Очередной выпуск проекта «Вёсачка мая» рассказывает о деревне Липск Березинского сельсовета

Липск

ЛІПСК – вёска ў Бярэзінскім сельсавеце. Вядома з 18 ст. як маёнтак у складзе Рэчы Паспалітай, які належаў панам Пацам. З 1793 г. у складзе Расійскай імперыі. Паводле дакументаў 1879 г. у Ліпску дзейнічала царква, а ў 1886 годзе вёска ўпамінаецца як сядзіба, у якой быў малітоўны дом, а таксама вадзяны млын, што за месяц перамолваў на муку да трох тысяч пудоў збожжа.

IMG_0008 с

У пачатку 20 стагоддзя ў Ліпску налічвалася 90 двароў, у якіх пражывалі 483 жыхары. У 1922 г. пачынае працаваць пачатковая школа, у якой навучаецца 60 дзяцей, а напачатку 30-х арганізоўваецца калгас “Усход”, працуе кузня. У 1973 г. у вёсцы пастаўлены абеліск у гонар 24 землякоў, загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны.

На ўсходзе ад населенага пункта знаходзіцца курганны могільнік, які адносіцца да 9-10 стст. Таксама каля Ліпска ёсць сярэдневяковы могільнік (16-18 стст.). У лесе захаваўся калодзеж у драўляным зрубе, каля якога калісь была капліца. Лічылася, што на яблычны Спас вада ў калодзежы валодала незвычайнай сілай, што дапамагала вылечыцца ад многіх хвароб. Яшчэ каля вёскі ёсць камень-следавік (адзін з двух у раёне) і валун з высечанай выявай ці то ваяра, ці то анёла.

Зараз зімовым часам у Ліпску свецяцца вокны ў сямі жылых дамах, з наступленнем цяпла вяртаюцца ад дзяцей з гарадоў яшчэ некалькі вяскоўцаў і прыязджаюць дачнікі. Жыхары вёскі вельмі дружныя, падтрымліваюць зносіны адзін з адным, дапамагаюць ва ўсім.

Бацькоўскае шчасце

Найперш на адзінай вуліцы Ліпска з прыгожай назвай Ягадная заглянулі да старэйшыны Валянціны Казлоўскай. Валянціна Міхайлаўна даглядае хворую жанчыну ва Улессі, але яе душэўнай цеплыні хапае не толькі на падапечную, а і на ўсіх аднавяскоўцаў: з кожным трымае цесную сувязь, кожнаму гатова прыйсці на дапамогу.

Валянціна Казлоўская: трэба да прыезду родных падрыхтаваць лазню.

Валянціна Казлоўская: трэба да прыезду родных падрыхтаваць лазню.

Дома жанчыну заспелі адну: муж Васіль Васільевіч працуе лесніком у Бярэзінскім лясніцтве. Кажа, сумаваць ёй некалі, бо хапае да ўсяго і хатніх клопатаў (сядзіба ў Казлоўскіх значная па плошчы і вельмі дагледжаная). А на выхадныя да мамы з татам прыязджаюць са сталіцы сыны і дачка з сем’ямі, засяляюць дадаткова яшчэ дзве суседнія хаты, што ў іх нават летнікамі не назавеш, бо круглы год там жыццё кіпіць.

– Такое вось у нас з Васем шчасце, – гаворыць Валянціна Міхайлаўна з павільгатнелымі вачыма. – Што можа быць лепшым? У выхадныя мы з мужам забываем пра ўсе нашы балячкі. Гуртам і справа робіцца вокамгненна, і ежа смачнейшая за вясёлым сталом. Дзеці нашы ад вёсачкі сваёй, ад нас не адарваліся, і ў гэтым найвялікшая наша радасць.

Час для духоўнага жыцця

Аб’ядноўвае ўсіх ліпскаўчан тое, што жывуць яны ў бацькоўскіх дамах. Вось і Анатоль Лазар, які доўгія гады жыў і працаваў ажно ў Піцеры, у свой час прыехаў, каб даглядаць састарэлых бацькоў, ды так і застаўся ў родных сценах.

Анатоль Лазар: “Пакідаеш зранку снегу – і зарадкі не трэба, і бадзёрасці хапае на ўвесь дзень”.

Анатоль Лазар: “Пакідаеш зранку снегу – і зарадкі не трэба, і бадзёрасці хапае на ўвесь дзень”.

Анатоль Мікалаевіч упэўнены, што многія з узростам вяртаюцца да таго, што было дарагім у дзяцінстве і юнацтве, да ўкладу жыцця, што калісьці быў звыклым, камфортным, зразумелым. Вялікі аматар збору грыбоў і ягад, ён з задавальненнем гэтым займаецца ў сезон: і лясы недалёка, і транспарт, каб аблегчыць шлях, ёсць – квадрацыкл. Садзіць агарод – як у вёсцы без гэтага? А вось з жыўнасці трымае толькі катоў, якія прыйшлі немаведама адкуль і выбралі яго за гаспадара.

– У козах ды свінках няма патрэбы, – кажа. – Аж тры аўтакрамы да нас прыязджаюць, усе неабходныя прадукты можна купіць. Пенсія – яна для духоўнага жыцця, для таго, на што неставала часу ў вірлівым кругавароце маладых гадоў. Мне добра ў маёй вёсцы, дзе я хоць і адзін, але не адзінокі.

Маміны каралі як святыня

Яшчэ адна адметнасць ліпскаўчан – унутранае ўбранне дамоў, дзе шпалеры і шторы яркія, мэбля сучасная “сябруе” з бацькоўскай, а падлогі шчодра ўсланы дыванамі. У сясцёр Наталлі Жарковай і Святланы Кургей, што жывуць крыху наводшыбе, гэтак жа сонечна ў доме.

Сёстры Святлана і Наталля.

Сёстры Святлана і Наталля.

Наташа жыла раней у Бягомлі, дзе мае кватэру, дзе нарадзіліся і выраслі дзве яе дачушкі, а Света, па стане здароўя, – з бацькамі. Час ідзе: Наташыны дочкі выраслі, жыццё сямейнае не задалося, а тату з мамай стала патрэбна дапамога. Вось і вярнулася жанчына ў родны Ліпск. І пасля таго, як дарагіх людзей не стала, засталася са Светай, бо як жа яна адна?

Так і жывуць сястрычкі ў ладзе і згодзе – дзве родныя душы. Трымаюць хату і сядзібу ў парадку, агарод садзяць, сякую-такую жыўнасць даглядаюць. Размеранае жыццё. Без стрэсаў, што ў наш час вельмі важна. Рыхтуючыся сфатаграфавацца, Света папрасіла Наташу, каб яна дазволіла ёй упрыгожыць сябе менавіта мамінымі каралямі. Вельмі кранальна, і ніякіх гучных слоў не трэба…

Трымаюцца адзін за аднаго

Жыццё Уладзіміра Вашкевіча падобнае па “сцэнарыю” да жыццяў згаданых вышэй вяскоўцаў у тым плане, што ад малой радзімы ў маладыя гады ён адарваўся, а затым вярнуўся туды, дзе “пуп закапаны”.

І на фота абавязкова ўдваіх.

І на фота абавязкова ўдваіх.

Уладзімір Міхайлавіч доўгі час быў сталічным жыхаром, працаваў на аўтазаводзе, а потым вадзіцелем. У 2011 годзе прыехаў даглядаць старэнькую маму. Дагледзеў, а пасля захварэў сам і атрымаў інваліднасць другой групы.

Бацькоўскія дамы ў гэтага чалавека два. Жыве зараз у больш старым і малым па памерах, бо ў навейшы яму складана заходзіць: высокі ганак. Да Уладзіміра Міхайлавіча рэгулярна прыходзіць сацработнік, наведваюцца аднавяскоўцы. І ён без нараканняў прымае такі паварот лёсу.

Заўважыла, што людзі з правільным разуменнем свайго месца ў жыцці і дабрынёй у сэрцах, якія б ні складваліся абставіны, у большасці маюць патрэбу пра кагосьці клапаціцца, дарыць камусьці сваю любоў. Вось і Уладзімір Міхайлавіч спаўна аддае яе свайму “шарсцяному” сябру – кату Чорціку. А той аддзячвае яму такой жа любоўю і ласкай. І гэта ўжо, згадзіцеся, вялікая апора.

Самыя маладыя жыхары

Імі ў Ліпску з’яўляюцца Дзмітрый і Людміла Бандарэнкі.

Вось так сустракае Людміла мужа пасля рабочага дня на марозе.

Вось так сустракае Людміла мужа пасля рабочага дня на марозе.

Дзмітрый Міхайлавіч – ляснік Бярэзінскага лясніцтва, Людміла Аляксандраўна – хатняя гаспадыня. Зразумела, што дома мы заспелі толькі яе – гаспадар быў на працы.

Людміла перабралася за мужам у дом яго бацькоў з Беразіна. Новае месца жыхарства лічыць нічым не горшым. Людзі добразычлівыя, а гэта галоўнае, дом утульны, работы ў вёсцы – толькі ведай упраўляйся, за пакупкамі, калі чаго не прывязуць аўталаўкі, і самім можна з’ездзіць ці ў Беразіно, ці ў райцэнтр. Так, кажа, увесь час знаходзіцца дома зусім не яе жаданне, таму варыянты працаўладкавання разглядаюцца. Але і ў тым, што ўсе хатнія справы можна рабіць не ў аўральным рэжыме, як гэта бывае ў большасці працуючых жанчын, ёсць вялікі плюс. І тут не паспрачаешся.

P.S. Яшчэ ў адной жыхаркі Ліпска – Галіны Хоміч – мы пабывалі ў гасцях, але гэта ўжо, як гаворыць вядучы адной папулярнай тэлеперадачы, зусім іншая гісторыя. Яе абавязкова раскажам крыху пазней.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *