Дрова и торфобрикет по-прежнему пользуются спросом у жителей Докшицкого района
Дровы і торфабрыкет па-ранейшаму карыстаюцца попытам сярод жыхароў раёна – не толькі вяскоўцаў, але і дакшычан, што жывуць у прыватных дамах. Нават калі падведзены газ ці электраацяпленне, мала хто пазбаўляецца поўнасцю ад печак і пліт, ды і лазні зараз маюцца ці не ў кожным домаўладанні. Самы хуткі і просты спосаб запасціся дрывамі ў любы час – звярнуцца ў Докшыцкі ўчастак Глыбоцкага філіяла АУП “Віцебскаблпаліва”.
– За мінулы год нашай арганізацыяй рэалізавана насельніцтву 1175 тон брыкету і 7724 кубічныя метры дроў, – гаворыць начальнік участка Мікалай Шульгат. – Перабояў з абодвума відамі паліва няма ні па датацыйнай, ні па свабоднай цэнах, якія ў параўнанні з 2024 годам выраслі зусім нязначна. Для змяншэння кошту дроў мы арганізавалі ў аграгарадках і буйных населеных пунктах раёна прамежкавыя склады па іх дастаўцы. Гэта, напрыклад, у Таргунах, Тумілавічах, Несцераўшчыне, Вітунічах, Крулеўшчыне, Бярозках, Бярозаўцы, Валкалатах, Докшыцах і інш.
Калі ёсць патрэба ў хуткім выкананні заказу, то ўжо на наступны дзень пасля заяўкі дровы будуць прывезены з Параф’янава, дзе і знаходзіцца Докшыцкі ўчастак Глыбоцкага філіяла, – шчапанымі, цуркамі або пілаванымі па 2-4 метры, у асноўным гэта бяроза і сасна, у залежнасці ад запатрабавання заказчыка. Калі ж тэрміновасці ніякай няма, то мы фарміруем камплект заявак – ад 10 і больш чалавек, завозім у вышэйназваныя населеныя пункты пілаваныя дровы, утвараючы там прамежкавыя склады, і ўжо адтуль развозім домаўладальнікам.
Нагадаем, што па датацыі адзін раз у год, незалежна ад наяўнасці ці адсутнасці індывідуальнага ацяпляльнага абсталявання, якое працуе на газе або электрычнай энергіі, на адно домаўладанне можна набыць 3,5 тоны торфабрыкету па цане 25,06 рубля за тону або 4,9 шчыльнага кубічнага метра двухметровых дроў па 8,94 рубля за кубаметр.
Кладаўшчык прадпрыемства Маргарыта Забароўская пацвердзіла: для тых, хто мае магчымасць уласнымі сіламі пашчапаць дровы, аформіць такога роду заяўку выгадна. Аб’ём дроў даўжынёй 2-4 метры (прычэп) каштуе зараз 43 рублі 81 капейку. Дадаём яшчэ кошт пагрузкі. Ну а далей варта прыплюсаваць кіламетраж. Дастаўка да пяці кіламетраў каштуе 26 руб. 45 кап., звыш пяці – 5 руб. 87 кап. за кіламетр. Такім чынам, калі дровы будуць дастаўляцца з прамежкавых складоў, кошт прычэпа не перавысіць 100 рублёў. Кошт кубічнага метра дроў цуркамі складае 37 руб. 86 кап., шчапаных – 55 руб. 30 кап. – яны дастаўляюцца непасрэдна з участка ў Параф’янаве.
Калі вышэйназваных нормаў на ацяпляльны сезон недастаткова, паліва звыш фіксаванага аб’ёму давядзецца аплаціць ужо па свабодных цэнах. Заказ выконваецца аператыўна, чэргаў няма. Для льготных катэгорый насельніцтва паліва рэалізуецца са зніжкай 50 працэнтаў.
Варта нагадаць, што права на набыццё цвёрдых відаў паліва па ўстаноўленых у адпаведнасці з заканадаўствам фіксаваных рознічных цэнах маюць грамадзяне, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь у аднакватэрных жылых дамах, кватэрах у блочных жылых дамах, у якіх маецца пячное, вадзяное або паравое ацяпленне. Галоўныя ўмовы – грамадзяне павінны быць зарэгістраваны па месцы жыхарства, а іх дамы не павінны быць падключаны да сістэмы цэнтральнага ацяплення.
Больш дакладную інфармацыю пра аказваемыя паслугі можна атрымаць, патэлефанаваўшы па нумары 3-47-17.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава Чарвінскага.

