Водителю Докшицкого РГС Владимиру Ставеру присвоено звание «Человек года газового хозяйства Витебщины — 2025»
Па выніках работы мінулага года вадзіцелю аўтамабіля пятага разраду Докшыцкага раёна газазабеспячэння Уладзіміру Ставеру прысвоена ганаровае званне «Чалавек года газавай гаспадаркі Віцебшчыны – 2025».
Адпаведны дыплом нашаму перадавіку на ўрачыстым мерапрыемстве ў Віцебску ўручыў генеральны дырэктар УП «Віцебскаблгаз» Аляксандр Бранцэвіч.
Уладзімір Анатольевіч працуе ў раёне газазабеспячэння больш за дваццаць пяць гадоў і зарэкамендаваў сябе як выключна адказны і кампетэнтны работнік. На сваім МАЗе перавозіць разнастайныя грузы, а таксама выязджае на рамонт ці ўстаноўку газавага абсталявання па заяўках спажыўцоў. Выконвае слясарныя работы разам са сваім напарнікам Мар’янам Янковічам, такім жа граматным спецыялістам. Яны аператыўна рамантуюць і абслугоўваюць газавыкарыстальнае абсталяванне.
Любоў да тэхнікі ва Уладзіміра Анатольевіча ў крыві. Вадзіцелем у свой час працаваў і яго бацька, які з дзяцінства навучаў сына прамудрасцям прафесіі. Па дыпломе Уладзімір – тэхнік-механік, і гэтая спецыяльнасць дапамагае яму тонка адчуваць машыну, уласнаручна рамантаваць яе.
Якасная работа вадзіцеля неаднаразова адзначалася граматамі і падзякамі, а яго імя было занесена на Дошку гонару УП “Віцебскаблгаз” як аднаго з найлепшых работнікаў прадпрыемства.
Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара.

