Сельхозпредприятия Докшицкого района готовят технику к посевной кампании

ЕН 1553 с

Газаэлектразваршчык Ягор Глазко за работай.

Пад тоўстым снежным покрывам спяць палі, а ў мехмайстэрнях сельгаспрадпрыемстваў поўным ходам кіпіць работа па падрыхтоўцы тэхнікі да веснавой пасяўной кампаніі. У ААТ “Бягомльскае” рамонт і агляд трактароў і агрэгатаў на завяршальнай стадыі.

Карпатлівая праца земляробаў ацэньваецца па дастойным ураджаі. Каб яго вырасціць, патрэбна ў поўнай тэхнічнай гатоўнасці сустрэць чарговы вясенне-палявы сезон. Таму зараз усе намаганні кіраўніцтва гаспадаркі, інжынернай службы, механізатарскага саставу і слесараў-рамонтнікаў накіраваны на падрыхтоўку тэхнікі.

– Энерганасычаныя трактары ў нас да пасяўной практычна гатовы, – паведаміў галоўны механік гаспадаркі Аляксей Асаёнак. – Чакаем, што днямі будзе прывезены з маторарамонтнага завода матор “Кіраўца” – зоймемся яго ўстаноўкай. Таксама можна выводзіць на палеткі пасяўныя агрэгаты, у поўнай гатоўнасці плугі, культыватары і бароны. На дадзеным этапе ў нас актывізаваны работы па рамонце і абслугоўванні раскідвальнікаў арганікі і мінеральных угнаенняў.

Якраз за рамонтам РУМа мы заспелі газаэлектразваршчыка Ягора Глазко, які ў сельгаспрадпрыемстве праходзіць практыку. Будучы выпускнік Лепельскага аграрна-тэхнічнага каледжа хвалюецца, каб “баявое хрышчэнне” прайшло належным чынам, але, як прызнаецца, хваляванне гэта не празмернае, бо ёсць дапамога і падтрымка старэйшых вопытных калег. Задаволены хлопец і ўмовамі працы: у гэтыя халодныя студзеньскія дні ў рамонтнай майстэрні маразы не адчуваюцца, у бытоўцы ўвогуле цеплыня. Каб весялей працавалася, ёсць магчымасць і музыку ўключыць. Сталовая, дзе гатуюцца смачныя і сытныя абеды, а ў дадатак яшчэ і піражкі пякуцца, – за некалькі крокаў. Кавы ці чаю папіць з бутэрбродам можна і на месцы.

Тэхагляды ў сельгасарганізацыях пачнуцца з 20 лютага, а з 1 сакавіка ўся неабходная для правядзення пасяўной тэхніка павінна быць на лінейцы гатоўнасці. У “Бягомльскім” упэўнены, што такія тэрміны “возьмуць” нават з апераджэннем.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *