53 километра за четыре дня преодолели туристы из СШ № 1 г. Докшицы им. И.С. Полевого

44 с

Лепшай вандроўкай у абласных спаборніцтвах “Спартыўныя турыстычныя паходы” прызнана падарожжа вучняў СШ № 1 г. Докшыцы імя І.С. Палявога пад кіраўніцтвам настаўніка фізічнай культуры Сяргея Кашчэева. І гэта далёка не першая перамога згуртаванай каманды апантаных турыстаў. Па якіх сцежках быў пракладзены пераможны маршрут, яны расказалі самі.

– Да кожнага паходу рыхтуемся загадзя, – гаворыць Сяргей Кашчэеў. – Не проста прыдумваем напрамак, а па карце вывучаем мясцовасць, прадумваем магчымыя прыпынкі, даведваемся пра цікавыя месцы, якія можна наведаць. Абавязкова глядзім, дзе можна папоўніць запасы пітной вады. Звычайна вандроўкі нашы не аднадзённыя. У дарозе можа здарыцца ўсялякае, таму, па правілах арганізацыі падарожжаў, абавязкова складаем аварыйныя варыянты сходу з маршрута. Для гэтага даведваемся пра расклад руху пасажырскага транспарту ў той мясцовасці, куды ідзём. Акрамя таго, цікавімся адрасамі і рэжымам работы паштовых аддзяленняў, ФАПаў, крам. Маім памочнікам у вандроўцы стаў калега Мікіта Азаранка, з якім разам і рыхтаваліся да падарожжа.

– Паход, які мы здзейснілі на восеньскіх канікулах, быў ацэнены другой ступенню складанасці, – расказвае адзін з самых вопытных турыстаў дзесяцікласнік Павел Касцючэнка. – За чатыры дні мы адолелі 53 кіламетры, пазнаёміліся з памятнымі аб’ектамі на тэрыторыі Мінскага і Маладзечанскага раёнаў. У першы дзень на аўтобусе дабраліся да ст. Параф’янава, адкуль на цягніку трапілі ў Маладзечна. Там пераселі на цягнік, які ішоў у бок сталіцы. Сышлі на станцыі Хмелеўка – з гэтай кропкі і пачалося наша пешае падарожжа. Маршрут не заўсёды праходзіць па сцежках і дарогах агульнага карыстання, прыходзіцца пераадольваць розныя прыродныя перашкоды. Таму вельмі важна апранацца і, галоўнае, абувацца ў паход правільна. Нас можна ўжо назваць бывалымі. Асаблівых замінак падчас вандроўкі не было, толькі спатрэбіўся рамонт заплечніка.

Каля мемарыяла экіпажу савецкага лётчыка  М. Гастэлы.

Каля мемарыяла экіпажу савецкага лётчыка М. Гастэлы.

– Люблю паходы за тое, што яны даюць магчымасць даследаваць прыроду, адкрываць новыя месцы і знаходзіць цікавыя аб’екты, – дзеліцца ўражаннямі дзевяцікласніца Паліна Андрыеўская. – У гэтым падарожжы мы наведалі гісторыка-культурны комплекс “Лінія Сталіна”, пабывалі на малой радзіме славутага беларускага паэта Янкі Купалы ў музеі-сядзібе “Вязынка”. Схілілі галовы ў хвіліне маўчання каля мемарыяла экіпажу савецкага лётчыка Мікалая Гастэлы, а таксама іншых помнікаў загінулым у часы Вялікай Айчыннай вайны.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *