Бегомльский участок РУП ЖКХ «Докшицы-коммунальник» обслуживает три сельсовета
На абслугоўванні Бягомльскага ўчастка РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” знаходзяцца тэрыторыі трох сельсаветаў – непасрэдна Бягомльскага, Бярозкаўскага і Бярэзінскага. Калектыў, у якім працуюць 22 чалавекі, тры гады таму ўзначаліў Юрый Кукуля.
– Займаемся абслугоўваннем жылога фонду, аказваем жыллёва-камунальныя паслугі па цеплазабеспячэнні гарадскога пасёлка, а таксама праводзім работы па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, – паведаміў Юрый Міхайлавіч. – Зараз, як бачыце, асноўныя сілы камунальнікаў скіраваны на ўборку і вываз снегу. Звычайна спраўляемся сваімі сіламі, але сёлета прыйшлося прасіць дапамогі. Так, у час вялікіх снегападаў дзве адзінкі спецтранспарту па заяўцы выдзеліла кіраўніцтва ААТ “Бягомльскае”. Арганізавана гэта работа і ўручную. Чысцяць снег, пасыпаюць ходнікі пясчана-салянай сумессю і тым самым робяць іх больш зручнымі для пешаходаў тры рабочыя – Мікалай Камінскі, Святлана Гайчук і Анатолій Сяцко.
Што тычыцца нашых аб’ектаў, то летась у Бягомлі РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” была праведзена рэканструкцыя кацельні, якая знаходзіцца на тэрыторыі бальніцы. У ходзе рэалізацыі гэтага праекта замест катлоў, якія раней працавалі на дрывах, устанавілі два катлы КВ-Рм-2. Для іх прадугледжана механізаваная загрузка шчапы. Яшчэ для двух – пелеты. Цяпер у міжацяпляльны перыяд нашы спажыўцы будуць забяспечаны гарачай вадой.
Акрамя гэтага, у Бягомлі наладжана швейная вытворчасць па выпуску камплектаў пасцельнай бялізны. Прадукцыя з бязі сертыфікаваная, карыстаецца попытам у многіх прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Яе рэалізоўваем на мясцовым рынку, арганізоўваем таксама гандаль у санаторыі “Баравое”.
У 2025 годзе на добраўпарадкаванне затрачана:
г.п. Бягомль – 65 768, 48 рубля;
Бягомльскага сельсавета – 41930,46 рубля;
могілак Бягомльскага сельсавета – 31346,02 рубля;
дваровых тэрыторый гарадскога пасёлка – 37 726,15 рубля.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

