В КУСХП «АгроСитцы» подготовка техники посевной кампании идет по графику
Для своечасовага і аператыўнага правядзення веснавых палявых работ, якія ўжо не за гарамі, ключавымі фактарамі з’яўляюцца высокая гатоўнасць машынна-трактарнага парка і дастатковасць людскіх рэсурсаў. У КУСГП “АграСітцы”, як мы змаглі ўпэўніцца падчас чарговага візіту, памяшканні рамонтных майстэрняў падрыхтаваны да зімовага перыяду. Інжынернай службай праведзена дэфектоўка сельгастэхнікі, распрацаваны і зацверджаны графік рамонту.
Ці ўдаецца яго прытрымлівацца і над чым працуе зараз механізатарскі і слесарскі састаў мехмайстэрні? З гэтымі пытаннямі звярнуліся да галоўнага інжынера гаспадаркі Генадзя Гараніна.
– Перад сельгаспрадпрыемствамі стаіць задача падрыхтаваць тэхніку, якая будзе задзейнічана ў вясенняй пасяўной кампаніі, да 1 сакавіка. Ці зможам мы вывесці на лінейку гатоўнасці ўсе трактары і агрэгаты да гэтага дня, сказаць пакуль складана па той прычыне, што ёсць пэўныя моманты, не залежныя ад нашых намаганняў, – адзначыў Генадзь Вікенцьевіч. – Разам з тым не было яшчэ такога, каб мы не пачалі апрацоўваць глебу і сеяць своечасова. Усе складанасці вырашаем паступальна, арыентуючыся на першачарговасць задач.
У гаспадарцы маюцца тры пасяўныя агрэгаты, да рамонту двух ужо прыступілі. Закуплены запчасткі для тэхнікі, прызначанай для апрацоўкі глебы, – культыватараў, плугоў на суму дваццаць дзве з паловай тысячы рублёў, а гэта значыць, тэхніка будзе падрыхтавана належным чынам. За кошт раённага бюджэту закуплены шыны. З сямі энерганасычаных трактароў сур’ёзнага рамонту патрабуе адзін – рухавік яго зараз і знаходзіцца на маторарамонтным заводзе. У рамонце таксама тры маторы Д-243, здымаецца рухавік з аднаго МТЗ-1221, зноў-такі для адпраўкі на завод.
Так, фронт рамонтных работ немалы, але ж тут трэба ўлічваць тэрміны эксплуатацыі тэхнікі – машынна-трактарны парк сельгаспрадпрыемства патрабуе ўжо даволі значнага абнаўлення. Ну а пакуль сітцаўскія працаўнікі палёў змагаюцца ў бітве за ўраджай з дапамогай таго, што маецца ў наяўнасці, і вынікі іх намаганняў дастойныя.
Алена Несцяронак.
Фота Вячаслава Чарвінскага.

