Инженер-механик ОАО «Торгуны» Александр Москаленок удостоен звания «Человек года Витебщины»

На цырымоніі ўшанавання: (злева направа) дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Анатолій Сіўко, лаўрэат звання «Чалавек года Віцебшчыны – 2025» Аляксандр Маскалёнак, старшыня Докшыцкага райвыканкама Сяргей Абірала.
За ўклад у развіццё Прыдзвінскага краю і высокія паказчыкі ў працы ў 2025 годзе ганаровага звання “Чалавек года Віцебшчыны” ўдастоены 53 прадстаўнікі розных сфер дзейнасці рэгіёна. Сярод іх інжынер-механік ААТ “Таргуны” Докшыцкага раёна Аляксандр Маскалёнак – узнагароду яму ўручыў старшыня аблвыканкама Аляксандр Рагожнік.
Радасць падзеі з лаўрэатам раздзялілі старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Абірала, старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Анатолій Сіўко, а таксама дэлегацыя Докшыцкага раёна.
За званнем “Чалавек года” стаіць не разавы трыумф, не вокамгненны ўзлёт – за ім добрасумленная праца, высокі прафесіяналізм і аўтарытэт, якія набываюцца дзесяцігоддзямі. Вось і Аляксандр Маскалёнак, стаж работы якога ў галіне сельскай гаспадаркі складае пятнаццаць гадоў, да свайго поспеху рухаўся не сямімільнымі скачкамі, а паступова, крок за крокам. Працавітасць, адказнасць, патрабавальнасць да сябе, памножаныя на любоў да прафесіі, да тэхнікі, павагу да старэйшых калег, у якіх пераймаў вопыт, далі чаканыя вынікі.
Штогод у гарачую пару пасяўной і жніва Аляксандр, не вызваляючы сябе ад абавязкаў інжынера-механіка, садзіцца за руль у якасці вадзіцеля аўтамабіля або трактарыста-машыніста, працуе старанна і самааддана. Неаднаразова станавіўся пераможцам раённых спаборніцтваў сярод маладых вадзіцеляў, а ў 2024 годзе, пасля таго як на трактары Fendt 936 з прычэпам Fliegl перавёз ад камбайнаў 7990 тон збожжавых, зернебабовых і рапсу, стаў у гэтай намінацыі пераможцам ужо абласных спаборніцтваў, прымаў удзел у “Дажынках”. У лістападзе гэтага ж года Аляксандру Пятровічу ўручана Падзяка міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.
Высока ўзнятую планку малады вадзіцель не апусціў і ў мінулым годзе – зноў стаў пераможцам у вобласці.
– На мерапрыемствах такога высокага ўзроўню, як абласныя “Дажынкі”, мне даводзілася быць, і гэта заўжды вельмі хвалююча, святочна і незабыўна. Цырымонія ўшанавання лаўрэатаў звання “Чалавек года Віцебшчыны – 2025” стала памятнай і хвалюючай у асаблівай ступені, – падзяліўся эмоцыямі пасля ўзнагароджвання Аляксандр Пятровіч. – Дакладна разумею, што быць чалавекам года – гэта не толькі вялікі гонар, але і яшчэ больш вялікая адказнасць. Трымаць планку дасягненняў, працаваць так, каб, што называецца, не зганьбіць гонар мундзіра, – вось якая задача зараз стаіць перада мной. А яшчэ хачу абавязкова адзначыць, што я не атрымаў бы гэта высокае званне без майго працоўнага калектыву, дзе рос прафесійна і набіраўся вопыту (а вучыцца мне было і ёсць у каго), а таксама без даверу і падтрымкі кіраўніцтва раёна і майго роднага сельгаспрадпрыемства. Гэта наш агульны гонар і агульная перамога.
Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота з адкрытых крыніц.
