Валентина Ивашкевич из деревни Берёзовка Докшицкого района ощущает себя молодой

a-483

Старэць? Не хачу і не буду! Так сцвярджае пенсіянерка Валянціна Івашкевіч, старэйшына вёскі Бярозаўка. І, ведаеце, гледзячы на гэтую жанчыну, верыш: не будзе. Можна тое, што чалавек выглядае нашмат маладзейшым за пашпартны ўзрост, тлумачыць добрай генетычнай спадчыннасцю, нейкімі асаб­лівымі ўмовамі жыцця, тым, што ён, а лепш сказаць, яна старанна за сабой даглядае… Аспрэчваць гэтыя меркаванні, мабыць, не варта, але, як падаецца, найбольш “скідаюць” гады агеньчык у вачах, жаданне жыць і любіць, захопленасць справай і пазітыўны настрой, усмешка. У Валянціны Пятроўны ўсяго пералічанага цераз край.
Пра сваю “старэйшынскую” дзей­насць, стаж якой перавысіў пятнаццаць гадоў, жанчына дужа не распавядае: зроб­лена і зроблена, што мінулае ўзгадваць – трэба надзённыя праблемы вырашаць. Старэйшына, лічыць яна, павінен быць першым памочнікам старшыні сельвыканкама, якім і стараецца быць усе гэтыя гады, ці то гэта арганізацыя і збор сродкаў на добраўпарадкаванне мясцовых могілак, ці то пахаванне адзінокага чалавека і ўстаноўка помніка на яго магіле, ці то вырашэнне рознага роду сацыяльна-бытавых пытанняў аднавяскоўцаў.
– На дадзены момант мае клопаты пра тое, каб у Бярозаўцы, дзе пражывае 226 чалавек і ёсць маленькія дзеці, стаў працаваць фельчар у ФАПе, – дзеліцца набалелым Валянціна Пятроўна. – Толькі раз на тыдзень прыязджае да нас такі спецыяліст з Гняздзілава, а медыцынская ж дапамога патрэбна штодзённа. І яшчэ адно хацелася б вырашыць. Рэйсавы аўтобус Докшыцы — Крыпулі заходзіць у Бярозаўку раніцай і ўвечары, а ў абед – не. Нялёгка пажылым людзям, якія едуць такой парой, скажам, з Докшыцкай ЦРБ, крочыць добрыя тры кіламетры дадому. Разумею, што колькасць пасажыраў невялікая, аўтапарку гэта нявыгадна, але ж людзі з глыбінкі, пагадзіцеся, не павінны быць абдзелены ў плане камфорту і зручнасці.
Валянціна Пятроўна, дачка галоўнага агранома, будучы жонкай старшыні калгаса, з разуменнем ставілася да яго вечнай адсутнасці дома і лёгка, энергічна, без нараканняў цягнула воз сямейных гаспадарчых работ. “Што такое быць замужам, я адчула толькі на пенсіі, калі мы з мужам Міраславам сталі шмат часу праводзіць разам, – смяецца суразмоўца і ўжо сур’ёзна дадае: – Пенсія – гэта не захад жыцця, а пачатак новага, цудоўнага, калі ты сам сабе гаспадар і можаш рабіць тое, што табе сапраўды па душы. А недзе нешта пабольвае, калі гэта, вядома, не небяспечна для здароўя, – дык на тое асаблівай увагі звяртаць не трэба. Так яно пад небам: атрымліваеш адно – плаціш за гэта іншым, і ніякай асаблівай драмы ў гэтым няма”.
Мудра? Яшчэ б! Цікавімся, што грэе душу гэтай цудоўнай жанчыны.
– Чакаю цёплых дзён, каб заняцца кветкамі. У мяне такія кляматысы і ружы! Спяваць люблю, але няма з кім. Была б шчаслівай, каб пры Доме культуры якая­-небудзь вакальная група арганізавалася. Сяброў сваіх люблю. Прызнаюся: на доўгі час у “Аднакласніках” “завісаю”. А чаму б і не – час дазваляе. Ды і ў рэальным жыцці часта з імі сустракаюся. Самы вялікі “стаж” сяброўства – пяцьдзясят гадоў. Вядома ж, мужа люблю і сына, згараю ад нецярпення палю­біць і ўнукаў, якіх пакуль што няма. Радасць доўгія гады прыносіла работа, дзеткі – вучні пачатковых класаў, якіх нямала прайшло, як гаворыцца, праз мае рукі. Радуюся любым прыемным дробязям. І дэвізам жыццёвым у мяне верш Ларысы Рубальскай, у якім ёсць такія радкі:
Не хочу я стареть, не хочу!
Говорят, что отлично я выгляжу…
Мне такое еще по плечу,
Что не всякая юная выдержит!
…Не хочу и не буду стареть –
Так себе я в судьбе обозначила!

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *