40 прыжков с парашютом, или Как армия стала школой жизни для докшичанина Александра Круглянина
23 лютага – Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь
«Армія – школа жыцця», — перакананы дакшычанін Аляксандр Круглянін, які з асаблівым пачуццём успамінае той час, калі прысягнуў на вернасць Радзіме.
– У армію пайшоў у 2002 годзе пасля заканчэння Мінскага авіяцыйнага каледжа ваеннага тыпу, – прыгадвае Аляксандр. – Хацеў стаць пагранічнікам, але ўсё склалася крыху інакш: у званні малодшага лейтэнанта трапіў у 103-ю Віцебскую асобную гвардзейскую паветрана-дэсантную брыгаду. Там адразу ж прызначылі камандзірам узвода. З таго часу і пачалася мая служба па кантракце. Праз тры гады даслужыўся да капітана і ўзначаліў роту салдат.
За гады службы афіцэру запасу ёсць шмат чаго прыгадаць: і першы скачок з парашутам, а іх было каля чатырох дзясяткаў (!), і тое, як выхоўваў – у фізічным і маральным плане – будучых абаронцаў Айчыны, і тыя лісты, якія па пошце атрымліваў ад бацькоў маладых дэсантнікаў.
– У адным з іх бацька напісаў, што вельмі ўдзячны асабіста камандзіру роты за тыя змены, якія адбыліся з яго сынам, – успамінае Аляксандр. – Змест тэксту прыкладна такі: “Да арміі ён быў гультаяваты, у галаве – адны гулі, а пра тое, каб бацькам дапамагчы па гаспадарцы, нават і размова не вялася. Але літаральна праз год службы сын прыехаў дадому зусім іншым чалавекам. Пра жыццё разважаў па-даросламу, стаў дысцыплінаваным. Яшчэ больш прыемна здзівіла, як ён самастойна засыпаў гравіем двор і заасфальтаваў яго”. Карацей кажучы, сям’я дзякавала, што армія зрабіла з іх сына сапраўднага мужчыну.
Магчыма, Аляксандр яшчэ на доўгія гады звязаў бы лёс са службай у дэсантных войсках, але туга па малой радзіме ўсё ж перамагла. У Докшыцах ён пусціў свае карані, ажаніўся. На працу ўладкаваўся ў санаторый “Баравое”, дзе ад звычайнага будаўніка вырас да інжынера па арганізацыі, эксплуатацыі і рамонце будынкаў і збудаванняў. Разам з жонкай Святланай выхоўваюць трынаццацігадовага сына Ваню, які, як і тата, захапляецца спортам.
– Люблю гуляць у футбол, а вось меншы Круглянін фанацее ад хакея, – гаворыць Аляксандр. – Кожны раз перад новым годам стараюся вазіць яго на матч: Ваня заўзята падтрымлівае мінскі клуб “Дынама”.
У размове высветлілася, што Аляксандр да ўсяго яшчэ паэт-песеннік. Піша вершы на музыку, спявае свае песні пад гітару, а таксама ідзе ў нагу з часам – завёў акаунт у Тік Ток.
– Гэта для мяне як бальзам на душу, – тлумачыць ён сваё захапленне. – Тэматыка самая розная, але ў асноўным лірычная – пра каханне, любоў да сям’і, роднага краю і сваёй краіны.

