Семья — это маленькая церковь. Рассуждаем с благочинным Докшицкого церковного округа протоиереем Леонидом Стрехой
У наш імклівы і непрадказальны час, калі каштоўнасці мяняюцца з галавакружнай хуткасцю, індывідуалізм узведзены ў культ, інстытут сям’і перажывае складаны перыяд у сваёй гісторыі. Што такое сям’я для сучаснага чалавека? Мы рэдка задумваемся аб тым, якімі павінны быць нашы адносіны да гэтага найвялікшага дару і якія яны ёсць на самай справе. Паглыбіцца ў гэту тэму, абапіраючыся на мудрасць Праваслаўнай Царквы, нам дапаможа благачынны Докшыцкай царкоўнай акругі протаіерэй Леанід Страха.
– Айцец Леанід, на працягу тысячагоддзяў сям’я была асновай стабільнасці грамадства, школай любові, самаахвярнасці, даравання, залогам прадаўжэння роду нарэшце. У наш час сітуацыя ў свеце мяняецца. Маладыя людзі адкладваюць уступленне ў шлюб, аддаючы перавагу свабодным адносінам ці адзіноце. Разводы сталі звыклымі. Дзеці некаторымі ўспрымаюцца як абуза, а не благаславенне. Страчана правільнае разуменне сям’і?
– Для Царквы сям’я не проста сацыяльная ячэйка – гэта штосьці глыбокае, узвышанае і святое. Святыя айцы называюць сям’ю маленькай царквой. А гэта азначае, што яна прызвана быць месцам, дзе праяўляецца і рэалізуецца Божая любоў, дзе людзі духоўна ўзрастаюць, асвячаюцца і ратуюць свае душы. Так-так, менавіта шлюб з’яўляецца шляхам да святасці. Падкрэслю: венчаны шлюб, а не проста саюз па плоці. Сужэнцы не проста жывуць разам – яны саўдзельнічаюць у справе духоўнага ўзрастання адно аднаго.
Праваслаўнае разуменне любові ў шлюбе адрозніваецца ад мірскога. Гэта любоў, якая “долготерпит, милосердствует, не гордится, не бесчинствует, не раздражается, не мыслит зла; все покрывает, всему верит, всего надеется, все переносит. Любовь никогда не перестает” (1 Кор. 13: 4–8).
Шлюб – гэта не рай на зямлі, а хутчэй духоўная лабараторыя, дзе ў працы і барацьбе з уласным эгаізмам адбываецца ачышчэнне душы. Сям’я – школа дабрыні, у якой выхоўваюцца цярпенне, уменне любіць і дараваць, міласэрнасць і многія іншыя цудоўныя чалавечыя якасці. У гэтым кантэксце дзеці – найвялікшае благаславенне і найвялікшая адказнасць. Яны не з’яўляюцца перашкодай на шляху самарэалізацыі бацькоў, а, наадварот, праз іх выхаванне кожны з нас духоўна расце і пасяляе ў сваім сэрцы вялікую любоў.
Сучасная культура, перанасычаная рамантычнымі фільмамі, поп-музыкай, фарміруе скажонае ўяўленне аб любові як аб пастаянным феерверку эмоцый. Калі тыя эмоцыі прыціхаюць, маладыя людзі лічаць, што каханне прайшло і шукаюць новых “феерверкаў”. Пры гэтым забываюцца, што любоў – гэта не толькі пачуцці, але і воля, штодзённая праца, цярпенне, дараванне, а шчасце не сінонім адсутнасці праблем і прысутнасці бясконцага задавальнення.
Мяркую, што правільнае разуменне сям’і не страчана, аднак усё часцей маладыя людзі падыходзяць да шлюбу з эгаістычнай, спажывецкай пазіцыі: што я атрымаю ад свайго мужа ці сваёй жонкі? А пазіцыя павінна быць хрысціянскай: што я магу даць? У выніку ўжо пры нязначных цяжкасцях сем’і распадаюцца. Іншага і чакаць нельга, калі не закладзены падмурак любові самаахвярнай. Дзе ён закладваецца? Зноў-такі – у сям’і.
Алена НЕСЦЯРОНАК.

