Коллектив профессионалов работает в ЦБУ № 240 ОАО «Белагропромбанк» в Докшицах

IMG_8606 с

Сёння банкі аказваюць самы шырокі спектр паслуг, уносяць значны ўклад у рэалізацыю эканамічнай палітыкі дзяржавы, падтрымліваюць рэальны сектар эканомікі, а таксама садзейнічаюць ажыццяўленню важных інвестыцыйных праектаў.

Завяршыўся 2025 год – час, калі звычайна прынята падводзіць вынікі. Якім гэты перыяд быў для калектыву Цэнтра банкаўскіх паслуг № 240 у г. Докшыцы Рэгіянальнай дырэкцыі па Віцебскай вобласці ААТ “Белаграпрамбанк” – у інтэрв’ю з начальнікам ЦБП Аленай Шугальскай.

– Алена Уладзіміраўна, з якімі здабыткамі сустракаеце навагоднія святы?

– За мінулы год прыцягнутыя сродкі юрыдычных асоб выраслі на 147 працэнтаў, дэпазітны партфель фізічных асоб павялічыўся на 115 працэнтаў, а крэдытны партфель у цэлым – на 110 працэнтаў. Важную ролю ў дасягненні любых вынікаў заўсёды іграе калектыў падрыхтаваных спецыялістаў, прафесіяналаў сваёй справы. Супрацоўнікі нашага ЦБП забяспечваюць комплекснае абслугоўванне ўсіх катэгорый кліентаў, незалежна ад маштабу і сферы дзейнасці. Яны аказваюць кансультацыі і дапамогу ў атрыманні крэдытаў, прапануюць новыя выгадныя ўмовы ўкладаў і іншыя фінансавыя прадукты для юрыдычных і фізічных асоб.

– Сёння бізнес, у тым ліку і банкаўскі, дынамічна развіваецца, мяняюцца тэхналогіі. Якія навінкі для сваіх кліентаў прапануе Белаграпрамбанк?

– Развіццё лічбавых тэхналогій, хуткасць распаўсюджвання інфармацыі ўраўноўвае шанцы ў канкурэнтнай барацьбе за кожнага кліента. Наш банк робіць стаўку на развіццё каналаў дыстанцыйнага абслугоўвання. У дадзенай сістэме праз мабільны прыдатак альбо інтэрнэт-банкінг кліенты, не наведваючы банк, могуць ажыццяўляць самыя розныя аперацыі. Напрыклад, выпускаць банкаўскую плацежную картку, адкрываць уклад і папаўняць яго, самастойна заяўляцца на крэдыт і атрымліваць яго па зарплатнай картцы. Дарэчы, нашы кліенты даволі паспяхова асвойваюць гэтыя тэхналогіі, і паказчык – 85 працэнтаў удзельнай вагі крэдытаў, атрыманых праз лічбавыя каналы продажу, гэтаму пацверджанне.

– Знакавай падзеяй для цэнтра банаўскіх паслуг і ўсяго калектыву стала адкрыццё абноўленага пасля рамонту будынка…

– Так, наш офіс абнавіўся. За ўласныя сродкі праведзены яго капітальны рамонт, а таксама прыступак. Перапланаваны аперацыйныя залы, абсуладкаваны камфортныя месцы чакання для кліентаў, запушчана сістэма электроннай чаргі. Канешне, за пяць месяцаў, пакуль доўжыўся рамонт, адчуваліся пэўныя нязручнасці, але ўсё гэта мы перажылі і цяпер заўсёды рады бачыць кліентаў у цэнтры банкаўскіх паслуг.

У нашым калектыве працуюць начальнік аддзела рознічнага продажу Вольга Гільніч, галоўныя спецыялісты Наталля Васілевіч, Таццяна Катрыненка, Жанна Сіўцэвіч, Вольга Падцяроб, галоўныя спецыялісты карпаратыўнага бізнесу Святлана Варган і Ірына Счасная, галоўны спецыяліст аддзела экспертыз рэгіянальнай дырэкцыі Людміла Барыла, а таксама спецыяліст аддзела забеспячэння дзейнасці банка Міхаіл Шчарбіцкі. Віншую ветэранаў працы банка і сваіх калег з прафесійным і навагоднімі святамі. Няхай новы год прынясе радасць, яркія ўражанні, поспех і дабрабыт!

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *