Директор Крулевщинской средней школы имени И.Ф. Титкова Владимир Пискунович стал лауреатом областного конкурса «Руководитель года»
Дырэктар Крулеўшчынскай сярэдняй школы імя І.П. Ціткова Уладзімір Піскуновіч стаў лаўрэатам абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства сярод кіраўнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.
Уладзімір Анатольевіч паспяхова прайшоў раённы этап, па выніках якога трапіў на абласны, дзе завочна прадставіў візітку, майстар-клас і рэзультатыўнасць работы школы за апошнія два гады.
Усяго за перамогу ў конкурсе «Кіраўнік года» змагалася два дзясяткі дырэктараў сярэдніх школ і гімназій Віцебшчыны, а ў суперфінал выйшлі восем найлепшых – з Віцебска, Наваполацка, Віцебскага, Сенненскага, Лепельскага, Полацкага, Шаркаўшчынскага і Докшыцкага раёнаў. На вочным этапе кіраўнікі выступілі на тэму «Год добраўпарадкавання. Пяцігодка якасці».
Уладзімір Піскуновіч, кіраўніцкі стаж якога каля васьмі гадоў, расказаў, што рух у адным кірунку, разуменне ўсімі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу мэт і задач дапамагаюць установе быць дзейснай. Школа двойчы, па выніках 2023 і 2024 гадоў, прызнавалася лепшай установай агульнай сярэдняй адукацыі Докшыччыны, была занесена на раённую Дошку гонару. Летась заваявана 175 дыпломаў, з якіх 52 міжнароднага, рэспубліканскага і абласнога ўзроўняў. Сёлета адзінаццацікласнікі здалі ЦЭ з сярэднім балам 77,3, што стала 16-м вынікам у вобласці, амаль 86 працэнтаў выпускнікоў паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі.
У Крулеўшчынскай СШ імя І.П. Ціткова працуе 31 педагог. Усе з вышэйшай адукацыяй. Вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю маюць 15 з іх.
Апраўданым аказалася адкрыццё ў Крулеўшчынскай СШ профільных груп: інжынернай, педагагічнай і аграрнай. У гэтым навучальным годзе іх чатыры. Навучэнцы ўзнагароджаны дыпломам І ступені Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі па выніках Тыдня інжынерыі – 2025, а школьная зборная – дыпломам ІІ ступені ў абласной інжынернай алімпіядзе. Большасць выпускнікоў, якія завяршылі навучанне ў профільных групах, паступае ў ВНУ.
– 2025 год – Год добраўпарадкавання, гэта зона адказнасці кожнага грамадзяніна нашай краіны. У адносінах да школы гэта дагледжаная тэрыторыя, новыя аб’екты, якія радуюць вока і ўпрыгожваюць школьны двор, – гаварыў у сваім выступленні Уладзімір Анатольевіч.
Дарэчы, тэматычны кветнік каля Крулеўшчынскай школы, прысвечаны 80-годдзю Вялікай Перамогі, заслужыў дыплом ІІ ступені ў абласным этапе конкурсу па азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторый “Упрыгожым Беларусь кветкамі”.
Паведаміў крулеўшчынскі кіраўнік і пра старанны догляд памятных мясцін і мемарыялаў. У верасні за актыўную дзейнасць па захаванні гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, актыўны ўдзел у патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення школа атрымала Падзяку Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Конкурс «Кіраўнік года» праводзіцца з 2016 года адзін раз у тры гады, падчас якога журы ацэньвае эфектыўнасць арганізацыі навучальнага працэсу. На гэты раз абсалютнай пераможцай была прызнана дырэктар СШ № 14 г. Наваполацка Наталля Бурак. Выхад жа ў суперфінал нашага ўдзельніка, кіраўніка сельскай школы невялікага раёна, заслугоўвае самай высокай адзнакі.
– Самае каштоўнае, што даюць такія спаборніцтвы, – гэта абмен вопытам, – падвёў вынікі Уладзімір Піскуновіч. – І я для сябе таксама ўзяў на заметку некаторыя моманты, абмяркуем іх з калегамі і, магчыма, увасобім у жыццё.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота з сайта газеты “Витебские вести”.


