Самые вкусные пирожки предлагают в Крулевщинской столовой Докшицкого филиала облпотребобщества

Прадавец Наталля Майсяёнак абслужыць так, што і пакупку зробіш, і настрой падымецца.

Прадавец Наталля Майсяёнак абслужыць так, што і пакупку зробіш, і настрой падымецца.

Ад сталовай Докшыцкага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства ў аграгарадку Крулеўшчына штодзень, акрамя нядзелі, ідзе такі смачны водар, што нельга не спыніцца і не зазірнуць у памяшканне хаця б з-за цікавасці. Ну а выйсці адтуль з пустымі рукамі, як падаецца, увогуле няма магчымасці: прыязнасць работнікаў плюс заўсёдная смаката на прылаўку буфета – і вось ужо ты з цэлым пакетам духмянага печыва, хоць і заракаўся есці мучное.

Нязменны прадавец буфета Наталля Майсяёнак прапаноўвае разам з іншымі, стандартнымі для такога роду гандлёвых кропак таварамі піражкі з капустай, павідлам і згушчаным малаком, сасіскі ў цесце, беляшы, чабурэкі, смажанкі – усё з пылу з жару. У гандлёвай сферы і ў прыватнасці ў гэтай сталовай, што хоць і мяняла часам сваю “дыслакацыю” і маштабы дзейнасці, але заўжды заставалася папулярнай як у мясцовага насельніцтва, так і ў прыезджых, Наталля Мікалаеўна без малога сорак гадоў. Работу сваю любіць, бо гэта, адзначае, штодзённыя зносіны з людзьмі, якія даюць масу пазітыву. Думаецца, такім жа пазітывам гэта мілавідная і ўсмешлівая жанчына зараджае і пакупнікоў.

Пякуць жа штодзень дзве сотні пышных мучных вырабаў (а па серадах, калі ў Крулеўшчыне віруе рынак, яшчэ больш) кухар Ірына Юрэвіч з дапамогай кухоннай рабочай Алены Крэмез. Майстэрству і ўвішнасці жанчын можна толькі пазайздросціць, бо піражкамі тымі яны займаюцца без адрыву ад асноўнай дзейнасці – гатавання комплексных абедаў. Па лагодных цэнах у сталовай можна падсілкавацца, заказаўшы паўнавартасны абед, у якім будуць салата, першая страва, другая з гарнірам і, вядома ж, гарбата, кампот ці кава. Стравы рыхтуюцца на выбар. Так, напрыклад, у дзень нашага наведвання можна было заказаць рыбу, або шніцаль, або катлеты з рознымі гарнірамі.

Кухар Ірына Юрэвіч валодае і сакрэтам сяброўства з цестам.

Кухар Ірына Юрэвіч валодае і сакрэтам сяброўства з цестам.

– Зімой у нашай сталовай у сярэднім харчуецца чалавек пятнаццаць за дзень, – распавядае Ірына Станіславаўна, якая кулінарнай справе прысвяціла таксама значную частку свайго жыцця, больш за два з паловай дзясяткі гадоў. – З наступленнем цяпла гатуем ужо ў разы больш. Найбольш часта да нас наведваюцца работнікі мясцовых арганізацый – нафтабазы, вытворчага ўпраўлення “Віцебскторф”, заходзяць, каб паабедаць, і людзі, што знаходзяцца ў пэўныя дні ў нас у камандзіроўках, – работнікі лясгаса, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, дарожных службаў. Мясцовых жыхароў і праезджых больш прываблівае, канечне ж, выпечка. А яшчэ прадаём частку паўфабрыкатаў галубцоў, якія робім таксама самі, прыкладна сотню кілаграмаў за месяц. Асноўная ж іх колькасць рэалізуецца ў гандлёвых кропках філіяла аблспажыўтаварыства, карыстаецца попытам і за яго межамі.

Кухонная рабочая Алена Крэмез.

Кухонная рабочая Алена Крэмез.

Як паведамілі нашы суразмоўцы, выручка ад рэалізацыі прадукцыі і аказваемых паслуг у сталовай аграгарадка складае ў сярэднім 10-12 тысяч рублёў – зноў-такі найбольшая яна ў летні перыяд.

Думаецца, адзінае, што патрэбна зрабіць дружнаму маленькаму калектыву, – маркетынгавы ход. Неабходная яркая шыльда тыпу “Самыя смачныя піражкі – тут!”, якая адразу б кідалася ў вочы тым, хто праязджае міма, не ведаючы, што спыніцца – варта!

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *