Очередной выпуск проекта «Вёсачка мая» рассказывает о деревне Ковли Березинского сельсовета

IMG_5140

Ковли — деревня в Березинском сельсовете. В отличие от большинства населенных пунктов, о которых рассказывалось в проекте районной газеты «Вёсачка мая», Ковли никогда не разрастались до значительного количества населения. В начале ХХ в. деревня входила в состав Тумиловичской волости Борисовского уезда, и насчитывалось в ней девять дворов и 25 жителей (для сравнения: в Шалагирях, находящихся в близком соседстве, тогда было 35 дворов и 238 жителей). В 1923 году в Шалагирях открылась начальная школа, в которую ходили и дети из Ковлей. Накануне Великой Отечественной войны в деревне было то же количество жителей, что и 30 лет назад, но жилых домов было уже шесть. В августе 1943 года немецко-фашистские оккупанты сожгли деревню и погубили трех жителей. После войны жизнь в Ковлях возобновилась, но густонаселенными они не стали. На первое января 2004 года там в двух домах проживали четыре человека, сейчас — три. Есть еще один дом, окна которого светятся летом и иногда в выходные дни.

“Дрэнна – гэта ў слабых людзей”

Ох ужо гэта журналісцкае шчасце! Сустрэнеш чалавека, ад якога захоплівае дух і з якім не хочацца расставацца, а расказаць пра яго трэба сцісла. Паспрабуй тут, калі цябе проста распірае ад эмоцый, а радкі бягуць несканчоным ручайком. Што ж, будзем спрабаваць… Усмешлівая жанчына на здымку з козачкамі – Валянціна Саковіч. Каўлі – малая радзіма яе мужа Мікалая Пятровіча. Прыехаць сюды на пастаяннае месца жыхарства было іх агульным рашэннем, якое ўсё ж такі прадыктавана абставінамі жыцця.

Валянціна Саковіч са сваімі “дзяўчаткамі”.

Валянціна Саковіч са сваімі “дзяўчаткамі”.

Гаспадара, на жаль, мы дома не заспелі: паехаў з сябрамі на рыбалку. Гэты занятак, акрамя нядрэнных уловаў, прыносіць яму, канешне ж, і задавальненне, а жыць на пенсіі патрэбна толькі з задавальненнем, упэўнена яго верная палова.

Саковічы, былыя сталічныя жыхары, усталяваліся ў звычайнай вясковай хатцы шэсць гадоў таму ў сувязі з атрыманай раней галавой сям’і сур’ёзнай траўмай пазваночніка. Валянціна Трыфанаўна, прафесійная высакакласная масажыстка, шмат намаганняў ва ўсіх магчымых напрамках прыклала для таго, каб наступствы траўмы давалі пра сябе менш знаць.

– Мне мала было таго, чаго мы дасягнулі ў барацьбе за аднаўленне ўсіх функцый арганізма Колі, – дзеліцца суразмоўца. – Цвёрда была ўпэўнена: свежае паветра, здаровае харчаванне, умераныя фізічныя нагрузкі, асабліва тыя, якія развіваюць і ўдасканальваюць маторыку рук, завершаць справу. Бяздзейнасць гарадская толькі шкодзіла і ў фізічным, і ў псіхалагічным плане. Я не памылілася – зараз мой муж практычна здаровы чалавек, да якога вярнулася радасць жыцця. А яно ў вёсцы аказалася яшчэ больш насычаным, чым у горадзе, бо мы ці не кожныя выхадныя прымаем у сваім доме дзяцей і ўнукаў, іншую радню і сяброў. А колькі цікавых заняткаў! А колькі яшчэ ў планах!

І такія ўловы ў Мікалая Пятровіча не рэдкасць.

І такія ўловы ў Мікалая Пятровіча не рэдкасць.

Мікалай Пятровіч у мінулым начальнік гаража гарадской аварыйнай службы пры Мінгарвыканкаме, Валянціна Трыфанаўна пакінула добры след не толькі ў медыцыне (на яе масажы былі вялікія чэргі), але і нямала гадоў адпрацавала выхавацелем у другім гарадскім дзіцячым доме. Яе ўспаміны пра той перыяд – на разрыў душы. Думаецца, яна рэалізавалася ў абедзвюх сферах дзейнасці: столькі ў яе сэрцы любові да людзей, спагады і святла, памножаных на выключную працавітасць, актыўнасць і мэтанакіраванасць у дасягненні задуманага.

– Мэтанакіраванасць – гэта пра мяне, арганізатар я, без залішняй сціпласці, выдатны, – згаджаецца Валянціна Трыфанаўна. – А як жа інакш? У свеце столькі цікавага, што хацелася б убачыць, паспрабаваць зрабіць. Няма як марна траціць час і нельга адступаць, калі што задумаў. У нас усё добра, дрэнна бывае толькі ў слабых людзей.

Спадары Саковічы не трацяць час. Дом дабудавалі, выкапалі склеп, правялі ацяпленне, зрабілі санвузел. Узяліся за агародніцтва і жывёлагадоўлю, чым ніколі раней не займаліся. І ўсё атрымліваецца – “а спецыяльная літаратура навошта?” Мікалай Пятровіч займаецца пасекай, Валянціна Трыфанаўна з казінага малака робіць тварог і масла. У сёлетні неўраджайны на грыбы, акрамя лісічак, год у іх насушана баравікоў, намарынавана безліч слоікаў апенек, насмажана махавічкоў. Ягад розных назбіралі, нарасцілі рэмантантных клубніц і суніц. Урадзіла ўся гародніна. Яйкі і мяса таксама свае.

– У нас усё добра, дрэнна бывае толькі ў слабых людзей. Нават альвас, паглядзіце, зацвіў, які можа жыць сто гадоў і ні разу не цвісці, – радуецца гэта неверагодна абаяльная жанчына.

– А яшчэ мы бусліка выгадавалі, скінутага бацькамі з гнязда. Паляцеў у вырай разам з усімі!

Саковічы паспяваюць падарожнічаць, асабліва любяць наведваць святыя мясціны. Шчаслівыя тым, што разам, што пераадолелі цяжкасці, што могуць займацца тым, да чаго ляжыць душа.

Маленькія вёскі, кажуць, а людзі – вялікія. Сапраўды, такія людзі, як Валянціна Саковіч, расквецяць святлом сваёй душы ўсё наваколле і зробяць жыццё вірлівым у самым ціхім месцы.

Адзін, але не адзінокі

Нялёгкі лёс у яшчэ аднаго каўлёўскага жыхара Віктара Шнітко. Трагічны выпадак у адзін момант перакрэсліў усе мары і планы на далейшае жыццё, пакінуўшы першачарговую задачу для яго самога і яго родных, – аднавіць здароўе, наколькі гэта магчыма, і проста жыць. Ён справіўся – не апусціў рукі, не азлобіўся, не закрыўся ад людзей. Задаволены тым, што мае, радуецца кожнаму новаму дню, нясе ў гэты свет толькі дабрыню.

Віктар Шнітко са сваім студэнцкім альбомам.

Віктар Шнітко са сваім студэнцкім альбомам.

Гартаем з Віктарам Мікалаевічам альбомы, у якіх на фота ён малады, дужы, прыгожы. Ахвотна распавядае нам пра тыя гады. Нарадзіўся ў вёсцы Туроўшчына, а ў хуткім часе сям’я перабралася на пастаяннае месца жыхарства ў гэтую невялічкую, акружаную прыгожымі ляснымі краявідамі вёску. Светлымі блікамі – успаміны пра дзяцінства і юнацтва. З гордасцю – пра службу ў арміі. Рослы, статны, шыракаплечы Віктар патрапіў у войскі, пра якія марылі тады ці не ўсе прызыўнікі, – паветрана-дэсантныя. Давялося нейкі час ваяваць у Афганістане, адкуль вярнуўся, што называецца, без драпіны.

Закончыўшы Малабераставіцкае СПТВ-53, наш герой уладкаваўся працаваць пчаляром у Браслаўскі лясгас. Кажа, работа была настолькі па душы, што проста на крылах лятаў. Каб жа толькі на крылах… У 80-ыя гады самымі “крутымі” юнакамі на вёсцы лічыліся тыя, у каго меліся японскі магнітафон-дзвюхкасетнік і матацыкл “Ява”. У Віці такі матацыкл – магутны, хуткасны – быў. І ў адзін страшны дзень палёт на ім закончыўся аварыяй…

За жыццё і здароўе хлопца змагаліся медыкі ў Германіі. І ўратавалі. Аднак атрыманая інваліднасць вымушала ладкаваць жыццё па-іншаму. Віктар гэты крыж панёс годна. Не стаў свайго роду адшчапенцам, цягнучыся да людзей не па дапамогу, а з дапамогай, не спіўся, бо выратаванне ў алкаголі шукаюць слабакі, а ён быў і застаецца чалавекам моцным.

Як жа жыве зараз гэты чалавек у сціплым дамку, што захаваў усе рысы часоў яго юнацтва? Жыве, не наракаючы на лёс, у добрым сяброўстве з суседзямі Саковічамі, да якіх адносіцца як да родных і мае ў гэтым узаемнасць. Даглядае сваіх любімых пчол, нарыхтоўвае дровы, падтрымлівае парадак у доме, гатуе ежу і трымае ў чысціні посуд, збірае лясныя дары. Радуецца прыездам дваюраднай сястры, якая апякуецца над ім, – ласкава называе яе Марынкай. Чытае кнігі і газеты, глядзіць фільмы і тэлеперадачы. Клапоціцца пра Васю – шэрага ката, які ў дванаццаць гадоў выдатна выглядае і вылучае ў адказ на гаспадарову любоў мора муркатлівага і тактыльнага пазітыву. Самае галоўнае – жыве ў згодзе з самім сабой, сваім унутраным светам і светам навакольным.

IMG_5138

Такі вось вялікі і прыгожы дом, трэці па ліку ў Каўлях, пабудаваў ураджэнец гэтых мясцін, архітэктар па прафесіі, – марыў пасля выхаду на пенсію пераехаць сюды жыць. Марыў, што родныя людзі будуць прыязджаць і выдатна бавіць час на ўлонні прыроды. На жаль, не ўсім нашым планам бывае суджана збыцца. Так і не давялося парадавацца гаспадару вынікам сваёй працы – пайшоў заўчасна з жыцця. А нашчадкі прыязджаюць – значыць, праца тая і мары былі недарэмнымі.

Алена НЕСЦЯРОНАК.

Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *