Встреча с воинами-интернационалистами прошла в Парафьяновской СШ имени А.И. Черныша

Памятнае фота сустрэчы з воінамі-інтэрнацыяналістамі ў Параф’янаўскай СШ.

Памятнае фота сустрэчы з воінамі-інтэрнацыяналістамі ў Параф’янаўскай СШ.

15 февраля — День памяти воинов-интернационалистов

У гісторыі беларускага народа ёсць даты, якія немагчыма забыць. Адна з іх – Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Служба ў Афганістане прымушала юнакоў рана станавіцца дарослымі мужчынамі – адказнымі абаронцамі, ад чыіх зладжаных дзеянняў і хуткай рэакцыі залежалі жыцці баявых таварышаў. Вайна пераўтварала самых простых хлопцаў, якія прыехалі з вёсак і гарадоў неабсяжнага Савецкага Саюза, у герояў. І няхай іх імёны невядомыя шырокай публіцы, пра іх памятаюць тыя, хто выжыў дзякуючы самаахвярнасці смельчакоў без высокіх званняў і медалёў.

Напярэдадні памятнай даты – дня вываду савецкіх войскаў з Афганістана – у Параф’янаўскай сярэдняй школе імя А.І. Чэрныша адбылася сустрэча з воінамі-інтэрнацыяналістамі. Да настаўнікаў і вучняў завіталі ганаровыя госці: старшыня раённай арганізацыі “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Валянцін Андрыеўскі, воіны-афганцы Венядзікт Грыгаровіч, Анатолій Парцянка, Леанід Штоль і Уладзімір Шчэпін.

photo_2026-02-10_16-24-58 (2)

Мінула 37 гадоў з таго часу, як савецкія войскі былі выведзены з Афганістана, а боль успамінаў назаўсёды пасяліўся ў душах тады зусім маладых хлопцаў, якім прыйшлося глядзець у твар вайны.

– У лістападзе мінулага года споўнілася 45 гадоў з таго часу, як я вярнуўся са службы, – падзяліўся сваімі ўспамінамі ўраджэнец вёскі Масловічы Парплішчанскага сельсавета, былы старшы сяржант 357 гвардзейскага парашутна-дэсантнага палка Валянцін Андрыеўскі. – Так атрымалася, што стаў першым воінам-інтэрнацыяналістам у Докшыцкім раёне. Служыў паўгода ў Літве, затым у Баравусе-1 і Віцебскай 103-й гвардзейскай дывізіі. Дарэчы, яна першай, а менавіта 25 снежня 1979 года, ступіла на зямлю Афганістана. За ўвесь час вайны з нашай дэвізіі загінула 907 чалавек, у тым ліку чатыры Героі Савецкага Саюза. З ураджэнцаў Докшыцкага раёна трагічна абарвалася жыццё Генадзія Васюковіча і фельчара Галіны Стральчонак. Абое ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі пасмяротна, а іх гераізм увекавечаны на памятных шыльдах.

photo_2026-02-10_16-24-58 (3)

Успамінамі пра сваю службу ў “гарачых кропках” падзяліліся ўсе запрошаныя воіны-інтэрнацыяналісты. Іх думкі сышліся: раны ад афганскай вайны, дзе б яны ні былі – на целе альбо на душы, ніколі не зажывуць.

Напрыканцы сустрэчы, якая атрымалася шчырай і пазнавальнай, у якасці падарунка Валянцін Андрыеўскі перадаў Параф’янаўскай школе кнігі, прысвечаныя тэме Афганскай вайны. Дзеці ў сваю чаргу аддзячылі гасцям за цікавыя расказы: пранікнёна чыталі вершы, спявалі песні, хвілінай маўчання ўшанавалі памяць герояў.

У раённай афганскай арганізацыі, якую Валянцін Станіслававіч узначальвае ўжо на працягу 22 гадоў, налічваецца 59 воінаў-інтэрнацыяналістаў. З імі галоўны афганец трымае цесную сувязь: кожны год запрашае на сустрэчы ў школы раёна, 15 лютага збірае аднапалчан на ўрачыстасць, каб аддаць даніну павагі салдатам, якія выконвалі свой інтэрнацыянальны доўг.

photo_2026-02-10_16-24-58 (4) photo_2026-02-10_16-25-25 photo_2026-02-10_16-24-59 photo_2026-02-10_16-24-59 (4) photo_2026-02-10_16-24-59 (3) photo_2026-02-10_16-24-59 (2)

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *