«Большая семья — большое счастье», — считают родители пятерых детей Елена и Андрей Фролы из агрогородка Ситцы
Шматдзетная сям’я – гэта велізарная праца і не меншая адказнасць, гэта затраты і ўкладанні, як матэрыяльныя, так і маральныя, гэта трывогі і клопаты, памножаныя ў разы. Але вялікая сям’я – гэта яшчэ і вялікае шчасце. Так лічаць бацькі пецярых дзяцей Алена і Андрэй Фролы з аграгарадка Сітцы.
Сем “я” сям’і Фролаў
Тата Андрэй Міхайлавіч – муляр чацвёртага разраду, выдатны пячнік, здольны зрабіць печкі, пліты, каміны ў розных стылях і з розных матэрыялаў. Працуе ў кацельні РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” у Параф’янаве. Мама Алена Віктараўна, ураджэнка Дзяржынскага раёна, паспела папрацаваць пэўны час сацыяльным работнікам – гэта ў перапынках паміж водпускамі па доглядзе дзяцей, ды і то не паміж усімі, бо адзін плаўна перацякае ў другі. Пяць дачушак расце ў сям’і. Старэйшая, Аліна, ужо студэнтка, атрымлівае прафесію швачкі. Пяцікласніца Валюша, спявачка і танцорка, – дома першая Аленіна памочніца. Ксенія ходзіць у другі клас, таксама любіць спяваць (перадалося ад мамы, якая мае добры голас), а яшчэ маляваць. Валерыя – ёй чатыры гады – ходзіць у дзіцячы садзік, а самая малодшая, двухгадовая Вераніка, пакуль што дома. У дзяўчынкі ёсць асаблівасці псіха-фізічнага развіцця, і з ёй трэба шмат займацца – гэты клопат у большасці лёг, канешне ж, на маму.
Будні як святы
– У нас усё як у сярэднестатыстычнай сям’і, скажам, з адным-двума дзецьмі, толькі, жартуем, каструлі большага аб’ёму ды вяроўкі для сушкі бялізны даўжэйшыя, – гаворыць з усмешкай Лена.
Жарты жартамі, а, бадай, кожны разумее: каб у доме, дзе жыве шмат дзяцей, былі чысціня і парадак, каб былі дагледжаны гаспадарка, агарод, правераны ўрокі ў дзятвы, з кухні штодзень апетытна пахла і г.д., трэба рана ўстаць і позна легчы, трэба ўсе работы выконваць у хуткім тэмпе, разумна размяркоўваць час. А дзіцячыя прастуды і вірусныя захворванні, а бясконцы канвеер прасавання, мыцця посуду… Бытавая руціна “з’ела” не адны, здавалася б, моцныя адносіны, а ў выпадку з героямі гэтага артыкула – толькі ўмацавала.
– Больш дзяцей – больш клопатаў, гэта так, – згаджаецца суразмоўца. – Але ж і шчаслівых момантаў таксама безліч. Мне здаецца, што кожны будзённы дзень у нас як свята, калі збіраемся ўвечары ўсе разам: і навін столькі за пражыты дзень, і прычын пасмяяцца, парадавацца, і планы якіясьці абмяркуем, фільм харошы паглядзім. З работай спраўляемся, бо ў кожнага, згодна з узростам, за выключэннем Веранікі, ёсць свае абавязкі. Так што і на любімыя заняткі час выкройваем. Андрэй майстраваць любіць, актыўна ўдзельнічае ў раённых спаборніцтвах па шашках, шахматах, настольным тэнісе, мне падабаецца пячы, а таксама рукадзеллем займацца. Апошняе захапленне – выраб букетаў-свяцільнікаў, дзяўчынкі дапамагаюць, вучацца. У конкурсе “Уладар сяла” ўсёй сям’ёй з задавальненнем прымалі ўдзел і нават занялі трэцяе месца. Падгадуем Веранічку – вярнуся ў кагорту ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці пры нашым СДК.
У размове Алена паступова сфармулявала
Перавагі вялікай сям’і
Калі коратка, то заключаюцца яны ў тым, што
1) у такой сям’і ніколі і нікому не бывае сумна;
2) менш шансаў вырасціць эгаістаў;
3) бацькі фізічна не могуць паспець рабіць за дзяцей усё, таму яны з маленства вучацца быць самастойнымі;
4) у вялікай сям’і не атрымаецца адчуць сябе адзінокім;
5) спрэчкі і сваркі паміж мужам і жонкам здараюцца радзей (на гэта няма часу, смяецца суразмоўца);
6) бацькі даўжэй адчуваюць сябе маладымі, бо дзеці рознаўзроставыя, а значыць, прыходзіцца быць у трэндзе – ведаць пра сучасную моду, стылі, навейшыя гаджэты і многае іншае, што цікавіць падлеткаў;
7) урэшце, вялікая сям’я – гэта наймацнейшая каманда на свеце, у якой кожны гатовы прыйсці іншаму на дапамогу.
Сем прычын, важкіх прычын для таго, каб у сям’і было сем “я”, – дастаткова, праўда ж?
Алена Несцяронак.
Фота аўтара.

