Начальником караула ПАСЧ № 1 г. Докшицы служит оршанец Павел Шинкарев
19 студзеня — Дзень выратавальніка
Начальнік варты пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 г. Докшыцы Павел Шынкароў зусім нядаўна закончыў універсітэт грамадзянскай абароны Рэспублікі Беларусь. На службу ў наш раён быў размеркаваны летам мінулага года. За гэты час паспеў пасябраваць з калегамі-выратавальнікамі, атрымаць свой першы “баявы” вопыт і прывязацца да нашага гарадка.
– Варыянтаў, куды можна было накіравацца пасля ўніверсітэта на службу, было шмат, але я выбраў Докшыцы, – расказвае Павел. – Па-першае, да Оршы, дзе знаходзіцца мой дом, не так далёка, а па-другое, чуў шмат добрых водгукаў пра гэты горад.
На пытанне, як давалася вучоба ва ўніверсітэце, лейтэнант унутранай службы адказвае, што было шмат і тэорыі, і практычных заняткаў.
– Найменш падабалася вышэйшая матэматыка, – з усмешкай прыгадвае Павел. – Найбольш – практычная частка, маю на ўвазе заняткі на розных трэнажорах і сімулятарах надзвычайных сітуацый, прызначаных для адпрацоўкі дзеянняў ва ўмовах задымлення, дарожна-транспартнага здарэння. Усё гэта вельмі важна ў нашай прафесіі. Дарэчы, ні на хвіліну не пашкадаваў, што выбраў менавіта яе. Пашанцавала і з калектывам, які сустрэў добразычліва.
Начальнік варты, прыехаўшы на месца здарэння, павінен аператыўна ацаніць абстаноўку, знайсці правільны і хуткі варыянт тушэння пажару, арганізаваць дзеянні асабістага саставу так, каб выратаваць людзей, захаваць маёмасць. І галоўнае – не панікаваць, а дзейнічаць у камандзе. З гэтымі задачамі, адзначае кіраўніцтва РАНС, малады спецыяліст спраўляецца.
Зараз Павел Шынкароў кіруе баявым калектывам дзяжурнай змены. У ім сем чалавек. Гэта інструктар-выратавальнік Аляксандр Ясючэня – адзін с вопытнейшых работнікаў райаддзела па надзвычайных сітуацыях, выратавальнік-пажарны Руслан Андрыеўскі, майстар-выратавальнік Юрый Бабровіч, вадзіцель Віталій Галоўчыц, старшы інструктар па кіраванні пажарнай машынай Аляксандр Білкшта і майстар-выратавальнік Канстанцін Дук.
– Гэта смелыя і адважныя таварышы, – гаворыць Павел. – Для іх не існуе слоў “не магу” альбо “стаміўся”, таму і выконваюць кожны свае абавязкі годна і прафесійна.
У вольным ад работы графіку выратавальніка Паўла Шынкарова ёсць месца і некаторым захапленням. Напрыклад, ён з задавальненнем наведвае басейн і трэнажорную залу для падтрымання сябе ў добрай фізічнай форме. А на мінулым тыдні ўвогуле прымаў удзел у гарадскім балі “Пад гукі паланеза”.
– А чаму б і не патанчыць у Докшыцах, – сказаў Павел, дзелячыся эмоцыямі ад новага для яго горада.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

