Мошенничество, насилие, угон автомобиля. Правоохранители рассказали о преступлениях в Докшицком районе
Ад слоў да кулакоў
Не раз трапляў у поле зроку праваахоўнікаў за розныя правапарушэнні непрацуючы жыхар вёскі Варганы. На гэты раз мужчына без прычыны ўчыніў сварку са сваёй сужыцелькай. Спачатку аблаяў яе, а потым з усяго размаху ўдарыў кулаком у спіну. У выніку пацярпелая напісала заяву ў міліцыю. У адносінах да “героя” пракуратурай раёна ўзбуджана крымінальная справа паводле артыкула 153 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Не вытрывала
Яшчэ адна крымінальная справа (паводле артыкула 154) узбуджана ў адносінах да 22-гадовага грамадзяніна, жыхара вёскі Гарэлае. Высветлілася, што малады мужчына сістэматычна, на працягу сакавіка – ліпеня мінулага года, збіваў сваю маці, інваліда ІІ групы. У міліцыю жанчына не звярталася, бо шкадавала родную крывінку. Калі нарэшце цярпенне лопнула, патэлефанавала ўчастковаму.
Грошы зніклі
У міліцыю з заявай звярнулася дакшычанка. Жанчына паведаміла, што з яе банкаўскай карткі шляхам мадыфікацыі камп’ютарнай інфармацыі зламыснікі ўкралі 5300 рублёў. Па дадзеным факце раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа паводле часткі 1артыкула 212 КК Рэспублікі Беларусь.
Пераблытаў аўто
Раніцай жыхарка райцэнтра прыехала на работу. Ключы пакінула ў замку запальвання. Праз некаторы час выйшла на паркоўку і ўбачыла, што яе транспарт знік.
Дзякуючы зладжаным дзеянням міліцыянераў з дапамогай відэаназірання рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі аўтамабіль знайшлі праз гадзіну. Устаноўлена, што на машыне з’ехаў дакшычанін.
Мужчына расказаў, што планаваў купіць аўто. Перад гэтым звязаўся з прадаўцом, які дазволіў яму пракаціцца на намечанай пакупцы. Так супала, што машына стаяла на той жа паркоўцы, дзе пакінула свой аўтамабіль пацярпелая. Высветлілася, што машыны былі адной маркі і аднаго колеру. Адбылося банальнае непаразуменне.
Падрыхтавала Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Інфармацыю прадаставіў начальнік ААПП РАУС падпалкоўнік міліцыі Юрый Піменаў.
