Движение и позитив являются залогом долголетия, считает девяностолетняя Тереза Турко из деревни Теляшы Парафьяновского сельсовета
Першае ўражанне ад сустрэчы з жыхаркай вёскі Целяшы Параф’янаўскага сельсавета Тэрэзай Турко, якой у межах акцыі “Ад усёй душы” кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна Валянціна Рандарэвіч уручыла падарунак як доўгажыхарцы, – не можа быць! Шостага студзеня Тэрэза Іосіфаўна адзначыла сваё дзевяностагоддзе, а на выгляд гэтай танклявай і вёрткай, нібы сямнаццацігадовая дзяўчына, жанчыне, фота ў доказ, не больш за семдзесят. Ну як тут не пагаварыць пра рэцэпты маладосці?
– А іх у мяне толькі два: як мага больш рухацца і як мага больш станоўчых эмоцый, – шчыра падзялілася Тэрэза Іосіфаўна. – Па-іншаму жыць не хачу, а значыць і не магу.
Большую частку свайго жыцця суразмоўца правяла ў горадзе. Выйшаўшы замуж, яна з родных Целяшоў паехала ў Маладзечна. Маючы за спінай гандлёвы тэхнікум, працоўны шлях пачала прадаўцом у крамах Параф’янава, Сітцаў, а затым шмат гадоў рупілася ў буфеце бальніцы ў Маладзечне. Работа была па душы: увесь час зносіны з людзьмі. Ёй, адкрытай, прыязнай, сонечнай, было лёгка гэтыя зносіны ладзіць. І сямейнае жыццё было шчаслівым: каханы муж, нарадзілася двое дзетак, займелі сваё жыллё. На крылах лятала, але палёт гэты стаўся непрацяглым. Зусім маладой стала ўдавой – сыну было сем гадоў, дачушцы – тры. Знайшла ў сабе сілы прыняць годна ўдар лёсу і падняла дзяцей адна.
– Вось з таго часу я і прызвычаілася: усё бягом і бягом, – распавядае і смяецца: – Настолькі ўвайшла ў гэты рытм, што выйсці не магу і на свой пашпартны ўзрост сябе не адчуваю. Думаю, жыццё як язда на веласіпедзе: нельга спыняцца, калі хочаш, каб колы тваіх дзён круціліся як мага даўжэй.
Дарэчы, пра веласіпед ужо ў прамым сэнсе. Тэрэза Іосіфаўна сядлае яго і зараз, і не зрэдку, а калі трэба па справах на цэнтральную сядзібу сельсавета, а таксама кожную нядзелю, каб дабрацца ў касцёл.
Яна пра многія рэчы, што для іншых непрыемныя ці сумныя, гаворыць неяк вельмі лёгка і ў любым негатыве бачыць станоўчыя моманты. Перад выхадам на пенсію – а стаж мае саракагадовы – давялося папрацаваць у электрамантажным цэху маладзечанскай фабрыкі музычных інструментаў, дзе вырабляліся вядомыя гармонікі “Беларусь”. Умовы працы для здароўя былі шкоднымі. Яшчэ б: волава ды свінец. “А затое ў мяне пенсія добрая”, – з усмешкай хваліцца наша гераіня ды адзначае, што навыкі паяння вельмі спатрэбіліся ў далейшым жыцці.
Сямнаццаць гадоў таму яна надумала, хоць дзеці і адгаворвалі, вярнуцца ў бацькоўска-дзедаўскую хату, што ці не ўдвая старэйшая за яе. Не магла ў чатырох гарадскіх сценах без справы, без руху. І вось ужо столькі часу шчасліва жыве ў сваім целяшоўскім дамку без аніякіх выгод. Вельмі слушна заўважае, што ў чалавека павінен быць найперш камфорт душэўны – тады бытавыя складанасці падаюцца дробязямі або ўвогуле ўспрымаюцца як неад’емная частка жыцця. Тэрэза Іосіфаўна кажа, што не мае патрэбы ў дапамозе сацслужбы. У доме цёпла – печку цепліць два разы на дзень. Дваццацілітровую флягу з вадой прывозіць з дальняга калодзежа зімой на саначках. Не лянуецца гатаваць гарачыя стравы ні для сябе, ні для сваіх шматлікіх гадаванцаў. Акрамя курэй і гусей, якіх разводзіць, скажам так, на карысць, у руплівіцы жывуць яшчэ пяцёра сабак і столькі ж катоў. Не можа яна прайсці міма няшчаснай, пакінутай жорсткімі людзьмі істоты. А якой любоўю жывёліны плацяць ёй за любоў, пераканаліся на свае вочы.
Якая яна яшчэ, Тэрэза Турко? Творчая – усе дзверы і гладкія паверхні ў яе доме распісала яркімі фарбамі, прытым не пэндзлем, а… пальцамі. Пад навагодняй ёлачкай на покуце зрабіла маляўнічую кампазіцыю – народжаны Хрыстос у ясельках. Шмат чытае, глядзіць пазнавальныя тэлеперадачы. Ходзіць босая па расе з вясны да позняй восені. Калі ёсць снег – штораніцы прабежка басанож па снезе. Любіць жыццё і не лічыць свае гады. Ну класная ж, праўда?
Алена Несцяронак.
Фота аўтара.

