Централизованную информационную систему здравоохранения начали использовать в Докшицкой ЦРБ
У гэтым годзе Докшыцкая ЦРБ разам з усімі сваімі структурнымі падраздзяленнямі падключана да Цэнтралізаванай інфармацыйнай сістэмы аховы здароўя (далей – ЦІСАЗ). Якія зручнасці яна дае і чаму трэба прыходзіць у бальніцу з пашпартам?
Беларуская лічбавая платформа ЦІСАЗ аб’яднала пацыентаў, урачоў, арганізацыі і органы кіравання аховы здароўя для цэнтралізаванага захоўвання даных, прадастаўлення паслуг і доступу да медыцынскай інфармацыі: электронных карт, запісаў на прыём, рэцэптаў і вынікаў аналізаў.
– ЦІСАЗ мае на мэце назапашванне цэласнай гісторыі медыцынскага абслугоўвання для кожнага пацыента, доступ насельніцтва да электронных паслуг праз асабістыя кабінеты, – паведаміла загадчык паліклінікі ЦРБ Валянціна Вешторт. – Дзякуючы інавацыі пацыент у любы час можа азнаёміцца са зместам сваёй медкарты, а доктар дзяржаўнай установы, куды звярнуўся чалавек, – счытаць гісторыю яго хваробы ці абследаванняў, што паскарае лячэбны працэс, выключае дубліруючыя працэдуры, дапамагае паставіць больш дакладны дыягназ.
Як падкрэсліла Валянціна Мечыславаўна, цяпер у бальніцы з ЦІСАЗ абавязкова трэба прыходзіць з пашпартам для ідэнтыфікацыі асобы, каб знайсці ці завесці электронную медкарту, захаваць у ёй даныя пра аналізы і прызначэнні і забяспечыць доступ да гэтай інфармацыі праз асабісты кабінет пацыента. Дакумент патрэбен і пры шпіталізацыі. Такое патрабаванне спрыяе дакладнаму ўліку і абароне даных.
Пры адсутнасці пашпарта ў дзіцяці неабходна прадаставіць пасведчанне аб нараджэнні, а законнаму прадстаўніку непаўналетняга – свой пашпарт.
У бальніцы заўважаюць, што ўкараненне новай сістэмы зробіць галіну аховы здароўя больш эфектыўнай і зручнай.
Ніна КРУКОВІЧ.

