В Докшицком районе на подготовку учреждений образования израсходовано более 3 миллионов рублей
Падчас летніх канікул установы адукацыі раёна актыўна займаліся падрыхтоўкай да новага навучальнага года. Праведзеныя рамонты і добраўпарадкаванне ацаніла кіраўніцтва раёна і прадстаўнікі зацікаўленых службаў. У аб’ездзе таксама прынялі ўдзел кіраўнікі ўстаноў адукацыі і старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў.

Першая на маршруце – Барсукоўская школа. Старшыня райвыканкама Сяргей Абірала (першы справа) акрэсліў задачы, якія стаяць перад галіной адукацыі раёна.
Звычайна традыцыйны жнівеньскі аб’езд устаноў адукацыі доўжыцца цэлы дзень. Так было і на гэты раз. Пад увагу ўдзельнікаў трапілі вучэбныя кабінеты, спартыўныя і актавыя залы, сталовыя, калідоры і фае, групы ў дзіцячых садах, спартыўныя і гульнявыя пляцоўкі. Нягледзячы на дождж і месцамі нават лівень, усё ж была магчымасць палюбавацца дызайнерскім майстэрствам работнікаў пры афармленні пышных клумб і зялёных кампазіцый, выключным парадкам у дварах школ і дзіцячых садоў.
Тэрыторыя Бягомльскай спецыяльнай школы-інтэрната аздобілася арыгінальнымі металічнымі канструкцыямі для кветак, новай альтанкай, лавачкамі. Частка вялікага двара падобная на сквер, дзе можна з задавальненнем адпачыць. Навокал кветкі і акуратныя газоны. Сёлета школа стала пераможцай абласнога конкурсу па добраўпарадкаванні сярод устаноў сваёй катэгорыі. У памяшканнях таксама ўтульна. Акрамя касметычнага рамонту, які ў поўнай меры выкананы ва ўсіх установах раёна, у інтэрнаце адрамантаваны ганак спальнага корпуса, выкананы бягучы рамонт сістэмы ацяплення, сістэмы пажарнай сігналізацыі і геліяводанагравальнай сістэмы, устаноўлена сістэма кантролю кіравання доступам.

Заняткі ў сярэдняй групе Бягомльскага дзіцячага сада праводзіць выхавальнік Кацярына Януковіч. У групе праведзены касметычны рамонт, а ў спальню для дзетак закуплены новыя коўдры і пакрывалы.
Не ўступаюць па прывабнасці і дзве астатнія ўстановы адукацыі гарпасёлка. У Бягомльскім дзіцячым садзе афарбаваны ганкі, падмурак, бетонная агароджа, гаспадарчыя пабудовы, надворнае абсталяванне, пясочніцы. У музычнай зале заменена падлога і лінолеум. У Бягомльскай СШ імя С.С. Манковіча афарбаваны бардзюры, атынкаваны і афарбаваны цокаль. Радуюць вока яркія тэрыторыі – абедзве ўстановы насамрэч з’яўляюцца ўпрыгажэннем Бягомля.
Наогул, многія школы і дзіцячыя сады захапляюць сваёй дагледжанасцю. Сярод іх Параф’янаўская СШ імя А.І. Чэрныша, Парплішчанская, Сітцаўская СШ, Барсукоўская БШ, першы і чацвёрты сады г. Докшыцы. Пра калектывы гэтых устаноў хочацца сказаць: сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы! Руплівыя і неабыякавыя. Застаецца толькі пазайздросціць дзецям і бацькам, якія маюць магчымасць штодзень любавацца створаным хараством.

Удзельнікі аб’езду на тэрыторыі СШ № 1 г. Докшыцы. Першая справа – начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Алена Кучыц.
У дзіцячым садзе № 4 адрамантаваны столі, вадаправод у падвальным памяшканні, пажарная сігналізацыя, абсталяванне на фізкультурнай і гульнявых пляцоўках, заменены полікарбанат на дахах дзвюх альтанак. У Параф’янаўскай школе адрамантавана 400 кв. м даху, афарбаваны цокаль, у асобных кабінетах пакладзены ламінат. У Парплішчанскай СШ укладзены новыя бардзюры, устаноўлены ўмывальнікі з падвядзеннем гарачай вады ў раздзявалках для хлопчыкаў і дзяўчынак, абсталяваны кабінет кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні.
Дзіцячы сад № 3 г. Докшыцы можа пахваліцца новым піяніна і жалюзі ў музычнай зале, а таксама надворным гульнявым камплектам і пясочніцай. Адрамантавана сантэхніка і сістэма гарачага водазабеспячэння. Ва ўстанове адкрыта і абуладкавана група для выхаванцаў ад аднаго да двух гадоў.
У гарадскім дзіцячым садзе № 2 устаноўлена буфетная, выкананы капітальны рамонт пажарнай сігналізацыі, вядуцца работы па замене агароджы.
У СШ № 1 г. Докшыцы імя І.С. Палявога абсталяваны сучаснай мэбляй інжынерны клас, а ў харчаблоку не толькі зроблены рамонт, але і з’явіліся новыя кухонныя сталы. У другой гарадской школе хутка распачнецца капітальны рамонт. А ў Крулеўшчынскай СШ імя І.П. Ціткова ён працягваецца. Дзяцей і работнікаў чакаюць капітальна адрамантаваны харчаблок, на вытворчае абсталяванне якога зрасходавана 30 тысяч рублёў, і абедзенная зала з новай мэбляй коштам 9 тысяч рублёў. Зроблены капітальны рамонт даху над актавай залай, абуладкавана новая вентыляцыйная сістэма для харчаблока, актавай і спартыўнай залаў.
Значна папоўнілася і матэрыяльна-тэхнічная база школ і дзіцячых садоў – як за бюджэтныя, так і пазабюджэтныя сродкі. Напрыклад, у дзіцячы сад № 2 закуплены спартыўны інвентар, посуд, мэбля: набор “Мазаіка”, тры шафы, тумба для матэрыялаў і іншае. У дзіцячы сад № 3 – таксама спартыўны інвентар і мэбля, а яшчэ спецвопратка, пыласос. Дзіцячы сад № 4 набыў фізкультурнае абсталяванне, пяціярусную паваротную вітрыну, гульнявы домік, куткі па бяспецы жыццядзейнасці, дыдактычны матэрыял. Барсукоўская школа – агароднінарэзкі. Бягомльскі сад – параканвектамат і прапускную сістэму. Бягомльская спецыяльная школа-інтэрнат – мэблю для класаў і груп, канапы, прасавальную сістэму, тэатральныя касцюмы і чатырох бычкоў для далейшай гадоўлі. Бягомльская СШ – маразільны лар, спартыўны і турыстычны інвентар. Параф’янаўскі дзіцячы сад – гульнявы комплекс, вулічную альтанку, халадзільнік, параварку. У СШ № 1 г. Докшыцы з’явілася вялікая халадзільная камера, якая ўстаноўлена проста на вуліцы. І гэта толькі частка набытага абсталявання для забеспячэння навучальнага працэсу і бяспекі дзяцей.
Усяго на падрыхтоўку ўстаноў адукацыі сёлета асвоена 3 036 230 рублёў, з іх 1 356 936 рублёў на капітальны рамонт, 1 225 545 рублёў на бягучыя рамонты, астатнія сродкі – на набыткі.
Старшыня райвыканкама Сяргей Абірала падзякаваў калектывам устаноў за сур’ёзную работу.
– Наша мэта – прыкласці ўсе намаганні для якаснай падрыхтоўкі школ і дзіцячых садоў да новага навучальнага года, – сказаў ён. – Добра, калі ў гэтым працэсе ўдзельнічаюць не толькі работнікі ўстаноў адукацыі, аддзел па адукацыі райвыканкама, але і бацькі, шэфы і спонсары. Сёння прыемна зайсці ў любую ўстанову раёна, год ад года паляпшаецца добраўпарадкаванне на тэрыторыях. Дзякуючы агульным старанням створаны камфортныя ўмовы для навучання і выхавання дзяцей.
Пры падвядзенні вынікаў таксама разгледжаны пытанні прафесіянальнай арыентацыі, пажарнай бяспекі, арганізацыі харчавання навучэнцаў і іншыя.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.






















