«Планы — большие, дела — конкретные». Новогоднее интервью с председателем Докшицкого райисполкома Сергеем Абирало
Планы – вялікія, справы – канкрэтныя
У традыцыйным навагоднім інтэрв’ю са старшынёй райвыканкама Сяргеем Абіралам пагутарылі пра набыткі 2025 года, асноўныя пасылы Усебеларускага народнага сходу, у якім кіраўнік раёна браў удзел у якасці дэлегата, інвестыцыйны патэнцыял Докшыччыны і ход падрыхтоўкі да маючых адбыцца ў Докшыцкім раёне ў 2027 годзе “Дажынак”.
– Сяргей Уладзіміравіч, нядаўна Вы з дэлегацыяй раёна вярнуліся з Усебеларускага народнага сходу, у якім бралі ўдзел не ўпершыню. На чым асабіста зрабілі б акцэнт?
– Вы, напэўна, заўважылі, што Пасланне Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі разляцелася на цытаты ў першы ж дзень УНС. Дакладная і прынцыповая пазіцыя Кіраўніка дзяржавы па ўсіх ключавых пытаннях як унутранай, так і знешняй палітыкі, якая выяўлялася падчас звароту да УНС і Нацыянальнага сходу, мне асабіста вельмі блізкая, як і яе асноўныя тэзісы. Што тычыцца прыняцця праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на наступныя пяць гадоў, з якой у дэлегатаў была магчымасць грунтоўна азнаёміцца загадзя, адзначу, што гэта не сухі, а вельмі змястоўны, дакладна прапрацаваны нарматыўна-прававы дакумент, у аснове якога моцныя эканамічныя складальнікі. Іх сем. Гэта нацыянальная дэмаграфічная бяспека; развіццё чалавечага патэнцыялу; стварэнне якаснага і зручнага асяроддзя для жыцця; рост канкурэнтаздольнасці, паскарэнне тэхналагічнага развіцця і лічбавая трансфармацыя; моцныя рэгіёны; умацаванне абараназдольнасці дзяржавы і развіццё абароннага сектара эканомікі; рэалізацыя турыстычнага патэнцыялу. Усе гэтыя напрамкі развіцця эканомікі лягуць у аснову нашай рэгіянальнай палітыкі. Мне вельмі імпануе і той факт, што Прэзідэнт пасля прыняцця праграмы забараніў любую яе карэкціроўку, каб не дапусціць так званага чалавечага фактару і нават думкі пра тое, што пэўныя патрабаванні можна абысці ці не выканаць. А таму – час канкрэтных спраў, і праграму неабходна ўспрымаць як прамое кіраўніцтва да дзеяння.
– На УНС Прэзідэнт пацвердзіў працяг праграмы “Адзін раён – адзін праект”…
– І гэта выдатная перспектыва для стварэння новых працоўных месцаў у рэгіёне. Не сакрэт, што наш раён мае, без перабольшвання, выдатны вопыт рэалізацыі гэтай праграмы, бо ўдалося ўвасобіць у жыццё не адзін праект, як ставілася задача, а два і нашмат раней да завяршэння пяцігодкі. Гэта ААТ “Докшыцкая швейная мануфактура”, дзе займаюцца пашывам нацельнай бялізны, і ААТ “Космаінвест”, якое спецыялізуецца на выпуску парфумы і касметычных вырабаў. Дарэчы, прадпрыемства зрабіла пад Новы год падарунак жыхарам раёна, адкрыўшы фірменную гандлёвую кропку ў Докшыцах. Ёсць у кірунку гэтай праграмы і іншыя прапановы, спадзяюся, што яны таксама будуць увасоблены ў жыццё.
– Калі вышэйзгаданая праграма накіравана ўсё ж на буйнога інвестара, якая падтрымка прадугледжана для больш дробных праектаў?
– Грамадзянам, якія б хацелі заняцца сваёй стваральнай справай, але не маюць вялікага аб’ёму капіталу ці разлічваюць на менш маштабныя праекты, я раіў бы звярнуць увагу на праект “Рэгіянальная ініцыятыва”, які накіраваны на развіццё абласных і раённых цэнтраў. Пад рэалізацыю стартапа пры вытрымцы пэўных умоў можна атрымаць банкаўскае фінансаванне пад аптымальную працэнтную стаўку. У нашым раёне былі сфарміраваны дзве прапановы. Адна з іх – стварэнне прыдарожнага гасцінічнага комплексу – будзе ўключана ў праграму “Рэгіянальная ініцыятыва”. На такую магчымасць неабходна звярнуць увагу і тым, хто хацеў бы развіваць сферу грамадскага харчавання. Раён у нас транзітны, патрэба ў такіх аб’ектах існуе заўсёды. Яшчэ адна цікавая і запатрабаваная сфера – турызм. Дарэчы, зараз гэты кірунак на ўзроўні рэспублікі будзе выведзены з падпарадкавання Мінспорту і перададзены Мінэканомікі. Перадумова самая важкая – турызм ва ўсім свеце з’яўляецца прыбытковай сферай, і яна павінна і можа прыносіць прыбытак кожнаму канкрэтнаму рэгіёну і краіне ў цэлым не меншы, чым многія прамысловыя аб’екты. Па прыклады далёка хадзіць не трэба. Дзякуючы двум выдатным санаторыям, якія размешчаны на тэрыторыі нашага раёна, мы з года ў год выконваем і значна перавыконваем такі паказчык, як экспарт паслуг.
– Нягледзячы на няпросты ў цэлым сельскагаспадарчы год, на сёлетніх абласных “Дажынках” Докшыччына прагучала са сцэны неаднойчы. Якія асноўныя дасягненні і перспектывы аграпрамысловага комплексу раёна?
– Сапраўды, уборачную кампанію мы завяршылі з добрымі вынікамі. Докшыцкі раён заняў першае месца сярод раёнаў па ўборцы рапсу пры сярэдняй ураджайнасці 19,7 цэнтнера з гектара, а ў ААТ “Бягомльскае” і ААТ “Таргуны” – значна большай. У лідарах раён і ў абласным спаборніцтве па добраўпарадкаванні машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў, у гэтай жа намінацыі сярод арганізацый у ліку пераможцаў КУСГП “АграСітцы”. За высокія вытворчыя вынікі і значны ўклад у развіццё сельскагаспадарчай галіны калектыў ААТ “Бягомльскае” ўдастоены Падзякі Прэзідэнта Беларусі. Узнагароды абласнога і рэспубліканскага ўзроўню атрымалі нашы трактарысты-машыністы, камбайнеры, у тым ліку і прадстаўнікі маладога пакалення. А значыць, падрастае дастойная змена. Назіраецца стабільны рост у жывёлагадоўлі. Пад патрэбу пагалоўя нарыхтаваны кармы.
Больш за тое, на бліжэйшыя год-два ў такіх сельскагаспадарчых арганізацыях, як ААТ “Таргуны”, ААТ “Барсучанка” і ААТ “Бягомльскае”, запланавана будаўніцтва сучасных малочна-таварных комплексаў. А гэта замкнуты цыкл вытворчасці і новыя працоўныя месцы.
– Учора адбылася справаздачная сесія раённага Савета дэпутатаў, дзе былі падведзены вынікі па асноўных паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна. Чым яшчэ адметны 2025 год і якія планы на 2026-ы?
– У кожнай з галін эканомікі рэгіёна ёсць станоўчыя вынікі і тое, над чым яшчэ трэба працаваць. Разам з тым страт няма, узровень рэнтабельнасці складае 5,7 працэнта. У кансалідаваны бюджэт сабрана 124,8 працэнта, што вышэй за даведзены план. Добры паказчык экспарту – 109 працэнтаў, большая доля якога прыпадае на дрэваапрацоўку і сферу паслуг. У параўнанні з мінулым годам значна выраслі аб’ёмы будаўніча-мантажных работ. У наступным годзе плануецца ўвесці два панельныя шматпавярховікі ў Докшыцах і Бягомлі.
Да таго ж новы аздараўленчы корпус у 2026 годзе з’явіцца ў санаторыі “Баравое”, а ў 2027 годзе будоўля разгорнецца на тэрыторыі санаторыя “Лясное”. А гэта значыць, што жыхарам раёна будуць прапанаваны новыя рабочыя месцы. Шмат кватэр будзе пабудавана арганізацыямі ў якасці арэнднага жылля для замацавання спецыялістаў.
Па выніках года ўзровень сярэдняга заробку ў раёне склаў 2030 рублёў.
За набытымі поспехамі і дасягненнямі – штодзённая праца кожнага на сваім рабочым месцы. А таму вялікая падзяка такім сельскагаспадарчым калектывам, як ААТ “Бягомльскае”, ААТ “Таргуны”, ААТ “Барсучанка”, КУСГП “АграСітцы”. Стабільныя вынікі паказвае наш хлебазавод, пры гэтым асвоіўшы яшчэ і дадатковую дзейнасць – гандаль. Закуплена яшчэ адна вытворчая лінія, і ў першым квартале 2026 года спажыўцам будзе прапанаваны новы від прадукцыі – венскія вафлі ў асартыменце.
Як і летась, вялікі ўнёсак у камфорт і забеспячэнне жыццядзейнасці грамадзян уносяць работнікі ДРБУ-180. Заасфальтавана больш за 38 кіламетраў дарог мясцовага значэння, рамантуецца дарожнае палатно. Вялікія спадзяванні на нашых дарожнікаў і на наступны год. Акцэнт будзе зроблены на далейшае асфальтаванне такіх аграгарадкоў, як Крулеўшчына, Барсукі, Таргуны, і іншых населеных пунктаў.
Калі ўвогуле звяртацца да тэмы дарог, то ў наступным годзе ў межах Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы будзе працягнута рэканструкцыя трасы М3, у прыватнасці ўчастка, які праходзіць праз г.п. Бягомль.
Павагі заслугоўвае праца работнікаў сацыяльнай сферы. У нас выдатныя ўстановы адукацыі ўсіх узроўняў. Хачу адзначыць дасягненні па прадметных алімпіядах вучняў СШ №1 г. Докшыцы імя І.С. Палявога, СШ №2 г. Докшыцы імя У.Ф. Крышталевіч, Крулеўшчынскай СШ імя І.П. Ціткова, Бягомльскай СШ імя С.С. Манковіча і іншых устаноў адукацыі. Мы таксама ганарымся перамогамі нашых юных спартсменаў, выхаванцаў і трэнераў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Высокую планку трымаюць работнікі культуры, а нашы брэндавыя святы і фестывалі прымушаюць гаварыць пра Докшыччыну далёка за межамі раёна. Наладжана медыцынскае абслугоўванне, асобныя катэгорыі грамадзян ахоплены шэрагам сацыяльных паслуг. Плённа працуюць мясцовая ўлада, дэпутацкі корпус раёна, адчуваецца неабыякавасць да справы грамадскіх аб’яднанняў, палітычных партый, прафсаюзнага актыву.
– Сяргей Уладзіміравіч, напрыканцы жніўня на свяце горада стала вядома, што ў 2027 годзе ў Докшыцах пройдзе рэгіянальны фестываль-кірмаш “Дажынкі-2027”. Як ідзе падрыхтоўка да гэтай знакавай падзеі?
– Сапраўды, 2027 год будзе знакавы і “Дажынкамі”, і юбілеем Докшыц, бо нашаму гораду споўніцца 620 гадоў. Усіх сакрэтаў раскрываць не буду, бо лічу, што лепш спачатку зрабіць, а потым казаць. Аднак адзначу, што прыемныя змены чакаюць многія аб’екты. Напрыклад, гарадскі стадыён павінен стаць больш камфортным як для спартсменаў, так і для балельшчыкаў. Змены закрануць сярэднюю школу №2 г. Докшыцы, будзе прадоўжана абнаўленне СШ №1 г. Докшыцы, Крулеўшчынскай сярэдняй школы. Абнаўленне чакае Дзіцячую музычная школу імя Н. Сакалоўскага, Гарадскі цэнтр культуры, Цэнтр дзяцей і моладзі, тэрапеўтычнае і фізіятэрапеўтычнае аддзяленні ЦРБ і шэраг іншых аб’ектаў. Зараз ідзе працэс абмеркавання і зацвярджэння запланаванага. Рамонтныя работы на многіх аб’ектах пачнём загадзя, ужо ў 2026 годзе, і працягнем у 2027-м.
Нас чакае вельмі няпросты час: усім калектывам трэба будзе вельмі шмат працаваць над добраўпарадкаваннем горада, над развіццём яго сацыяльнай інфраструктуры.
– Наша інтэрв’ю выходзіць у апошні дзень 2025-га, а таму якія пажаданні Вы адрасуеце землякам з гэтай нагоды?
– Пажаданні мае простыя, аднак і самыя важныя для кожнага з нас. Здароўя блізкім, дабрабыту ў сям’і, выніковай працы. А над нашай роднай краінай няхай і надалей будзе светлае, мірнае неба.
– Дзякуй за размову.
Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота Аляксандра ВАРАНКОВІЧА.

