Многодетный отец из Узбекистана переехал в Беларусь и развивает овцеводство в Докшицком районе
Овцеводство — одно из перспективных, но пока что не самых популярных направлений развития животноводческой отрасли страны. В нашем районе ни одно сельхозпредприятие на сегодняшний день не занимается выращиванием овец, а вот на частных подворьях количество этой живности постепенно увеличивается. Основное же кудрявое поголовье содержится в крестьянско-фермерском хозяйстве «Карпович», что расположено на территории Березковского сельсовета. Управляет ей узбек Санжар Мадамов.
О том, почему он решил разводить овец в Беларуси, почему в названии хозяйства другая фамилия, как живется ему на Докшицкой земле, какие видятся перспективы развития любимого дела, а также о многом другом и шла речь во время нашей встречи.
З вараг у грэкі
Упершыню ў Беларусь, непасрэдна ў Мінскую вобласць, Санжар, які супрацоўнічаў з буйной тэкстыльнай фабрыкай “Само” ў горадзе Хаджаабадзе, прыехаў у 2018 годзе якраз для таго, каб арганізаваць гандлёвую кропку па продажы баваўнянай прадукцыі. Пазнаёміўся і пасябраваў з маладзечанскім прадпрымальнікам Дзмітрыем Карповічам, справа закруцілася. Для адкрыцця адной з крам былі выбраны і Докшыцы. Паколькі на той час у нашага героя не было віда на жыхарства, і ў гэтым, і ў далейшых праектах яго імя і не фігуруе.
Спытаеце, адкуль узяліся авечкі, калі чалавек займаўся і ў некаторай ступені працягвае займацца дзейнасцю зусім іншага роду?
– Я быў проста ўражаны, як з наступленнем цёплай пары ўсё ў беларускай прыродзе буйна расце і расцвітае, – распавёў Санжар Гафурджанавіч. – А якія сакавітыя, густыя травы! Для нас, жыхароў горнай краіны, гэта вялікая раскоша. Я нарадзіўся і вырас у сельскай мясцовасці, і авечкагадоўляй на радзіме паспеў крыху пазаймацца. Справа гэта мне дужа падабалася. Вось і падумаў: а ці не паспрабаваць тут пры такой колькасці свежых падножных кармоў? Ну а такая “эпапея” патрабавала майго пастаяннага знаходжання ў краіне, якую зараз, праз гады, хацеў бы называць сваёй, бо ў Докшыцах цяпер і мой дом, і мая сям’я, і мой бізнес, і мае планы і ідэі.
Ад мары да справы
Рызыка, вядома, была. Яна заўсёды ёсць, калі чалавек бярэцца за штосьці новае. Але ж кажуць, што, рызыкуючы, можна прайграць, а не рызыкуючы немагчыма выйграць. У хуткім часе для першага кроку на выбраным шляху надарыўся зручны выпадак: на аўкцыёне прадаваліся вытворчыя будынкі КУСГП імя Чэрныша, якое спыніла сваё існаванне. Санжар купіў іх (гэта за вёскай Чысці-Вардамскія) і аформіў дакументы на сялянска-фермерскую гаспадарку. Сабраў каманду, у склад якой увайшлі бухгалтар, ветэрынарны ўрач і два даглядчыкі. Трое апошніх мужчын прыехалі працаваць сюды з яго роднага Узбекістана – Санжар купіў ім для пражывання дом. Запрасіў землякоў, бо, па-першае, ведаў, што ветурачы ў нашых сельгаспрадпрыемствах на вагу золата і іх не хапае, а па-другое, хто ж лепш вырасціць авечак, як не людзі, для якіх гэта звыклая справа. Адразу ж актыўна заняўся пошукам матачнага пагалоўя. Стартавалі са 150 галоў. Гэта былі авечкі розных парод, а Санжар хацеў разводзіць менавіта сярэднеазіяцкіх курдзючных. Шукаў па ўсёй Беларусі: не з Узбекістана ж везці. Знайшоў у Мазыры, Магілёве. Першая радасць – пайшло! І зараз у статку (ой, што гэта я – атары!) ўжо каля тысячы “кучарашак”.
Тысяча галоў не мяжа
Заварожваючае відовішча: даглядчыкі выпусцілі жывёлу на вуліцу да кармушак з дабаўкамі – атара, якой, здавалася, не будзе канца, плаўна “пацякла” праз двор за агароджу, за якой абсталявана іх сталовая. Сям-там на шэра-чорным каракулевым фоне вылучаліся рыжыя плямкі. Прыгледзеліся: нубійскія козы.
– Купілі некалькі для выпойвання нованароджаных ягнят, якім не хапае мацярынскага малака, і ягнят-адказнікоў – бывае і такое, – тлумачыць Санжар Гафурджанавіч. – А яны ў нас неяк хутка размножыліся, што і добра: малако казінае, усе ведаюць, вельмі карыснае, самі ўжываем.
Аказалася, у гурце ёсць яшчэ і карова – для тых жа мэт. На гэтым лірыку пакінем убаку: адна справа прыехаць, пазахапляцца і паехаць, іншая – працаваць штодзень, каб было чым захапляцца. Таму – сухімі фактамі. Санжар Мадамаў мае ва ўласнасці 400 гектараў зямель, на якіх і выпасваюцца авечкі з вясны да позняй восені. На зімова-стойлавы перыяд для іх кармлення закупляецца сена, зерне, камбікармы. Яшчэ адна частка расходаў – закупка лекавых прэпаратаў, правядзенне ўсіх неабходных прышчэпак. Абавязковая стрыжка раз на год. Усе кармы раздаюцца ўручную. Жывёла стаіць на апілках – гэта гарантуе чысціню, сухасць, адсутнасць хвароб капытоў, зручнасць ва ўборцы.
Курдзючная авечка – а гэта мясная парода – вырошчваецца на продаж ад паўгода да года. За гэты час пры належным кармленні і доглядзе яна дасягае вагі да 80 кілаграмаў, баран вырастае ажно да 150. У Санжара няма тэхнікі, на якой можна было б везці жывёлу на рэалізацыю, таму пакупнікі прыязджаюць за ёю самі – як прыватнікі, так і дзяржаўныя прадпрыемствы. Сярод апошніх найбольш цеснае супрацоўніцтва наладжана з Пастаўскім мясакамбінатам. Цаной, якую камбінат плаціць з дзяржаўнай датацыяй у дадатак, новаспечаны авечкавод цалкам задаволены. Цікавімся, ці стаіць задача павелічэння пагалоўя.
– Абавязкова! – загараюцца агеньчыкі ў вачах суразмоўцы. – Каб мець салідны стабільны даход, неабходна забяспечыць тысячу адзінак толькі матачнага статка, а на сённяшні дзень маецца ад гэтай колькасці палова. А другі абавязковы пункт – забеспячэнне кармавой базы ўласнымі сіламі. Ды ў нас яшчэ столькі ўсяго, што патрабуе ўдасканалення!
Без тэхнікі – ніяк
Гэта самае вострае пытанне ў агульнай карціне далейшага развіцця СФГ. На сённяшні дзень Санжар і яго каманда маюць у сваім распараджэнні адзін трактар МТЗ. Арандуюць, бо іх Т-25, на якім возяць сена з Бярозак, дзе яно знаходзіцца пад спецыяльна абсталяваным навесам, ды адвозяць зноў-такі ў спецыяльнае месца гной, пастаянна псуецца: даўно выхадзіў свой трактарны рэсурс. Санжар чакае, што ўрэшце станоўча вырашыцца яго просьба аб атрыманні крэдыту на набыццё жалезнага каня, з якой неаднаразова звяртаўся ў Белаграпрамбанк. Абяцалі, што ў наступным годзе. Каб павышалася рэнтабельнасць справы, безумоўна, неабходна стварыць на запушчаных гектарах, якія мае ў распараджэнні, належныя пашавыя ўгоддзі, частку зямель засеяць збожжавымі, каб не купляць зерне. Ферма патрабуе пэўнай мадэрнізацыі і акультурвання. І яшчэ, і яшчэ… Гэта ў дрэннага гаспадара заўжды ўсё добра, а добры кожны дзень знаходзіць тое, што можна палепшыць.
Той не салдат, хто не марыць стаць генералам
Гэта ў разуменні нашага героя не пра пасаду ці імклівы рост даходаў – пра развіццё.
– Мясціны тут прыгожыя, і я мару пабудаваць аграсядзібу, абавязкова з лазняй, іншымі выгодамі. І развесці на ёй коней, якіх вельмі люблю, на якіх такія ж аматары маглі б катацца па наваколлі, – нават голас Санжара цяплее ад гэтых слоў, але ўжо праз хвіліну ён спыняе свой рамантычны парыў: – Але гэты пункт у маёй праграме развіцця яшчэ не адзначаны чырвонай рысай. Пакуль што трэба ствараць моцны фінансавы падмурак, а значыць думаем пра паляпшэнне таго, што ўжо ёсць.
Штрыхі да партрэта
Санжар у свой час закончыў фізіка-матэматычны каледж па спецыяльнасці “камп’ютарныя тэхналогіі”, але, прызнаецца, па прафесіі так і не давялося папрацаваць: стаў паспяхова займацца бізнесам яшчэ ў студэнцтве. Ён любячы і клапатлівы муж і бацька, дарэчы, шматдзетны. На радзіме ў яго з жонкай засталася вялікая радня. Тугі па родных краях і людзях не адчувае, бо кожны дзень мае цесныя зносіны з усімі, хто дарагі сэрцу, – хіба ж у дваццаць першым стагоддзі гэта праблема? Да ўсяго ездзяць усёй сям’ёй на радзіму кожнае лета і па магчымасці на навагоднія святы і прымаюць гасцей у сябе.
Асцярожна цікавімся ў суразмоўцы, ці камфортна яму ў нас душэўна, ці “манціруецца” ён з жыхарамі краіны з зусім іншай культурай, традыцыямі і бытавым укладам, кухняй, менталітэтам, веравызнаннем у рэшце рэшт. Адказ парадаваў:
– У Беларусі жывуць цудоўныя людзі: прыязныя, шчырыя, працавітыя. У мяне тут ужо шмат сяброў, і я ніколі не заўважаў, каб на мяне неяк коса глядзелі, не перажываў зняваг ці выпадкаў агрэсіі. Выдатна адчуваюць у соцыуме і нашы дзеці. Зрэшты, якіясьці інцыдэнты мелі месца, напрыклад, не так даўно хтосьці спаліў у Бярозках ажно 56 рулонаў нашага сена. Думаю, што калі гэта не проста бессэнсоўнае хуліганства, то такі ўчынак здзейсніў неразумны чалавек, бо разумны ж, маючы якіясьці прэтэнзіі, прыйшоў бы і выказаў іх. Мы з мясцовым насельніцтвам імкнёмся жыць у добрай згодзе, нечым і дапамагчы, калі папросяць. Шчыра не разумею, каго і чым мог пакрыўдзіць. І тым не менш гэта ніяк не мяняе маё пазітыўнае і прыхільнае стаўленне да беларусаў увогуле і жыхароў Докшыччыны ў прыватнасці. Тым больш што з гэтай зямлёй, гэтымі людзьмі я ўжо звязаў сваё жыццё, тут адчуваюць сябе шчаслівымі мае дзеці. Думаю, – смяецца, – з часам Мадамавых тут будзе станавіцца яшчэ больш.
Якім яшчэ ўбачыўся наш герой? Добра выхаваным, інтэлігентным, эмацыянальна вытрыманым. Ён выдатна гаворыць на рускай мове і здзівіў нас упэўненым чытаннем нашай газеты па-беларуску. Ёсць усе падставы паважаць гэтага чалавека. І жадаць яму ва ўсіх яго справах поспеху. І чакаць, калі можна будзе прыехаць да яго на аграсядзібу, каб пакаштаваць сапраўдны ўзбекскі плоў, палюбавацца на ўсходніх рысакоў, а то і праехацца на адным з іх.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава Чарвінскага.


