Мастер Докшицкого РЭС Валерий Савицкий верен единственному месту работы
Докшыцкі РЭС займаецца абслугоўваннем электрасетак раёна, забяспечваючы спажыўцоў бесперабойнай электраэнергіяй. У калектыве плячо ў плячо працуюць вопытныя і маладыя работнікі, захоўваецца пераемнасць пакаленняў. Сярод старажылаў РЭС, верных адзінаму месцы работы, – майстар лінейнай брыгады Валерый Савіцкі.
У Раён электрычных сетак Валерый Тамашавіч прыйшоў у лістападзе 1994 года. Адразу ўладкаваўся электраманцёрам, а ў 1998-м быў назначаны майстрам.
– Валерыю Савіцкаму можна даверыць любую справу і быць упэўненым, што ён выканае яе граматна, – характарызуе работніка начальнік РЭС Іван Ючкавіч. – Дысцыплінаваны, адказны, і брыгада ў яго моцная.
У асноўным работа рэсаўцаў праходзіць на вуліцы. У гэтым і плюс – пастаянна знаходзіцца на свежым паветры, і мінус – часта мірыцца з холадам, марозам, дажджом ці спёкай.
– Абслугоўванне размеркавальных сетак падабаецца за разнастайнасць, – расказвае Валерый Тамашавіч. – Капрамонты, рэканструкцыі, падключэнне электраацяплення, ізаляцыя высакавольтных уводаў, замена і нумарацыя апор, абрэзка дрэў пад правадамі, устараненне наступстваў стыхіі і шматлікае іншае.
Брыгада Савіцкага абслугоўвае Докшыцкі ўчастак, у яе склад уваходзяць пяць электраманцёраў і адзін вадзіцель.
У майстра шмат і папяровых клопатаў: выпіска нарадаў, вядзенне табеляў па ўліку рабочага часу, падрыхтоўка актаў прыёмкі выкананых работ і актаў на спісанне матэрыялаў. Ён адказвае за допуск сваёй брыгады да працы і выкарыстанне спецмеханізмаў, праводзіць інструктажы і кантралюе ўсе працэсы дзейнасці ў межах сваёй кампетэнцыі. Да ўсяго на выездах робіць такую ж работу, як і яго падначаленыя калегі. У іх невялікім калектыве пануе зладжанасць. Для зручнасці нават у водпуск ходзяць адначасова.
– Прывык да свайго ўчастка і брыгады, у якой знаходжуся з самага пачатку працоўнага шляху, і не ўяўляю сябе на іншым месцы, – кажа Валерый Тамашавіч.
Між тым у юнацтве ён марыў пра мора. Пасля 8 класа паступіў у ліепайскую “мараходку” і чатыры гады вучобы настройваў сябе на падарожжы па хвалях. Набыў спецыяльнасць тэхніка-электрамеханіка па абслугоўванні суднавага электраабсталявання і паспеў схадзіць у адзін рэйс. З распадам Савецкага Саюза рассыпалася і мара пра караблі. Была прапанова пакарыць Камчатку, але на такую далеч хлопец не падпісаўся: ведаў, што замучыць настальгія. Так і вярнуўся ў родныя Докшыцы, дзе не толькі знайшоў сваё прафесійнае прызначэнне, але і вялікае каханне.
Валерый і яго жонка Тамара – шматдзетныя бацькі. Дзве дачушкі ўжо дарослыя, сын – школьнік. Што прыкмячальна, нарадзіўся Лёша 22 снежня, акурат у прафесійнае свята бацькі – такі вось падарунак энергетыку. Блізкія людзі ганарацца Валерыем – прыкладным сем’янінам, старанным работнікам і добрым чалавекам.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.


