Стаж работы механизатора ОАО «Барсучанка» Владимира Лавцевича приближается к четырем десяткам лет

Механізатар Уладзімір Лаўцэвіч.

Механізатар Уладзімір Лаўцэвіч.

Стаж работы в сельскохозяйственной отрасли механизатора ОАО «Барсучанка» Владимира Лавцевича приближается к четырем десяткам лет, а добросовестность в работе по десятибалльной шкале оценивается наивысшим баллом.

Вобразна гэтага чалавека можна назваць байцом нябачнага фронту, бо ён не ўваходзіць у кагорту трактарыстаў-машыністаў, якія прымаюць удзел у раённых спаборніцтвах на ворыве глебы, падрыхтоўцы яе да сяўбы, самой сяўбе, уборцы вырашчанага ўраджаю. Але з’яўляецца дастойным прадстаўніком той кагорты, без якой таксама немагчымыя высокія вытворчыя паказчыкі сельгаспрадпрыемстваў, – гэта механізатары, якія займаюцца абслугоўваннем жывёлагадоўчых фермаў і комплексаў, уносяць на палеткі арганіку і мінеральныя ўгнаенні, праводзяць хімпраполку і выконваюць яшчэ безліч неабходных спраў. Іх праца не настолькі “гучная”, але не менш складаная і патрэбная.

Вось і зараз заспелі Уладзіміра Францавіча за вывазкай арганікі на палеткі ад МТФ “Барсукі”. Яго “немалады” ўжо – дзясяты год працуе – МТЗ-82.1 дзякуючы клапатлівым адносінам гаспадара і выглядае, і функцыянуе добра. Гаспадар жа, ураджэнец вёскі Дзядкі, а зараз жыхар аграгарадка Порплішча, у галіне працуе з 1989 года. Калі так можна сказаць, уваходзіць у склад сямейнай каманды: жонка Аксана Анатольеўна – аператар машыннага даення, таксама адказная і добрасумленная работніца.

– Асноўных напрамкаў маёй дзейнасці два, – усміхаецца Уладзімір Францавіч. – У халодную пару года я абслугоўваю фермы, а як толькі пойдзе трава ў рост – касец. Не, не на палетках – пад маім “ведамствам” усе няўдобіцы гаспадаркі на тэрыторыях Парплішчанскага і Докшыцкага сельсаветаў. Змагацца з бур’яном і пустазеллем мне дапамагае невялічкая, але вельмі трывалая і зручная ў прымяненні нямецкая каса КДН-2,6. Работы шмат, знай толькі спраўляйся. Асаблівая напруга была сёлетнім дажджлівым летам, калі травы раслі не па днях, а па гадзінах. Але ж, як гаворыцца, вочы баяцца, а рукі робяць.

Менавіта працавітасць, добрасумленнасць, гатоўнасць прыйсці на выручку адзначае кіраўніцтва ААТ “Барсучанка” як асноўныя рысы Уладзіміра Лаўцэвіча. А яшчэ – прафесіяналізм і любоў да тэхнікі, разважлівасць і памяркоўнасць.

– Без нашага Францавіча мы як без рук, – гаворыць намеснік дырэктара сельгаспрадпрыемства Валянціна Рамановіч. І гэта, як падалося, самая найлепшая характарыстыка і найвышэйшая пахвала.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *