Быть мамой — большое счастье, а быть мамой многодетной — счастье, умноженное в разы, уверена Екатерина Павлинович из Крулевщины
Быть мамой — большое счастье. Быть мамой многодетной — счастье, умноженное в разы. В этом твердо убеждена заместитель заведующего по основной деятельности Крулевщинского детского сада Екатерина Павлинович, с нежным словом «мама» к которой обращаются сын и две доченьки.
– Лічу, што стварэнне шчаслівай сям’і, якая мацуецца на любові, узаемаразуменні і даверы, – гэта асноўны сэнс жыцця, – гаворыць Кацярына, што з першай хвіліны знаёмства прыцягвае да сябе мяккай жаноцкасцю, абаяльнасцю, цёплай усмешкай, мілагучным голасам. – Так, ёсць яшчэ шмат чаго, за што чалавека цэняць і паважаюць, што ён можа зрабіць дзякуючы сваёй прафесійнай, працоўнай, грамадскай, творчай дзейнасці. Але нарадзіць і выхаваць дзіця – гэта самая высокая місія на зямлі, самае значнае наша ўкладанне ў далейшае развіццё цывілізацыі. Лічу, думка такая не высакамоўная – у ёй ісціна. І калі пазнанне Сусвету ў малышоў пачынаецца з мамы, то мама павінна зрабіць усё, каб першыя іх крокі на жыццёвым шляху былі ўпэўненымі, камфортнымі і паспяховымі.
Галоўным у сям’і Кацярына Віктараўна называе мужа Сяргея Уладзіміравіча, што працуе аператарам ачышчальных збудаванняў філіяла “Докшыцыводаканал”, – ён здабытчык, ён абаронца, ён тое самае надзейнае і моцнае плячо, пра якое марыць кожная жанчына. Каця ж – захавальніца дамашняга ачага ў самым шырокім разуменні гэтага выразу. З гэтай роляй яна выдатна спраўляецца, мяркуючы па тым, як выдатна выглядае сама, які парадак трымае ў доме і гаспадарцы і, канешне ж, па тым, якія цудоўныя растуць у яе сям’і дзеці. Старэйшы, васьмікласнік Аляксей, стрыманы, разважлівы, акуратны – прыклад і аўтарытэт для меншых шустрыкаў – трэцякласніцы Улады і трохгадовай Ульяны. Нараджэнне ўсіх траіх, прызнаецца мама, асэнсаванае і запланаванае.
– Думала спачатку, што на Лёшку мы і спынімся, – дзеліцца Кацярына. – Мы з Сяргеем шмат перажылі, пакуль змагаліся за яго сілы і здароўе. Аднак гэта нас яшчэ больш з’яднала і зацвердзіла ў думцы, што ў нашай сям’і абавязкова будуць яшчэ дзеці.
Суразмоўца з радасцю распавядае, што, пражыўшы дванаццаць гадоў у кватэры, яны з нараджэннем Ульянкі змаглі з дапамогай мацярынскага капіталу купіць прыгожы і прасторны дом, займець уласны агарод (а Каця вельмі любіць займацца нарыхтоўкамі на зіму). Гаспадарка, смяецца, пакуль яшчэ невялікая: сабака, кот і папугай – іх вельмі любяць дзеці. Але ў планах пашырэнне і развіццё.
На пытанне, што дапамагае знаходзіць сілы для штодзённай бытавой руціны, якой у шматдзетнай маці цераз край, яна адказвае на дзіва лёгка і проста: “Стараюся ўсё рабіць з душой і ад любога занятку атрымліваць задавальненне”. Дадае яшчэ, што не толькі ў яе самой і ў мужа, але і ў кожнага з дзяцей, нават у маленькай Ульяны, ёсць у доме свае абавязкі, якія імі выконваюцца калі ахвотна, а калі і па загадзе, але тым не менш выконваюцца, а гэта ўжо немалое падспор’е. Да ўсяго, Кацярына Віктараўна любіць гатаваць, здзіўляць родных новымі стравамі, любіць наводзіць у доме чысціню і абуладкоўваць яго, каб было ўтульна і прыгожа, любіць дзіцячы гоман і валтузню – нездарма ж і прафесію сабе выбрала непасрэдна звязаную з дзецьмі, а ў ёй без любові нельга існаваць.
У сям’і Паўліновічаў прынята сустракаць усе святы і проста збірацца без ніякай нагоды разам са старэйшым пакаленнем. Кацярына з цеплынёй гаворыць як пра сваіх бацькоў Віктара Уладзіміравіча і Ірыну Іванаўну Корсакаў, так і пра бацькоў мужа – Уладзіміра Лявонцьевіча і Алену Мікалаеўну Паўліновічаў.
– Яны для нас з Сяргеем прыклад, як трэба трымацца адно за аднаго, берагчы сям’ю, быць аўтарытэтам і надзейным крылом для дзяцей. А Лёша, Улада і Ульяна ў сваю чаргу з вялікай радасцю наведваюцца ў госці да бабуль з дзядулямі і чакаюць іх прыезду да нас, – адзначае Каця і дадае: – Ну хіба не здорава, што з іх нараджэннем я не толькі стала шчаслівай сама, але і падарыла шчасце яшчэ столькім дарагім мне людзям?
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Аляксандра Варанковіча.