Только одна запись в трудовой книжке главного специалиста ЦБУ № 209 ОАО «Беларусбанк» Людмилы Юнцевич

IMG_2056 с

Галоўны спецыяліст сектара рознічнага і карпаратыўнага бізнесу Людміла Юнцэвіч працуе ў ЦБУ № 209 ААТ “Беларусбанк” больш за тры дзясяткі гадоў, а калі дакладней, то ўсе 36. У яе працоўнай кніжцы толькі адзін запіс, і ўжо гэты факт гаворыць пра адданасць і вернасць выбранай справе.

У банкаўкую сферу Людміла Іосіфаўна прыйшла адразу пасля школы і сваю прафесійную дзейнасць пачынала падменным кантралёрам па Докшыцкім раёне. Спецыяльнай адукацыі на той момант не мела, таму пайшла вучыцца ў Пінскі ўлікова-крэдытны тэхнікум завочна. Паспяхова закончыўшы ўстанову, з гадамі напрацоўвала вопыт, прайшла амаль усе прыступкі па кар’ернай лесвіцы. Зараз Людміла Іосіфаўна абслугоўвае юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў.

– Агульная колькасць кліентаў, з якімі працую, – 285, – гаворыць галоўны спецыяліст. – Ім мы прапануем шэраг банкаўскіх паслуг і прадуктаў: адкрываем і закрываем рахункі, заключаем дагаворы, дапамагаем размясціць дэпазіты. Увогуле, маем багаты вопыт супрацоўніцтва з арганізацыямі, установамі і прадпрыемствамі. Стараемся працаваць на выгадных умовах, каб у канчатковым выніку кліент быў задаволены.

На пытанне, за што любіць сваю работу, а гэта бачна па тым, як Людміла Іосіфаўна адносіцца да яе, спецыяліст адказвае, што ў першую чаргу за зносіны з людзьмі, за тое, што можа быць ім патрэбнай і карыснай.

– Ніколі не здраджвала сваёй прафесіі, нават раней, калі 31 снежня ўсе рыхтаваліся да сустрэчы Новага года, прыходзілася заставацца на рабоце ледзь не да поўначы, а на наступны дзень зноў бегчы ў банк. Наогул у нашым калектыве пануе добрая сяброўская атмасфера, і яна, безумоўна, спрыяе паспяховай і зладжанай дзейнасці, – лічыць Людміла.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *