашыў паспрабаваць сябе ў ролі паляўнічага і адмовіўся ад гэтай ідэі: зразумеў, што па сваёй сутнасці ён “заточаны” на стварэнне, а не на знішчэнне.

Маленькі жартоўны штрых

Пасля размовы Іван Людвігавіч праводзіў нас да машыны. У двары сельвыканкама сустрэліся са старэйшынай вёскі Крыпулі Ліліяй Лініч і мясцовай актывісткай Людмілай Каляга – яны прыйшлі да старшыні абмеркаваць надзённыя справы. Сталі рабіць здымак – у кадр імкнуўся патрапіць чыйсьці дружалюбна настроены сабака. “Гэта ў Паўловіча (прозвішча зменена – Аўт.) сарваўся”, – заўважыла Людміла Мікалаеўна. “Не, не ў Паўловіча – гэта з Паўночнага Гняздзілава прыбег”, – мімаходзь адзначыў Лакуцэвіч. “Вы і сабак усіх ведаеце?” – акруглілі вочы жанчыны. Куточкі вуснаў у Івана Людвігавіча задрыжалі ад стрымліваемага смеху, але адказаў ён сур’ёзна: “А як жа: работа ў мяне такая”.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА
і з асабістага архіва.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *