Алла Подлещук из Порплища стала одним из лучших операторов машинного доения

IMG_1704 с

Імя аператара машыннага даення Алы Падляшчук, якая працуе на малочнатаварным комплексе “Варганы” ААТ “Барсучанка”, у раёне добра вядома. Яе працоўныя поспехі – а гэта заўсёдныя высокія паказчыкі і шматразовыя перамогі ў раённых спаборніцтвах – вынік не толькі добрасумленных адносін да справы, але і высокага прафесіяналізму, адшліфаванага дзесяцігоддзямі работы ў галіне жывёлагадоўлі.

На сённяшні дзень прырост валавой вытворчасці малака да ўзроўню мінулага года ў гаспадарцы складае 111,7 працэнта. Паказчык жа па МТК “Варганы” – 120 працэнтаў. У дастойнае сумеснае дасягненне калектыву значны ўклад уносіць Ала Аляксандраўна, якая на комплексе рупіцца з моманту яго адкрыцця, а гэта ўжо васямнаццаты год. Зараз яна для сваіх калег, якія прыйшлі працаваць у даільную залу нядаўна, і настаўнік, і памочнік, і прыклад для пераймання. Спрытная, увішная, акуратная і вельмі адказная, Ала Падляшчук з абавязкамі сваімі спраўляецца бездакорна, за што і адзначана чарговы раз на раённым свяце работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК.

А пачынала яна, займеўшы прафесію майстра малочнай вытворчасці, у родным Порплішчы, дзе жыве і цяпер, у цэху па вырабе сыроў, які паспяхова функцыянаваў у той перыяд, калі гаспадарка мела назву племзавод “Порплішча”. Работа, кажа, вельмі падабалася, але жыццёвыя абставіны часам бываюць мацнейшымі за нас. Вось і Але давялося памяняць род дзейнасці – стаць аператарам машыннага даення. Адным з лепшых, бо яе працавітасць і сумленнасць ніяк змен не перацярпелі.

– Работа Алы Аляксандраўны – заўсёды са знакам якасці, – гаворыць загадчык МТК “Варганы” Алена Мухаева. – Гэта пра такіх людзей кажуць, што на іх трымаецца зямля, што з імі можна звярнуць горы. Я вельмі рада, што такі чалавек ёсць у нашым згуртаваным і працавітым калектыве, якім даражу і ганаруся.

…Алу Аляксандраўну заспелі дома: у яе якраз быў выхадны і ў дадатак – дзень нараджэння. Наша гераіня ўзрадавалася таму, што на здымку будзе з прычоскай і макіяжам, а не ў рабочым халаце і скураным фартуху. І гэта зразумела: якая жанчына не хоча быць прыгожай і дагледжанай? Ала ж сапраўдная прыгажуня, і гэта пры тым, што мае нялёгкую работу і з хатняй гаспадаркай, у якой ёсць яшчэ карова, спраўляецца ў асноўным сама: дзеці ўжо дарослыя. Вельмі ўдзячная за дапамогу сястры Таццяне, з якой разам, як вобразна гаворыцца, на кволых жаночых плячах вывозяць увесь груз бытавых клопатаў і разам з тым радуюцца жыццю ў яго розных праявах. А ці не гэта галоўнае, каб любая справа спорылася?

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *