Он, она и алкоголь. Приговор по делу о домашнем насилии вынесен на выездном заседании суда в Докшицком районе

Во время оглашения приговора на выездном заседании суда в Порплище.

Во время оглашения приговора на выездном заседании суда в Порплище.

На выездной суд, который состоялся в помещении Порплищенского сельисполкома на прошлой неделе, пришла пара сожителей. Обоим за пятьдесят, вместе прожили более полутора десятков лет. Он — подсудимый, она — потерпевшая. Алкоголь разрушил не только отношения между этими людьми, но и запачкал биографию мужчины.

Да крымінальнай адказнасці ён прыцягнуты ў трэці раз: цяпер – па артыкуле 153 КК Рэспублікі Беларусь “Наўмыснае прычыненне лёгкага цялеснага пашкоджання”, да гэтага – па артыкуле 154 “Катаванне”. Адбываў пакаранне ў выглядзе двухгадовага абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу і быў пазбаўлены волі на тэрмін 1 год 3 месяцы. Мае запазычанасць па назначаным судом штрафе ў суме каля 2400 рублёў, а значыць, і непагашаную судзімасць. Акрамя гэтага, неаднойчы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за правапарушэнні ў сферы сямейна-бытавых адносін.

Што рабіў мужчына? Біў сваю жанчыну, цягаў яе за валасы, хапаў за шыю і здаўліваў рукамі, выкідаў з хаты. Звычайна гэта адбывалася пасля сумеснага распіцця спіртнога.
Раскажам пра два апошнія выпадкі, якія і прывялі да чарговага судовага пасяджэння.

…Канец ліпеня 2025-га (дакладная дата следствам не ўстаноўлена). Гаспадар прыйшоў дадому з заробкаў з бутэлькай гарэлкі і стаў распіваць яе разам з сужыцелькай. Слова за слова – і па нядобрай сямейнай традыцыі разгарэлася спрэчка. Жанчына крычала, мужчына прасіў супакоіцца. Не дачакаўшыся цішыні, ён падышоў і ўдарыў па баку, які і так ёй балеў. Як устанавіў пазней эксперт, пацярпелая атрымала пералом рабра. Аб прычыне сваркі жанчына растлумачыла на судзе: “Я была п’янейшая за яго, бо піла да гэтага з сяброўкай. Таму і разгарачылася”.

…4 жніўня, прыкладна пяць гадзін раніцы. П’яная парачка ў пасцелі. Ён палажыў сваёй палавінцы руку на хворы бок, і тая закрычала ад болю. Мужчына тут жа ляснуў жанчыне аплявуху, а яна выклікала міліцыю. У ходзе разбіральніцтва і выявілася праўда пра пералом. Так няўдалыя абдымкі абярнуліся новым судом…

– Чаму сістэматычна збіваеце сужыцельку? Калі зробіце высновы? – задаваў пытанні старшыня суда раёна Вячаслаў Елісеенка, які вёў выязное судовае пасяджэнне.

– Алкаголь вінаваты, – адказваў падсудны. – А мая віна ў тым, што з ёй жыву. Звычайна ў час крыкаў выходжу з дому, а ў гэты раз не стрымаўся.

– У якім заканадаўстве напісана, што можна біць чалавека? Гэта ж не груша для біцця, – заўважыў старшыня суда.

Падсудны прызнаў віну, выказаў шкадаванне аб сваім учынку, а яшчэ раней папрасіў прабачэння ў пацярпелай. Між тым і сама яна прызнае сябе вінаватай, бо ўжывае алкаголь. “Са спакойнай ператвараюся ў агрэсіўную”, – сказала яна пра ўздзеянне выпіўкі.

Суд прызначыў абвінавачанаму пакаранне ў выглядзе арышту тэрмінам на два месяцы.

– Віна грамадзяніна поўнасцю даказана, – зазначыла дзяржаўны абвінаваўца Наталля Піскуновіч, старшы памочнік пракурора раёна. – Пры назначэнні пакарання ўлічана, што па месцы жыхарства ён характарызуецца адмоўна, схільны да ўчынення правапарушэнняў і злачынстваў. Змякчальнай акалічнасцю стала шчырае раскаянне, абцяжваючай – учыненне злачынства ў стане алкагольнага ап’янення і нязнятая папярэдняя судзімасць. Насілле ў сям’і – адна з самых вострых і распаўсюджаных сацыяльных праблем у сучасным грамадстве. Аднак гарантам непазбежнасці пакарання за здзяйсненне злачынстваў, абароны правоў і свабод пацярпелых ад дамашняга гвалту з’яўляецца Крымінальны закон.
***
Крымінальныя і адміністрацыйныя справы ў дачыненні да дамашніх скандалістаў разглядаюцца ў судзе раёна штогод. За імі – боль, страх, прыніжэнне і псіхічныя пакуты ахвяр. Нешчаслівыя лёсы як пацярпелых, так і вінаватых.

У памяці яшчэ адна крымінальная справа – у адносінах да іншага жыхара раёна, 1964 г.н., разгледжаная ў судзе раёна два гады таму. Неаднаразова судзімы мужчына таксама разам з сужыцелькай злоўжываў алкаголем, і на п’янай глебе ў іх пастаянна ўзнікалі канфлікты.

Перад судом дакшычанін паўстаў за тры эпізоды, якія адбыліся на працягу некалькіх тыдняў.

Эпізод першы. На допыце ў следчага фігурант справы прызнаваўся: “Я ўбачыў, што сужыцелька сядзела на лаўцы разам з суседам. Прыраўнаваў і стаў крычаць, выказваць ёй пагрозы расправай. Яна пачала ўцякаць, але я дагнаў, ударам рукі ў спіну збіў з ног, а затым стаў біць нагамі па руках, жываце, грудзях…”

Эпізод другі. “Было свята Івана Купалы, і з гэтай нагоды мы з сужыцелькай выпілі, – расказваў мужчына. – Мне не спадабалася ежа, якую яна прыгатавала, і я стаў прад’яўляць прэтэнзіі. Двойчы стукнуў яе па галаве рукой, хацеў яшчэ, але яна засланілася, і ўдар прыйшоўся ў руку…”

Эпізод трэці і трэці маналог: “Сужыцелька была ў гасцях. Я прыйшоў па яе і папрасіў пайсці дадому, але яна адмовілася і сказала, што будзе пазней. Я схапіў яе за валасы і сілай сцягнуў з канапы на падлогу. Яна ўпала на калені, а калі хацела ўстаць, нанёс ёй два ўдары рукой па твары…”

“Калі б быў цвярозым, гэтага не здарылася б”, – мовіў у сваё апраўданне хатні тыран. Суд назначыў яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 1 год 6 месяцаў са штрафам у даход дзяржавы ў памеры 60 базавых велічынь.
***
Гісторыі як пад капірку, і такіх, як паказвае жыццё, шмат. Жанчыны разам п’юць з насільнікамі. Працягваюць жыць з імі, даруючы здзекі. Мяркуюць, што калі-небудзь сітуацыя зменіцца, але спадзяванні апраўдваюцца вельмі рэдка. У нашых выпадках пасля суда абедзве пары разышліся па розных жытлах. Жанчыны больш не вераць недарэчнаму “б’е – значыць кахае”. Кахаць – гэта не значыць катаваць.

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *