Экспертизу семенного материала проводят в Докшицкой инспекции по семеноводству, карантину и защите растений
За некалькі крокаў да сяўбы
У лабараторыі інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін поўным ходам вядзецца экспертыза насеннага матэрыялу на пасяўныя якасці і адпаведнасць патрабаванням, устаноўленым Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. Вызначаецца ўсходжасць насення, заселенасць шкоднікамі, прысутнасць пустазелля і культурных прымесяў, вільготнасць і маса.
Пра тое, як сельгаспрадпрыемствы раёна рыхтуюць насенны матэрыял да веснавой пасяўной кампаніі, распавяла начальнік інспекцыі Ірына Бядарык.
– Сёлета гаспадаркі маюць патрэбу ў 1270 тонах насення збожжавых і зернебабовых культур, за выключэннем аднагадовых, якія плануецца ўбраць на зялёную масу, – паведаміла Ірына Генадзеўна. – У наяўнасці маецца 2079 тон насення. З дадзенай колькасці па стане на сярэдзіну лютага ачышчана ўсё насенне, заяўлена на экспертызу 1898 тон. Цалкам адпавядаюць патрабаванням 1349 тон, не адпавядаюць 549 – па чысціні. Гэта насенне забруджана як пустазеллем, так і зернем іншых культур, што адбываецца ў выніку пераходу камбайна на ўборку , напрыклад, ячменю пасля ўборкі пшаніцы з неналежным чынам ачышчаным бункерам або ў працэсе дасушвання збожжа. Такім чынам, кандыцыйным насеннем ААТ “Барсучанка” забяспечана на 124 працэнты да патрэбнасці, ААТ “Таргуны” – на 100 працэнтаў, КУСГП “Гняздзілава-Агра” – на 125, ААТ “Бягомльскае” – на 147. Па 60 тон недачышчанага збожжа выявілася ў КУСГП “АграСітцы” і КУП “Докшыцкі”, аднак гаспадаркі забяспечаны кандыцыйным насеннем адпаведна на 145 і 100 працэнтаў без уліку гэтых тон. А вось што датычыцца ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”, то сельгасарганізацыя заявіла на экспертызу 415 тон насення, а з іх адпавядае нормам толькі 86. Пры патрэбнасці 222 тоны гэта толькі 39 працэнтаў. Тым не менш час, каб выправіць сітуацыю, яшчэ ёсць.
Сельгаспрадпрыемствам неабходна актывізаваць работу па ачыстцы насення шматгадовых і аднагадовых кармавых траў. Пакуль што насенне для аналізу пачалі здаваць не ўсе гаспадаркі і не ў патрэбнай колькасці, і гэта праблема, падкрэслівае Ірына Бядарык, існуе ў раёне не першы год. Разам з тым ніяк нельга ігнараваць той факт, што, каб праверыць насенне шматгадовых траў на ўсходжасць, аграномам інспекцыі патрэбна ад 7 да 14 дзён: цімафееўка або канюшына ва ўмовах лабараторыі прарастаюць за 7-8 дзён, а яжа зборная і аўсяніца – за два тыдні. Суразмоўца зазначае, што менавіта па шматгадовых травах мае месца найбольшая неадпаведнасць насеннага матэрыялу. Справа ў тым, што ў ачышчальных машынах для насення траў неабходныя асобныя дробныя рэшаты, набыць якія з-за высокай іх цаны могуць не ўсе гаспадаркі. Як варыянт, ачысціць тое насенне магчыма ў спецыялізаваных установах, але такая працэдура, вядома ж, платная і таксама нятанная. Таму марудзіць з гэтай справай нельга.
Ужо праведзена размеркаванне элітнага насення яравых збожжавых і зернебабовых культур паміж сельгаспрадпрыемствамі. Так, 45 тон эліты пшаніцы сорту “Вестачка” размеркавана паміж пяццю гаспадаркамі за выключэннем ААТ “Таргуны” і КУСГП “Гняздзілава-Агра”, 70 тон ячменю сорту “Рэйдар” – паміж усімі гаспадаркамі, 15 тон насення аўса сорту “Квант” атрымалі на траіх ААТ “Барсучанка”, КУСГП “АграСітцы” і ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”. “Няма сумненняў, для павышэння рэпрадукцыйнасці закупка элітнага насення абавязкова павінна праводзіцца, – адзначыла напрыканцы размовы Ірына Генадзеўна. – Але ўсе спецыялісты агранамічнай службы ведаюць, што пры належнай падрыхтоўцы глебы да сяўбы, унясенні неабходнай колькасці арганічных і мінеральных угнаенняў і ў далейшым строгім захаванні ўсіх тэхналогій вырошчвання збожжавых і зернебабовых можна спадзявацца на дастойны ўраджай і з насення першай і нават другой рэпрадукцыі”.
Алена НЕСЦЯРОНАК.

