Нелёгкой была судьба Михаила Пралича — ветерана Великой Отечественной войны из деревни Вилейка Докшицкого района
Усё менш у страі на гераічнай докшыцкай зямлі ветэранаў і вязняў Вялікай Айчыннай вайны. Але памяць пра іх не згасае.
Нялёгкім быў лёс Міхаіла Праліча – ветэрана Вялікай Айчыннай вайны з вёскі Вілейка Бярозкаўскага сельсавета.
Нарадзіўся ён у 1922 годзе ў беднай сялянскай сям’і. Бацька памёр рана, і хлопчыку з дзяцінства прыйшлося замяніць гаспадара: неверагодна, але ў шэсць гадоў ён ужо ўпраўляўся з канём. Цяжка працаваў і ў юнацтве – сельскае падвор’е перапынкаў на адпачынак не давала.
Калі ў маі 1943 года падчас аперацыі “Котбус” немцы палілі Вілейку, дзе жыла сям’я Пралічаў, Міхаіл, па папярэджанні партызан, разам з некаторымі іншымі жыхарамі паспеў вывесці родных у лес.
А ў армію яго прызвалі ўжо пасля вызвалення Беларусі. “Ішлі мы, вясковыя хлопцы, галодныя, абарваныя, у лапцях пяшком аж у Дамашкавічы, – успамінаў ветэран. – І калі там нас абмундзіравалі, накармілі, то мы былі самымі шчаслівымі…”
Пасля практыкі на стрэльбішчах Праліч накіраваўся на 3-і Беларускі фронт пад Кёнігсберг. “Я быў другім нумарам кулямёта ў пяхотным батальёне, – расказваў ён. – Але паваяваць з немцамі мне шмат не давялося – у першым жа баі наш кулямётны разлік трапіў пад выбух снарада. Мяне засыпала зямлёй, дзе я то прыходзіў у прытомнасць, то зноў страчваў яе. Гэта працягвалася гадзін пяць. Знайшлі мяне, засыпанага, па боце, які выглядваў з-пад зямлі. Я быў паранены ў галаву, асколак пашкодзіў вочы. Потым лячыўся ў шпіталі, трапіў у запасны полк”.
Але вайна для Міхаіла Праліча на гэтым не закончылася. Летам 1945 года іх запасны полк перакінулі на тэрыторыю Карэі для барацьбы супраць Японіі.
“Салдаты праціўніка сядзелі па два-тры чалавекі ў зямлянках, раскіданых паміж сопкамі, – на першы погляд, быццам і няма нікога нідзе, – дзяліўся ўражаннямі Міхаіл Піліпавіч. – Той, хто падмануўся на гэта, паплаціўся жыццём. Да прыкладу, аднойчы пад’ехала некалькі машын з савецкімі салдатамі да возера, байцы хуценька распрануліся і кінуліся купацца. І тут жа “мёртвыя” сопкі ажылі кулямётным агнём…” За ўдзел у баявых дзеяннях Міхаіл Праліч быў узнагароджаны медалём “За перамогу над Японіяй”.
– Міхаіл Піліпавіч не толькі дастойна абараняў Радзіму, але і актыўна аднаўляў разбураную ў вайну родную вёску, – сказала старшыня Бярозкаўскага сельвыканкама Таццяна Славікоўская. – Пасля вайны ён вярнуўся дадому і працаваў у саўгасе. Яго агульны стаж у гаспадарцы склаў больш за пяцьдзясят гадоў. Нашы ветэраны – прыклад самаадданасці Айчыне, мужнасці і працавітасці.
Рэдакцыя выказвае падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы публікацыі галоўнаму спецыялісту аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Таццяне Гайчук.
Падрыхтавала Ніна КРУКОВІЧ.
