В открытии Клуба приемных семей «Под родительским крылом» приняла участие семья Татьяны Гаврильчик из Бегомля
У Віцебску адкрыўся абласны Клуб прыёмных сем’яў «Пад бацькоўскім крылом». Урачыстасць з гэтай нагоды адбылася ў лялечным тэатры “Лялька” з удзелам 22 прыёмных сем’яў Віцебшчыны, у тым ліку сям’і Таццяны Гаўрыльчык з Бягомля.
Прысутных вітала старшыня абласной арганізацыі Беларускага саюза жанчын, начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Марына Навіцкая.
– Саюз жанчын вызначыў адной з прыярытэтных задач стварэнне ўмоў для таго, каб ніводнае дзіця не засталося без цяпла сямейнага ачага, клопату і любові блізкіх, – сказала яна. – І сёння праводзіцца вялікая работа па падтрымцы людзей, якія, не з’яўляючыся біялагічнымі бацькамі гэтых дзетак, прынялі місію прыёмных.
Марына Навіцкая падкрэсліла, што клуб нацэлены на тое, каб дапамагаць і псіхалагічна падтрымліваць прыёмных бацькоў.
Таццяна Гаўрыльчык прыехала на форум разам са сваімі прыёмнымі дзецьмі: дзесяцігадовым Арсеніем, сямігадовымі Ягорам і Аляксандрай. Яна адзначыла, што клуб дасць магчымасць замяшчальным бацькам і бацькам-выхавальнікам абменьвацца вопытам. Само ж мерапрыемства стала сапраўдным святам, у рамках якога прайшло ўшанаванне прыёмных бацькоў-ветэранаў, а для дзяцей была арганізавана забаўляльная праграма з уручэннем падарункаў ад Дзеда Мароза.
Дарэчы, у Таццяны Якаўлеўны, акрамя траіх прыёмных дзяцей, ёсць пяцёра родных. Ужо цешыцца і ўнукамі. Прыёмнай мамай стала ў 2019 годзе, калі ўзяла ў сям’ю пакінутага біялагічнымі бацькамі двухмесячнага Ягора. З той пары дзяцей у сваёй сям’і не дзеліць на родных і прыёмных – усе яны аднолькава любімыя і дарагія.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота з адкрытых крыніц.




