Игрушки, сумочки, детская одежда… Творческому азарту Екатерины Баслак из Докшиц можно только позавидовать
Творчаму азарту дакшычанкі Кацярыны Баслак можна толькі пазайздросціць. Неўгамонная да стварэння вязаных рэчаў, набіла руку і выдае сапраўдныя рознакаляровыя шэдэўры, пачынаючы ад цацак і сумачак і заканчваючы дзіцячым адзеннем.
– Штуршком стала нараджэнне маёй Сонечкі, – успамінае Кацярына. – Так захацелася нешта зрабіць для яе сваімі рукамі! Мяккае, сонечнае, прыгожае. Вока зачапілася за вязанне – у Інтэрнэце шмат майстар-класаў. Купіла шыдэлак, ніткі і прыступіла да навучання з нуля, бо да гэтага ўмела ўпраўляцца толькі з пруткамі.
Першая цацка для дачушкі атрымалася “так сабе”, выказалася Каця, а вось далейшыя вырабы дзякуючы яе настойлівасці і вялікаму жаданню набывалі ўсё больш прэзентабельны выгляд. Іх не сорамна было падарыць і сябрам, але ж у першую чаргу яна старалася для Соні, а потым і для Мішы – цяпер яе дачушцы пяць гадоў, а сыночку два з паловай. За гэты час у дзіцячым пакоі пасялілася мноства разнастайных зверанят, асабліва маладая мама любіць ствараць іх у дачыненні да пэўнага сімвала года. Напрыклад, напярэдадні 2026-га, Года Чырвонага Вогненнага Каня, навязала конікаў. У калекцыі таксама Дзед Мароз, ёлачка, сэрцайка, лялькі і іншыя цацкі, выкананыя ў тэхніцы амігурумі. Дзеці любяць з імі спаць, гуляць і браць з сабой на вуліцу. Вязала плед, камбінезончыкі, касцюмчыкі, кофтачкі, пінеткі для малышоў. Спрабавала навучыць элементарным прыёмам Соню, але тая пакуль не зацікавілася – хай падрасце. Затое, гуляючы з лялькай, дзяўчынка нярэдка можа сказаць, капіруючы маму: “Пачакай, мне трэба давязаць…”
Каця пастаянна ўдасканальвае майстэрства, ускладняючы творчыя задачы. Захапілася вырабам жаночых сумак з нітак і шнуроў – пяць пакінула сабе, яшчэ некалькі падарыла маме і сястры. “Як пакупныя”, – ацаніла высокую якасць мама і заказала яшчэ пару штук на падарункі.
Каця з вялікай дружнай сям’і – старэйшая з семярых дзяцей, малодшаму з якіх восем гадоў. Тым не менш мама-бабуля паспявае дапамагаць і ўнукам.
Ад маці Кацярына пераняла любоў да выпечкі, якая стала яшчэ адным яе хобі. На Вялікдзень абавязкова пячэ кулічы, а на дні нараджэння родных – торты. Афармленне апошніх для яе як асобны від мастацтва. Мужу Сяргею, заўзятаму рыбаку, Каця падарыла торт з рыбалоўнай атрыбутыкай, дзецям, пляменнікам і сваякам – з лічбамі і самымі рознымі ўпрыгажэннямі: кветкамі, зоркамі, матылькамі і г. д. Сочыць за сучаснай “модай” на аздабленне – заказвае цукровыя пячаткі, формачкі.
Муж Кацярыны працуе начальнікам дзяжурнай змены РАНС і падтрымлівае яе ва ўсіх пачынаннях, дае магчымасць для самаразвіцця, у вольны час беручы дзяцей пад свой нагляд.
Купілі гаспадыні швейную машынку, але пакуль пруток у перавазе. А калісьці, заканчваючы школу, дзяўчына і на самай справе марыла стаць швачкай. Паступала ў Барысаўскі дзяржаўны каледж, але ў той год не набралася неабходная колькасць абітурыентаў на дадзеную спецыяльнасць, таму перакінула дакументы на “грамадскае харчаванне” і вывучылася на афіцыянта – закончыла ўстанову з чырвоным дыпломам. Пазней у Мінскім дзяржаўным абласным каледжы атрымала прафесію тэхніка-тэхнолага па спецыяльнасці “Вытворчасць, захоўванне і перапрацоўка прадукцыі раслінаводства”. Пасля таксама вочна адвучылася ў сельскагаспадарчай акадэміі на агранома і трапіла на адпрацоўку ў ААТ “Докшыцкі райаграсервіс”, адкуль і пайшла ў свой першы дэкрэт.
Нядоўга засталося і да выхаду на работу. Кацярына працавітая, старанная, адказная і справіцца з любымі абавязкамі ў сваёй кампетэнцыі. Але як бы ёй хацелася ператварыць свае захапленні ў прафесійны занятак! Пажадаем ёй пад Новы год, каб гэта мара збылася.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара
і з асабістага архіва К. Баслак.




