Мастерица Светлана Гаранина из агрогородка Ситцы любит пробовать свои силы в разных техниках декоративно-прикладного искусства
Мне нужно все попробовать. Эти слова завхоза Ситцевской средней школы и рукодельницы Светланы Гараниной можно считать ее жизненным кредо. Подтверждением тому многочисленные работы в самых разных и отличающихся одна от другой техниках, которые мастерица щедро раздаривает родным, друзьям, коллегам и, как говорит, просто добрым людям.
– Нічога не магу з сабой зрабіць – убачу штосьці новае ў Інтэрнэце, на якой-небудзь выставе ці ў кагосьці са знаёмых – і загараюся, – смяецца Святлана Антонаўна і дадае ўжо сур’ёзна: – Многія з тых, хто нічога не спрабаваў стварыць сваімі рукамі, думаюць, што такім чынам я эканомлю на пакупках якіхсьці рэчаў. Некаторыя з тых, хто разумее, што любое хобі патрабуе дастаткова значных фінансавых затрат, лічаць, што дарма я так замарочваюся, калі зараз усё можна купіць. А я паслухаю і адных, і другіх – і за справу. Ці ж растлумачыш тым, хто не зведаў творчага азарту, гарэння, якое задавальненне атрымліваеш ад зробленай сваімі рукамі рэчы, як памнажаецца твая радасць, калі бачыш радасць таго, каму твой падарунак прыйшоўся даспадобы.
Цяга да творчасці і, што не малаважна, здольнасці ў Святланы праявіліся рана, яшчэ ў школьныя гады. Урокаў працы ёй паказалася малавата – яшчэ і ў гурток кройкі і шыцця запісалася. Як вынік, больш нідзе гэтаму не вучыўшыся, можа пашыць не толькі пасцельную бялізну ды фартух з начной кашуляй, а і даволі складаныя рэчы. Шкадуе, што не рашылася па парадзе сённяшняй загадчыцы аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН Алены Міхайлаўны Сарокінай паступаць у індустрыяльна-педагагічны інстытут. Але ж мінулае не перапішаш, а талент, калі ён ёсць, у любым выпадку праяўляецца.
Чым жа даводзілася загарацца нашай гераіні? Лягчэй, мусіць, назваць тое, чым яна яшчэ не займалася. Былі вышыўка і бісерапляценне, букеты з цукерак і мылаварэнне, алмазныя і жывапісныя карціны і вырабы з газетных трубачак… А якія пернікі прыгожыя атрымліваліся – такія нават есці шкада. Пра апошнія ж захапленні варта распавесці больш падрабязна. Спачатку Святлана Антонаўна “падсела” на пляценне з ратангу. Можа б, кажа, і спынілася праз якія месяцы два-тры, але муж Генадзь Вікенцьевіч, галоўны інжынер ДП “АграСітцы”, падтрымаў яе ў гэтай справе і аказвае са свайго боку немалую дапамогу, рыхтуючы асновы для вырабаў – ці гэта пластмасавыя ёмістасці, у якіх трэба пракруціць адтуліны, ці каркасы з ацынкаванай сеткі для дэкаратыўных у будучым апор пад кветкі і садовае кустоўе.
Зацікавілася наша гераіня і вырабамі з гіпсу. Рознага роду статуэткі – гэта, канешне, цікава і прыгожа, а вось дэкаратыўная плітка для сцен – яшчэ і карысна. Атрымалася не горш, а, можа, нават і лепш за фабрычную. А тут убачыла ў Інтэрнэце магічнае дзеянне – работу з эпаксіднай смалой. І панеслася! Падсвечнікі і ёлачныя цацкі (іх хапае зараз, каб упрыгожыць навагоднюю ёлку ад столі да падлогі, у запасе цэлая каробка, і безліч падаравана), пано, талеркі, падстаўкі, мянажніцы… На драбнейшым, кажа, набіла руку – у планах брацца за больш аб’ёмныя работы, напрыклад, стальніцы. Ды і яшчэ адно новае захапленне з’явілася: Святлана ўзялася за сваю першую сумачку з дэкаратыўнага шнура. Ужо па тым, што зроблена, бачна: будзе прыгожая і адметная рэч.
Дзе бярэ на ўсё час, калі, як і ва ўсіх, работа, дом, гаспадарка, сямейныя клопаты? “Ахвота горш за няволю, – смяецца. – Стаханаўскімі тэмпамі стараешся перарабіць справы руцінныя, каб хутчэй узяцца за тое, што дае асалоду душы”.
Не паспрачаешся.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара і з уласнага архіва.