Выставка изделий декоративно-прикладного искусства разместилась в доме супругов Шкелко из деревни Крипули

IMG_9994 с

Нядаўна патрапілі ў госці да жыхароў вёскі Крыпулі Ірыны і Мікалая Шкелкаў, а адчуванне такое, нібы апынуліся на выставе вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Дом рамёстваў. На сценах, палічках, падстаўках, тумбачках, куды ні кінь вокам, – хараство, створанае ўмелымі рукамі гаспадыні Ірыны Анатольеўны з газетных трубачак.

Той, хто хоць раз спрабаваў свае сілы і творчыя здольнасці ў гэтай тэхніцы, ведае, што пры бюджэтнасці занятку ў параўнанні з многімі іншымі відамі рамёстваў (асноўны матэрыял – рэкламныя праспекты, што пачкамі можна набіраць у сеткавых крамах) работа з паперай патрабуе вялікай уседлівасці, акуратнасці, можна сказаць, пэўных матэматычных, а дакладней геаметрычных ведаў, добрай маторыкі рук і вялікай фантазіі. Ірына Анатольеўна несумненна ўсімі гэтымі якасцямі валодае, таму і з’яўляецца ў яе штотыдзень новы маленькі шэдэўр і колькасць работ лічыцца нават не ў дзясятках – у сотнях.

IMG_9989

Калі гаварыць пра асновы майстэрства, то нельга не адзначыць, што Ірына Анатольеўна закончыла ў свой час тэхналагічны інстытут і стала высакакласнай закройшчыцай і швачкай. Пашыць яна можа што заўгодна, пачынаючы ад драбязы і заканчваючы курткамі, паліто і сумкамі. Кажа, ёй дастаткова толькі глянуць на рэч, каб зразумець, як такую ж раскроіць і пашыць і з якой лепш тканіны.

Лёс гэтай таленавітай жанчыны, якая расла і сталела ў гады існавання Савецкага Саюза, склаўся так, што яна апынулася ў Латвіі. Жылі з мужам у Рызе, яна працавала на буйной швейнай фабрыцы начальніцай змены. Была шчаслівай: сям’я, дом, любімая работа. У 1990 годзе, як многім славянам, што сталі ў Прыбалтыцы непажаданымі жыхарамі, давялося вярнуцца на радзіму…

Шыла наша гераіня заўжды, а вось заняцца іншым рукадзеллем яе прымусіла найстрашнейшая для маці бяда: у 2010 годзе пахавалі з Мікалаем Антонавічам аднаго з сыноў. Трэба было шукаць паратунак, каб не вар’яцець ад гора, адганяць ад сябе рой чорных думак, запаўняць у душы тую пустэчу, якую прыносіць страта роднага чалавека. Такім выратаваннем і стала для яе пляценне з газетных трубачак. Як грыбы пад цёплым летнім дажджом, сталі расці пад яе рукамі домікі і калодзежы, храмы, вежы і млыны, чаравічкі і званочкі, фігуркі жывёл і птушак.

IMG_9991

А колькі арыгінальных шкатулак, скрыначак, каробак для захоўвання розных рэчаў, вазаў для фруктаў і цукерак яна змайстравала! І гэта яшчэ не ўсё. Ірына Анатольеўна і модульным арыгамі цікавіцца, і карціны з пазлаў складвае, і малюе. Не адстае ад жонкі ва ўмельстве і Мікалай Антонавіч: кошыкі, карзіначкі, зробленыя ім, проста заглядзенне. А старую мэблю ён можа не толькі адрамантаваць, але і перарабіць на модную, сучасную. Што тут яшчэ можна дадаць? Толькі пажадаць сужэнцам здароўя і натхнення.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *