География обращений — самая широкая, как и круг вопросов. Наталья Кочанова провела приём граждан в Бегомле

IMG_0771

Наталля Качанава: “З людзьмі трэба размаўляць”. А яшчэ чуць іх праблемы і запыты і расказваць пра вырашэнне тых пытанняў, якія штодзённа знаходзяцца ў полі зроку мясцовай улады. Менавіта на гэта неаднойчы звяртала ўвагу кіраўнікоў усіх узроўняў Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу падчас адзінага дня прыёму грамадзян, які правяла ў Бягомлі з удзелам старшыні райвыканкама Сяргея Абіралы і старшыні раённага Савета дэпутатаў Валянціны Рандарэвіч.

Докшыцкі і Глыбоцкі раён, Мінск, Віцебск, Новалукомль, Барысаў, Мар’іна Горка, Бабруйск і Гомель. Геаграфія зваротаў – самая шырокая, як і кола пытанняў.

Першымі са стосам папер і фотадоказамі на прыём да Наталлі Качанавай прыехалі жыхары Мінска. У іх калектыўным звароце акрэслена адразу некалькі тэм: недахоп месцаў на паркоўцы каля шматпавярховіка, прапанова ўстанавіць шлагбаум і разабрацца з гарачым водазабеспячэннем і памерам зямельнага падатку. Наталля Іванаўна адзначыла, што пытанні патрабуюць дэталёвага аналізу, і дала даручэнне прадстаўнікам Мінгарвыканкама выехаць на месца, каб у выпадку правамернасці звароту аператыўна дапамагчы людзям.

IMG_0773

Палачанін, які некалькі гадоў працуе ў Мінску, звярнуўся па садзейнічанне ў выдзяленні арэнднага жылля. Кватэрнае пытанне абвастраюць складаныя сямейныя абставіны. Як высветлілася, прадпрыемства, дзе працуе мужчына, такое жыллё не будуе, аднак кампенсуе яму частку сродкаў за найм памяшкання. Наталля Качанава адзначыла, што чарга ахвотных атрымаць такое жыллё ў сталіцы, зразумела, ёсць, але ў сітуацыі трэба разабрацца, як варыянт – прадастаўленне заяўніку інтэрната.

У сувязі з гэтым, гаворачы пра будаўніцтва жылля, спікер нагадала пра даручэнне Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі, які патрабуе актыўна развіваць рэгіёны і не перацягваць усе працоўныя рэсурсы ў Мінск:

– Не толькі сталіца і абласныя цэнтры, але і малыя гарады, сельскія тэрыторыі павінны быць прывабнымі для жыцця. Пільная ўвага да ўстойлівага рэгіянальнага развіцця невыпадковая: ад гэтага залежыць дабрабыт нашай краіны ў цэлым.

Сярод тых, хто прыйшоў на прыём да спікера верхняй палаты Парламента, і зарэгістраваная ў Мінску жыхарка Бягомля, якая папрасіла больш увагі надаваць добраўпарадкаванню населенага пункта: нездарма ж яго называюць уязнымі варотамі ў Віцебскую вобласць. Жанчыну хвалююць і пытанні закрыцця адной з крам спажывецкай кааперацыі, а таксама і аховы здароўя, у прыватнасці, адсутнасці ўрачоў некаторых вузкіх спецыяльнасцей у Бягомльскай раённай бальніцы.

IMG_0690

Пытанне арганізацыі гандлёвага абслугоўвання пракаменціраваў старшыня райвыканкама Сяргей Абірала, які адзначыў: што тычыцца канкрэтнай гандлёвай кропкі, то сітуацыя ў стадыі вырашэння, магчыма, з прыходам іншага ўласніка. Сяргей Уладзіміравіч справядліва заўважыў, што ў пасёлку 24 гандлёвыя аб’екты, з якіх тры адкрыліся ў 2025 годзе. Калі ж зачыніўся згаданы ў звароце аб’ект, дадаткова па вуліцы, дзе пражывае заяўніца, часова была пушчана аўтакрама. Зараз колькасць яе прыпынкаў павялічыцца.

Начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама Міхаіл Вішнявецкі паведаміў пра камплектацыю штата ў бальніцы. Ён адзначыў, што ў Бягомлі працуюць чатыры ўрачы: два – агульнай практыкі, урач-тэрапеўт, стаматолаг-тэрапеўт.

Пры абмеркаванні пытанняў добраўпарадкавання, якія агучвалі ў сваіх зваротах яшчэ некалькі бегамльчан, Наталля Іванаўна адзначыла, што прадстаўнікам мясцовай улады неабходна больш шчыльна працаваць з мясцовым насельніцтвам, праводзіць сустрэчы, расказваць аб справах і ініцыятывах, таксама хочацца бачыць актыўную грамадскую пазіцыю людзей і іх дапамогу. Вельмі цяжка падтрымліваць парадак у адзіночку. Як варыянт, можна рыхтаваць праекты ў межах рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў.

Як патлумачыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч, маштабны праект па ўвекавечванні памяці землякоў і будаўніцтве летняй сцэны раённы і Бягомльскі Саветы дэпутатаў падрыхтавалі ў мінулым годзе. І хаця падчас конкурснага адбору перавагу аддалі іншым рэгіёнам, справа не была пакладзена ў стол. “Алея славы” каля Брацкай магілы ў цэнтры мястэчка была адкрыта летась падчас святкавання дня гарадскога пасёлка Бягомль. Гэта падзея – вынік рэалізацыі праекта “Славе не пагаснуць – традыцыям жыць”, ініцыятарам якога выступілі раённы і Бягомльскі Саветы дэпутатаў пры падтрымцы арганізацый, якія размешчаны на тэрыторыі сельсавета, і мясцовых жыхароў. Распачаты работы па падрыхтоўцы пляцоўкі пад летнюю сцэну, якая будзе размешчана за Домам культуры. За кошт сродкаў, заробленых на раённым суботніку, ужо набыты аркі, летась праведзены пэўныя работы па выдаленні аварыйных дрэў, падрыхтоўцы тэрыторыі, у тым ліку за кошт сродкаў райбюджэта, прадугледжаных на добраўпарадкаванне.

Агульнай справе дапамагалі мясцовыя арганізацыі і насельніцтва. З наступленнем спрыяльныў умоў надвор’я работы будуць працягнуты.

IMG_0792

Жыхарка вёскі Ваўча таксама наракала на адсутнасць магчымасці атрымаць кансультацыю ўрачоў некаторых вузкіх спецыялізацый.

Наталля Іванаўна паабяцала падрабязна вывучыць пытанне:

– Людзі павінны своечасова атрымліваць спецыялізаваную дапамогу. Як выхад, для вёсак, дзе няма фельчарска-акушэрскіх пунктаў, можна арганізаваць абслугоўванне перасоўным ФАПам, своечасова інфармуючы пра гэта насельніцтва.

Кіраўнік Савета Рэспублікі праанансавала свой прыезд у Докшыцы і Бягомль сёлета яшчэ раз з мэтай наведаць установы аховы здароўя і пракантраляваць сітуацыю.

На прыём да спікера Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай прыехалі жыхары і з суседняга Глыбоцкага раёна. Адзін з іх прасіў садзейнічання ў падключэнні жылога дома ў в. Чэчалі да электрасетак. Другі зварот тычыўся доляў у спадчыну жылля, пабудаванага з дзяржпадтрымкай, і канфліктнай сітуацыі, якая ўзнікла ў сувязі з гэтым.

IMG_0746

Таксама па жыллёвым пытанні запісаўся на прыём да Наталлі Качанавай жыхар Бягомля. Ён ужо звяртаўся да старшыні райвыканкама па садзейнічанне пры падключэнні электраацяплення і атрымаў дапамогу. Зараз сітуацыя няпростая, бо дом мае некалькі ўласнікаў і кватэр, частка якіх прызнана аварыйнымі. Гэта патрабуе вывучэння і прыняцця рашэння, у тым ліку і на заканадаўчым узроўні. Старшыня райвыканкама Сяргей Абірала растлумачыў, што сітуацыя з домам у стадыі рашэння і знаходзіцца на кантролі ў райвыканкаме.

Сужэнцы з Віцебска некалькі гадоў вядуць перапіску з рознымі інстанцыямі наконт няправільнага, на іх думку, вызначэння мяжы дачнага ўчастка. Жанчына з аграгарадка Бярозкі хоча прыватызаваць жылы дом, бегамльчанін сярод іншых пытанняў падзяліўся сумам рыбака: быццам і жыве недалёка ад Бярэзіны, а парыбачыць у запаведнай зоне могуць толькі мясцовыя жыхары ці супрацоўнікі запаведніка. Яшчэ дзве бегамльчанкі, уласніцы дзвюхкватэрных дамоў на вуліцы Лепельскай, пацікавіліся, ці чакаць ім і суседзям капрамонту. Віцябчанка не можа ўладкавацца на работу па спецыяльнасці: хаця і вакансій прапаноўваюць шмат, а ўсё ці жанчыне не падыходзіць, ці работадаўцы адмаўляюць. Адным словам, кожны, хто завітаў на прыём да спікера, імкнуўся данесці сваю пазіцыю і атрымліваў паразуменне і дапамогу.

IMG_0812

Напрыканцы напружанага рабочага дня Наталля Іванаўна адзначыла, што практыка правядзення прыёмаў грамадзян спрыяе актыўнаму вырашэнню надзённых пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва, асабліва ў тых сітуацыях, калі патрэбна значная дапамога на заканадаўчым узроўні:

– Не першы год практыкуецца форма адзінага дня прыёму грамадзян, які члены Савета Рэспублікі праводзяць у розных рэгіёнах. Гэта дае магчымасць не толькі дапамагчы людзям у вырашэнні іх праблем, але і выявіць сістэматычныя пытанні, якія трэба вырашаць на высокім узроўні, уносіць змяненні ў дзеючыя заканадаўчыя акты. Да таго ж ёсць магчымасць прасачыць і дынаміку развіцця рэгіёнаў: што ўжо зроблена і як узаемадзейнічаюць мясцовыя ўлады ўсіх узроўняў з насельніцтвам.

Наталля СТАШЭВІЧ.
Фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *