Начальник Докшицкого РОЧС Виктор Кужель: «Слаженная работа всех субъектов профилактики помогает минимизировать количество пожаров»

IMG_9316 с

19 студзеня — Дзень выратавальніка

Напярэдадні прафесійнага свята начальнік Докшыцкага РАНС Віктар Кужэль расказаў, як склаўся для докшыцкіх выратавальнікаў 2025 год.

– У цэлым ён быў няпросты, – паведаміў Віктар Казіміравіч. – Разам з тым адзначу, што нам удалося не дапусціць росту колькасці пажараў, гібелі людзей, траўматызму ў параўнанні з 2024 годам. Так, летась у раёне адбылося 25 пажараў, у якіх загінулі тры чалавекі. Асноўнай прычынай вогненных здарэнняў стала неасцярожнае абыходжанне з агнём. На другім месцы сярод прычын – парушэнне правіл эксплуатацыі пячнога ацяплення. Трагедыі адбыліся ў сакавіку ў вёсцы Кромавічы Бярозкаўскага сельсавета і вёсцы Юхнаўка Бягомльскага. Тады ў агні загінулі дзве жанчыны. Яшчэ адно жыццё мужчыны пажар забраў у аграгарадку Валкалаты.

– На ваш погляд, што дапамагае мінімізаваць колькасць пажараў?

– Папярэдзіць іх дапамагае зладжаная работа ўсіх суб’ектаў прафілактыкі і аглядавых камісій. Упэўнены, што гэта правільна выбраны фармат. Неабходна рухацца і далей у такім кірунку. У мінулым годзе камісіі працавалі 336 разоў, абследавана 4088 домаўладанняў катэгарыраваных грамадзян, інструктаж атрымалі 6132 чалавекі. Выяўлена 929 фактаў, якія ўяўлялі небяспеку для людзей, 864 з гэтай колькассці ліквідаваны.

– Як складвалася сітуацыя на водных аб’ектах?

– У раёне вызначана два месцы, дзе можна купацца, – у Докшыцах на гарадскім возеры і ў вадаёме, размешчаным у вёсцы Будачы Бягомльскага сельсавета. На шчасце, выпадкаў гібелі на вадаёмах летась не было.

– Выратавальнікі прымаюць таксама ўдзел у вызваленні людзей з “жалезнага” палону ў выніку дарожна-транспартных здарэнняў. Ці даводзілася аказваць дапамогу вадзіцелям альбо пасажырам?

– Так, у лютым на трасе Р-29, каля вёскі Атрубок, работнікі МНС з дапамогай гідраўлічнага інструмента дапамаглі выбрацца вадзіцелю легкавога аўтамабіля, які не справіўся з кіраваннем і з’ехаў у кювет. Акрамя гэтага, нашы выратавальнікі не раз бралі на буксір спецтранспарт, у прыватнасці, машыну хуткай медыцынскай дапамогі, якая не магла праехаць па заснежанай дарозе. Былі і неардынарныя выпадкі, калі гаспадары прасілі дапамагчы дастаць сабаку, які падчас палявання выпадкова праваліўся ў безгаспадарчы калодзеж.

– Ці адчувае райаддзел патрэбу ў кадрах?

– Вакансіі ў нас ёсць. З радасцю прымем у рады асабовага саставу нават тых юнакоў, якім пасля школы не пашчасціла паступіць. Таму запрашаем на службу. Сваю прафесію лічу адной з лепшых і прэстыжных. Сам працую ў гэтай сістэме больш за 25 гадоў. Ганаруся, што і сын, і дачка таксама служаць у МНС.

– Якімі будуць вашы пажаданні ў прафесійнае свята?

– Віншую ветэранаў і калег выратавальнай службы. Жадаю ўсім моцнага здароўя, дабрабыту і мірнага неба над галавой.

У 2025 годзе падраздзяленні МНС Віцебскай вобласці ажыццявілі больш за 2,5 тысячы выездаў на ліквідацыю пажараў і ўзгаранняў. Былі выратаваны 42 чалавекі, з якіх 3 дзіцяці, эвакуіравана 88 чалавек, у тым ліку 36 дзяцей. Акрамя пажараў, выратавальнікі ліквідавалі наступствы 30 ДТЗ, дзе выратавалі 22 чалавек, у тым ліку адно дзіця. На акваторыях Віцебшчыны выратаваны 15 чалавек, з іх таксама адно дзіця. На пошукі грамадзян, якія заблудзіліся ў лясных масівах, супрацоўнікі МНС выязджалі 71 раз, знойдзена 65 чалавек, у тым ліку 2 дзіцяці. У іншых надзвычайных сітуацыях – заціснутыя ў батарэях і розных канструкцыях пальцы, рукі і ногі – выратаваны яшчэ 5 чалавек.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *