Докшицкий районный центр детей и молодежи признан лучшим среди учреждений дополнительного образования
Ганаровай граматы за перамогу ў прэстыжнай намінацыі “Лепшая ўстанова дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, размешчаная ў сельскай мясцовасці” ўдастоены Докшыцкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі. Узнагарода ўручана дырэктару ўстановы Святлане Януковіч. Акрамя гэтага, кіраўніку перададзены сертыфікат на суму 10 тысяч рублёў на развіццё ўстановы.
Павіншаваў з дасягненнямі лепшых педагогаў вобласці па выніках работы мінулага года намеснік старшыні аблвыканкама Вячаслаў Дурноў.
Цэнтр як дом
– Гэта не проста грамата, – зазначае Святлана Януковіч. – Гэта высокая ацэнка працы педагогаў, пацвярджэнне таго, што наша ўстанова з’яўляецца сапраўдным пунктам росту і развіцця для дзяцей і моладзі раёна. Адзін у полі не воін, таму я выказваю вялікую ўдзячнасць кожнаму са сваіх калег – кампетэнтных, актыўных і безадмоўных.
Педагогі называюць цэнтр домам, дзе ўтульна кожнаму выхаванцу. Месцам сілы, дзе можна з карысцю правесці вольны час, навучыцца новаму, знайсці захапленне і пасябраваць з аднадумцамі.
Установа ахоплівае амаль палову дзяцей раёна ва ўзросце ад 6 да 17 гадоў. Яны займаюцца па тэхнічным, мастацкім і натуральна-матэматычным кірунках. Педагогі арыентуюцца на запыты навучэнцаў і сучасныя тэндэнцыі, удасканальваюць прафесійнае майстэрства, умацоўваюць матэрыяльна-тэхнічную базу. Асаблівая ўвага надаецца стварэнню бяспечных умоў знаходжання ў цэнтры, прафарыентацыі, пазабюджэтнай дзейнасці.
На пасадзе дырэктара Святлана Антонаўна працуе з сярэдзіны 2014 года. Чалавек невычэрпнай энергіі і працавітасці, натхняе свой калектыў на дасягненні. А іх у цэнтра безліч – гэта пацвярджаюць шматлікія дыпломы і граматы з занальных, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, якімі ўзнагароджаны як настаўнікі, так і дзеці.
Тры калектывы цэнтра маюць ганаровае званне ўзорных: студыя выяўленчага мастацтва “Радуга”, вакальная студыя “Тоніка” і харэаграфічны калектыў “Сюрпрыз”. Карыстаюцца папулярнасцю ў дзяцей аб’яднанні па інтарэсах “Беларуская саломка”, “Прырода і фантазія”, “Авіямадэляванне” і іншыя. З гэтага навучальнага года адкрыты аб’яднанні “Ракетамадэляванне” і “Я сам”. Апошняе накіравана на сацыялізацыю дзяцей у грамадстве.
Непасрэдна дырэктар па выніках работы 2017 года была прызнана лепшай па прафесіі з занясеннем на раённую Дошку гонару, мае асабістыя ўзнагароды абласнога і рэспубліканскага значэння. Уласны прыклад кіраўніка – найлепшы стымул у працы для калектыву.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ і гераіні публікацыі.



